Арцём Сяргеевіч Дубскі

Арцём Сяргеевіч Дубскі (нар. 1 кастрычніка 1987, Асіповічы, Беларусь) — кіраўнік асіповіцкай філіі «Маладога фронта», вязень сумлення[1], беларускі палітвязень.

Арцём Сяргеевіч Дубскі
Дата нараджэння 1 кастрычніка 1987(1987-10-01) (36 гадоў)
Месца нараджэння
Член у
Узнагароды і прэміі

З 2011 года жыў у Польшчы. З 2022 года ён неаднаразова прыцягваў увагу сваімі ўкраінафобскімі выказваннямі[2]. Пасля таго як завялі крымінальную справу — за публічную абразу ўкраінскіх уцекачоў — выехаў за межы Еўрасаюза[3].

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 1 кастрычніка 1987 г. у Асіповічах Магілёўскай вобласці. Вучыўся ў сярэдняй школе, пасля скончыў асіповіцкі прафесійны ліцэй па спецыяльнасці бухгалтаравед. Далучыўся да «Маладога Фронта» ў студзені 2006 г.

У студзені 2008 г. арыштаваны на 15 сутак за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў, якая прайшла ў цэнтры Мінска 10 студзеня 2008 г. За ўдзел у гэтай акцыі было прад’яўлена абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК РБ — «арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Статус падазраванага, а пасля і абвінавачанага, па дадзенай крымінальнай справе атрымалі 14 моладзевых актывістаў: Міхась Пашкевіч, Таццяна Цішкевіч, Міхась Субач, Алесь Чарнышоў, Алесь Стральцоў, Павел Вінаградаў, Аляксей Бондар, Аляксандр Баразенка, Максім Дашук, Уладзімір Сяргееў, Міхась Крываў, Антон Койпіш і Андрэй Кім. Большасць гэтых актывістаў былі прыцягнутыя да адміністрацыйнага арышту тэрмінам да 15 сутак за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў, а Таццяна Цішкевіч правяла за кратамі ажно 20 сутак. У грамадстве крымінальная справа атрымала назву «працэс 14-ці» (альбо «справа 14-ці») і расцягнулася амаль на год.

22 красавіка 2009 г. суд Цэнтральнага раёна Мінска (суддзя — Алена Ільіна) прызнала Дубскага вінаватым у здзяйсненні крымінальнага злачынства па ч. 1 арт. 342 КК РБ і вынесла пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу.

У траўні 2009 г. Міжнародная амністыя абвясціла вязнямі сумлення ўсіх асуджаных да абмежавання волі фігурантаў «працэса 14-ці», у тым ліку і Дубскага.[4]

У кастрычніку 2008 г. А. Дубскі з’ехаў ва Украіну ў выніку ўзбуджэння ў дачыненні да яго новай крымінальнай справы. На той момант яму было вынесена тры папярэджанні за парушэнне рэжыма адбыцця пакарання. Неўзабаве павінен быў адбыцца суд. Жыў у Жытоміры. Адразу звярнуўся да ўкраінскіх уладаў з просьбай даць палітычны прытулак, затым адклікаў просьбу.

13 лютага 2009 г. вярнуўся ў Беларусь, збіраўся ўдзельнічаць у акцыі Маладога Фронта 14 лютага на Дзень святога Валянціна. На беларуска-ўкраінскай мяжы беларускімі памежнікамі зняты з цягніка і адпраўлены ў следчы ізалятар у г. Асіповічы, па месцы жыхарства.[5] Новая крымінальная справа была ўзбуджаная паводле арт. 216 ч. 1 КК РБ (нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу) за нібыта карыстанне чужой сім-картай і нанясенне стратаў кампаніі А1. Падчас судовага працэсу 3 сакавіка 2009 г. адбылося прымірэнне бакоў, справа завяршылася штрафам. Нягледзячы на гэтыя абставіны, актывіста пакінулі за кратамі, абвінаваціўшы ўжо па арт. 415 КК РБ (ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі).[6]

15 красавіка 2009 г. Дубскага вызвалілі з Бабруйскага следчага ізалятара пад падпіску аб нявыездзе — да новага суда.

7 ліпеня 2009 г. суд Асіповіцкага раёна  (бел. (тар.)) (суддзя — Жана Шарабайка), прызначыў актывісту шэсць месяцаў у калоніі агульнага рэжыма па арт.415 КК РБ, а таксама узяў пад увагу, што ён не адбыў год абмежавання волі з папярэдняга прысуду 2008 г. Суддзя змяніла пакаранне з абмежавання волі на ўтрыманне ў калоніі як два дні за адзін дзень. Такім чынам ён быў асуджаны на год пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыма. Адразу пасля абвяшчэння прысуду Дубскі быў узяты пад варту і 13 ліпеня 2009 г. змешчаны ў бабруйскі СІЗА.[7] 20 ліпеня 2009 г. ў знак пратэсту супраць жорсткага абыходжання абвясціў галадоўку, спыніў яе праз тры дні, калі адносіны адміністрацыі змяніліся да лепшага.

