Археалагічныя даследаванні ў Гнесічах і Лаўрышаве

Археалагічныя даследаванні ў Гнесічах і Лаўрышаве — навуковыя археалагічныя абследаванні і раскопкі, якія вядуцца перыядычна з 1971 года для выяўлення і вывучэння першапачатковага селішча Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра і іншых помнікаў археалогіі ў вёсках Гнесічы і Лаўрышава і іх ваколіцах у Шчорсаўскі сельсавеце Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.

Мясцовасць у Лаўрышаве, дзе вяліся раскопкі. Свята-Успенская царква, пабудавана каля 1775 года як манастырская.
Войшалк засноўвае манастыр. Мініяцюра з Астэрманаўскага І-га тому Ліцавога летапіснага зводу, XVI ст. Бібліятэка Расійскай акадэміі навук, Санкт-Пецярбург.

Паводле Галіцка-Валынскага летапісу, каля 1260 года сын першага вялікага князя літоўскага Міндоўга — Войшалк (вялікі князь у 1264—1267), заснаваў манастыр «на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам, і там жыў»[1]. Паводле царкоўнага падання, манастыр быў заснаваны ў сярэдзіне XIII ст. прападобным ігуменам Елісеем. Лаўрышаўскі манастыр быў адным з важнейшых духоўных цэнтраў беларускіх зямель з часу ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага.

Інвентарны вопіс манастыра, 1601 год. Фрагмент тытульнага аркуша. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

Месцазнаходжанне манастыра з XVI ст. вядома па дакументах. Ён размяшчаўся ў Лаўрышаве, каля ракі Валоўкі (левага прытоку Нёмана). Каля 1775 года ў манастыры пабудавана Свята-Успенская царква, якая захавалася да цяперашняга часу. У 1836 годзе манастыр закрыты, у 1913—1915 гадах і ў 2007 годзе адноўлены каля суседняй вёскі Гнесічы. Разам з тым, народнае паданне звязвае заснаванне манастыра ў XIII ст. з мясцовасцю каля Гнесіч[2].

Першае абследаванне каля Гнесіч правёў Міхась Ткачоў у 1971 годзе, ён выявіў стаянку каменнага веку, а ў 1988 годзе Аляксандр Кушнярэвіч знайшоў падмуркі манастырскай царквы пачатку XX ст.

Археалагічныя абследаванні ў Лаўрышаве пачаў у 1990 годзе Аляксандр Краўцэвіч, ён зрабіў выснову: «На падставе здабытага падчас раскопак археалагічнага матэрыялу можна сцвярджаць, што мы знайшлі культурны слой Лаўрышаўскага манастыра […]. Нельга выключаць верагоднасць таго, што старажытны Лаўрышаўскі манастыр з самага пачатку знаходзіўся на гэтым месцы […]. Такому меркаванню спрыяюць знаходкі XIV—XV стст.[3]»

Археалагічная экспедыцыя ў Лаўрышаве, 2015 год. Праца на раскопе.

У 2011—2016 гадах раскопкі ў тым самым месцы праводзілі Лаўрышаўскія археалагічныя экспедыцыі, якія складаліся з добраахвотнікаў пад навуковым кіраўніцтвам Сяргея Рассадзіна. Па выніках даследаванняў Рассадзін зрабіў выснову, што манастыр дзейнічаў на гэтым месцы з часу заснавання ў XIII ст.[4]

Зноскі

  1. Беларускім пераклад паводле: Краўцэвіч, А. К. Войшалк (1264—1267 г.). Інтэлігент на троне // pawet.net [Электронны рэсурс] — 2008. — 27 чэрвеня. — Дата доступу: 13.11.2015.
  2. Котельников, А. К вопросу о локализации Лавришевского монастыря Архівавана 27 жніўня 2016. / А. Котельников // minds.by [Электронны рэсурс] — Жировичи. — Дата доступу: 30.10.2015. (руск.)
  3. Краўцэвіч 1996.
  4. Пракопчык, Б. Загадкі лаўрышаўскага манастыра // Звязда. — 2015. — 4 жніўня. — Дата доступу праз інтэрнет: 13.11.2015.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць