Антацэротавыя імхі
Антацэротавыя імхі (Anthocerotophyta) — аддзел мохападобных раслін.
Антацэротавыя імхі | ||||||||||
Феацэрас гладкі (Phaeoceros laevis) | ||||||||||
Навуковая класіфікацыя | ||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
прамежныя рангі
| ||||||||||
Міжнародная навуковая назва | ||||||||||
Anthocerotophyta Stotler et Stotl.-Crand. | ||||||||||
Сінонімы | ||||||||||
Антацэратапсіды (Anthocerotopsida)
| ||||||||||
|
Апісанне
правіцьСтаражытная група прымітыўных вышэйшых раслін, якія, магчыма, існуюць з верхняга палеазою. Спалучае асобныя прыкметы пячоначнікаў, імхоў, сасудзістых раслін і водарасцей. Лічыцца прамежкавым звяном паміж астатнімі мохападобнымі і сасудзістымі раслінамі.
Рысамі прымітыўнай арганізацыі антацэротавых з’яўляюцца пласціністыя таломы (гаметафіт) большай часткай разеткападобнай формы (даўжыня 1-3 см), клеткі якіх маюць пласціністыя хларапласты з піраноідамі, як у водарасцей. Слаявіна (талом) фотасінтэзуючая, цёмна-зелёная, шматразова вілавата галінуецца, сцелецца па грунце. На ніжнім боку талома развіты аднаклетачныя рызоіды і вусцейкі (тыповыя для вышэйшых раслін). У падвусцейкавых поласцях пасяляюцца цыанабактэрыі. На верхнім боку талома развіваюцца органы палавога размнажэння: жаночыя (архегоніі) напалову пагружаны ў тканку гаметафіта, мужчынскія (антэрыдыі) размешчаны ў спецыяльных камерах.
Спарафіт у антацэротавых добра развіты, мае выгляд доўгай вузкай каробачкі, заглыбленай у гаметафіт ступні і мерыстэматычнага слою паміж імі. Шматлікія шчацінападобныя, злёгку загнутыя дыплоідныя спарафіты вырастаюць на верхнім боку слаявіны. Унутры каробачкі ўтвараюцца споры і шматлікія ніткападобныя элатэры (раскідваюць спелыя споры з каробачкі). Каробачка адкрываецца зверху ўніз дзвюма створкамі.
Пашырэнне
правіцьАддзел уключае сямействы антацэротавых (Anthocerotaceae), натаціласавых (Notothyladaceae) і інш. Пашыраны ў трапічных і ва ўмераных цёплых краінах. Першапасяленцы вільготных аголеных глебаў; у тропіках растуць на галінках, лісці і адмерлых раслінах. На Беларусі сустракаецца адзінае сямейства антацэротавых з 2 родамі — антацэрас (Anthoceros) і феацэрас (Phaeoceros).
Многія віды размнажаюцца вегетатыўна асаблівымі вырастамі слаявіны. Іншыя належаць да адналетнікаў, іх слаявіна разбураецца пасля выспявання і рассейвання спор.
Зноскі
Літаратура
правіць- Рыкоўскі Г. Ф. Антацэротавыя імхі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
- Сапегін Л. Батаніка. Сістэматыка вышэйшых раслін: вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па біялагічных спецыяльнасцях. — Гомель: ГДУ, 2012. — 337 с. ISBN 978-985-439-644-6
Спасылкі
правіць- Большая российская энциклопедия Архівавана 11 жніўня 2019. (руск.)