Судовая калегія Магілёўскага абласнога суда 20 жніўня 2009 г. не задаволіла касацыйную скаргу Дубскага, падрыхтаваную адвакатам Тамараю Сідарэнка.[8] З 28 жніўня 2009 г. адбываў пакаранне ў калоніі № 19 г. Магілёва. За час знаходджання ў калоніі Дубскаму было вынесена шэсць папярэджанняў.

20 студзеня 2010 г. «Human Rights Watch» прызнала Дубскага разам з Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімірам Асіпенка і Юрыем Лявонавым палітвязнямі.[9]

25 мая 2010 г. выйшаў на волю.[10]

У лістападзе 2010 г. ў Жытоміры ва Украіне, у кватэру, дзе Дубскі пражываў разам з уцекачом з Беларусі, грамадскім актывістам Ігарам Коктышам[11] і ягонай жонкаю, уварваліся супрацоўнікі міліцыі, паведамілі, што шукаюць наркотыкі і зброю. Усіх затрымалі на трое сутак, затым выпусцілі без прад’яўлення абвінавачвання. Дубскі разам з прадстаўнікамі Міжнароднай Амністыі звяртаўся да рэгіянальнага прадстаўніка Упраўлення вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў ва Украіне. Прасіў аб міжнароднай абароне ад украінскіх і беларускіх сілавікоў.[12]

З 2011 года жыве ў Польшчы. Быў адным з арганізатараў дзён беларускай культуры ва Уроцлаве.[13]

У кастрычніку 2013 г. стала вядома, што знаходзіцца ў Беларусі ў вышуку. За што невядома, бо не пражывае на тэрыторыі Беларусі.[14]

У снежні 2022 года было абвешчана, што Дубскага будуць судзіць у Польшчы за публічную абразу групы асоб па прыкмеце іх нацыянальнасці. Ён неаднаразова публічна абражаў украінскіх бежанцаў, вітаў Пуціна і вайну супраць Украіны.[15] Пра свой час у «Маладым Фронце» ён распавёў:[2]

  «Малады фронт» — гэта не прысуд на ўсё жыццё і не дыягназ. Гэта быў яскравы перыяд у маім жыцці. Калі я быў у МФ, то гэта не значыць, што я ўсё жыццё буду крычаць «Бог. Гонар. Айчына». Чалавек жа развіваецца. Так і я.  

У інтэрв’ю Белта Дубскі растлумачыў, што пакінуў ЕЗ[3].

Узнагароды і прэміі правіць

Зноскі

  1. Што азначае прызнаньне беларускіх удзельнікаў «працэсу 14» вязьнямі сумленьня?
  2. а б Былога маладафронтаўца ў Варшаве вінавацяць у працы на Расію. Сам ён сцвярджае, што «выказвае меркаванне»
  3. а б Дубскі даў інтэрв’ю прапагандыстам: Лукашэнка не такі і кепскі, а брат сядзіць, бо «мазгі з языком сувязь не знайшлі»
  4. Што азначае прызнаньне беларускіх удзельнікаў «працэсу 14» вязьнямі сумленьня?
  5. Затрыманы Арцём Дубскі
  6. Фигуранту «дела четырнадцати» официально предъявлено обвинение Архівавана 20 чэрвеня 2009.
  7. Молодофронтовец Артем Дубский приговорен к году лишения свободы в колонии общего режима Архівавана 9 верасня 2009.
  8. Дубскі застаецца за кратамі
  9. «Human Rights Watch» прызнала новых палітвязьняў у Беларусі
  10. Артем Дубский вышел на свободу
  11. Коктыш пра затрыманьне Інтэрполам: «Прымусілі зьняць нават майткі»
  12. Арцём Дубскі і Ігар Коктыш зьвярнуліся ў ААН па абарону.
  13. Бывший политзаключенный Дубский объявлен в розыск(недаступная спасылка)
  14. Бывший политзаключенный Артем Дубский объявлен в розыск Архівавана 24 чэрвеня 2017.
  15. Беларуса Арцёма Дубскага будуць судзіць у Польшчы
  16. Вызначаны ляўрэаты Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека
  17. Прэмію «Люблю Беларусь» нарэшце ўручылі ляўрэатам . Радыё Свабода (20 лютага 2010). Архівавана з першакрыніцы 20 сакавіка 2021. Праверана 20 сакавіка 2021.

Літаратура правіць

  • Palitviazni.info — 2013. — С.85-86
  • Палітвязьні — Менск. 2009. — С. 17-27, 107—113, 146—194.
  • Еднасць абаронцаў волі — Мінск. 2016. — С.42
  • Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі — Менск. 2010. — С.78-79

Спасылкі правіць