Асманская Македонія

Асманская Вардарская Македонія, у гістарыяграфіі сучаснай Рэспублікі Македоніі Асманская Македонія (макед.: Отоманска Македонија) — перыяд гісторыі сучаснай Паўночнай Македоніі, падчас якога яе тэрыторыя знаходзілася пад уладай Асманскай імперыі.

Перадгісторыя правіць

У той час, калі ў Анатоліі пачала зараджацца дзяржава асманаў, тэрыторыя сучаснай Паўночнай Македоніі знаходзілася пад уладай сербаў і візантыйцаў. Найбольшая экспансія сербскай дзяржавы адбылася пры Стэфане Душане, які ў 1334 годзе пашырыў сербскую ўладу на тэрыторыі сучасных Паўночнай Македоніі і Албаніі, аднак пасля яго смерці ў 1355 годзе пачаліся звады, і тэрыторыя сучаснай Паўночнай Македоніі апынулася падзеленай на вобласці, што кантраліваліся незалежнымі феадаламі. Да 1365 года склаліся дзве моцныя незалежныя сербскія дзяржавы, што ўзначальваліся двума братамі: Углеш прыняў тытул «дэспата», сталіца яго ўладанняў знаходзілася ў грэцкім Серэ, а Вукашын абвясціў сябе каралём, сталіцай яго ўладанняў быў Прылеп. У 1370 годзе сын Вукашына, вядомы як Кралевіч Марка, стаў суўладцам бацькі.

Усталяванне асманскай улады правіць

У 1371 годзе Углеш і Вукашын палі ў бітве на Марыцы. Успадкавалы трон Прылепскага каралеўства Марка прызнаў сябе васалам асманаў. Пасля смерці Марка ў 1395 годзе каралеўства было анексавана, і на яго тэрыторыі быў утвораны Охрыдскі санджак. Трохі раней, у 1392 годзе, быў утвораны Скопскі санджак. Паўднёва-заходняй частка тэрыторыі сучаснай Паўночнай Македоніі ўваходзіла ў склад Візантыі, ёю кіраваў з Салонік Мануіл II Палеалог (сын імператара Іаана V Палеалога).

Паўночна-усходняй часткай тэрыторыі сучаснай Паўночнай Македоніі кіраваў Канстанцін Дэянавіч, які пасля бітвы на Марыцы таксама быў змушаны прызнаць асманскі сюзерэнітэт. У 1395 годзе яму давялося браць удзел у асманскай кампаніі ў Валахіі, дзе ён загінуў у бітве пры Ровіне. Пасля смерці Канстанціна Дэянавіча яго ўладанні таксама былі анексаваны асманамі.

Гісторыя Асманскай Македоніі правіць

XV—XVI стагоддзі правіць

Пасля Ангорскай бітвы на тэрыторыі сучаснай Паўночнай Македоніі здарылася тры паўстанні: у 1409—1413 гадах паўстаў Мустафа Чэлебі (сын султана Баязіда, які прэтэндаваў на асманскі прастол), потым у 1416 годзе гэтыя землі сталі арэнай Паўстанні Бедрэдзіна Сімаві, а ў 1416—1432 гадах тут бушавала паўстанне Дузме Мустафы. Хоць гэтыя паўстанні і насілі ўнутрыасманскі характар, у іх брала ўдзел і хрысціянскае насельніцтва Македоніі.

Падчас паўстання Скандэрбега праз тэрыторыю сучаснай Паўночнай Македоніі прайшло велізарнае асманскае войска, што апустошыла землі па шляху да Дэбара.

У XVI стагоддзі адбыліся некалькі паўстанняў, выкліканых надмернымі паборамі, але яны былі жорстка падаўлены. Асноўнай формай супраціву асманскаму валадарству стаў сыход у гайдукі.

XVII стагоддзе правіць

Пасля паразы туркаў пад Венай у 1683 годзе пачалося наступленне антытурэцкай Свяшчэннай лігі. У 1689 годзе аўстрыйскія войскі дайшлі да Скоп’я, і горад быў спалены[mk], аднак генерал Сільвіа Пікаламіні памёр ад чумы, а яго войскі былі адкінуты туркамі на поўнач.

XVIII стагоддзе правіць

Падрэзанае Охрыдскае архібіскупства, што знаходзілася пераважна ў межах тэрыторыі сённяшняй Паўночнай Македоніі, у XVIII стагоддзі стала цэнтрам зараджэння балгарскага нацыянальнага руху. Аднак, да гэтага часу кіруючыя пасты ў ёй былі большай часткі трывала заняты грэкамі-фанарыётамі, прыхільнікамі грэцкіх нацыянальных ці імперскіх рэстаўрацыйных ідэй. Да сярэдзіны стагоддзя становішча архібіскупства было даволі цяжкім, велікі былі яе абавязкі. Канстанцінопальскі Патрыярх змог пераканаць султана, што незалежныя цэрквы сярод славянаў шкодныя і небяспечныя, ды яшчэ і неплацежаздольныя. У студзеня 1767 года турэцкі султан адняў дыяцэзію ў архібіскупства і перадаў яго Канстанцінопальскаму патрыярхату. 17 мая 1767 года архібіскуп Арсеній II падпісаў акт пра сваю адстаўку, што азначала канец аўтакефаліі.

XIX стагоддзе правіць

У 1843 годзе ў якасці рэакцыі на рэформы Танзімата пачалося паўстанне албанскага насельніцтва Македоніі[mk], якое ахапіла Скоп’е, Цетава і Прышціну. У 1844 годзе паўстанне было цалкам падаўлена.

У другой палове XIX стагоддзя адбыліся паўстанні славянскага (у балгарскай гістарыяграфіі — балгарскага) насельніцтва Македоніі — Разлоўскае паўстанне, Куманаўскае паўстанне[mk] і Красненска-Разложскае паўстанне. Яны таксама былі падаўлены асманскімі ўладамі.

УМОРА правіць

23 кастрычніка 1893 года была створана балгарская рэвалюцыйная Унутраная македонска-одрынская рэвалюцыйная арганізацыя, якая паставіла сваёй мэтай узброенае змаганне за вызваленне Македоніі і Усходняй Фракіі ад Асманскай імперыі. У гарадах і селах Македоніі была створана сетка нелегальных камітэтаў і кружкоў. Узброеныя атрады УМОРА правялі ў 1898—1903 гадах каля 130 бітваў з турэцкімі карнікамі.

XX стагоддзе правіць

Пасля стварэння Балгарскага княства Македонія стала галоўнай мэтай яго вонкавай палітыкі: Балгарыя імкнулася атрымаць тыя тэрыторыі, якія былі ёй абяцаны па Сан-Стэфанскаму міру. Апроч Балгарыі, на паўднёвую частку Асманскай Македоніі, якая мела кампактнае грэчаскае насельніцтва і прадстаўляла сабой тэрыторыю ўласна Гістарычную Македонію, прэтэндавала Грэцыя. На паўночную частку Асманскай Македоніі прэтэндавала таксама Сербія.

У 1903 годзе адбылося Іліндэнскае паўстанне, у выніку якога была ўтворана Крушаўская рэспубліка, аднак паўстанне было жорстка падаўлена асманскімі ўладамі. Младатурэцкая рэвалюцыя была падтрымана і хрысціянскімі жыхарамі Македоніі (у прыватнасці, на бок новых улад перайшоў такі бачны дзеяч УМОРА, як Яне Санданскі). У выніку Балканскіх войн Асманская імперыя пазбавілася Македоніі, тэрыторыя якой была падзелена паміж Сербіяй, Балгарыяй і Грэцыяй. Тэрыторыя атрыманая Сербіяй, атрымала назву Вардарска Банавіна і ўяўляе сабою тэрыторыю сённяшняй Паўночнай Македоніі.