Ачолі
Ачолі (саманазва Acoli) — афрыканскі народ. Жывуць на поўначы Уганды і на поўдні Паўднёвага Судана. Агульная колькасць (2021 г.) — 1 967 000 чалавек[1].
Ачолі (Acoli) | |
Агульная колькасць | 1967000 (2021 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Уганда — 1912000 Паўднёвы Судан — 55000 |
Мова | ачолі |
Рэлігія | анімізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | шылук, лува, ануак, луа, ланга |
Гісторыя
правіцьНайбольш распаўсюджана версія, паводле якой продкі ачолі мігрыравалі на тэрыторыі сучаснага рассялення з захаду Паўднёвага Судана ў перыяд позняга сярэднявечча або нават пазней. Тым не меней, сярод нілотаў Кеніі і Паўночнага Судана існуюць паданні пра тое, што яны паходзяць ад ачолі, а не наадварот. У XVII — XIX стст. ачолі стварылі 60 дробных палітычных утварэнняў руодзі на чале з правадырамі руот. Суданскія арабы называлі іх шулі. Гэтая назва трансфармавалася ў ачолі. Спробы арабаў і нубійцаў усталяваць сваё панаванне садзейнічалі саюзным адносінам руодзі з брытанцамі і падтрымцы распаўсюджанню хрысціянства.
У 1894 г. землі ачолі былі фактычна падзелены паміж Суданам і Угандай, што ў сваю чаргу фактычна з’яўляліся каланіяльнымі ўтварэннямі. Брытанцы не развівалі тут камерцыйныя галіны эканомікі, таму ачолі пераязджалі на поўдзень, каб наймацца падзёншчыкамі, або папаўнялі каланіяльныя войскі. Ваенныя ачолі прымалі актыўны ўдзел у II сусветнай вайне, змагаліся супраць японскіх войск у Паўднёва-Усходняй Азіі. Пасля набыцця незалежнасці Уганды яны займалі пасады вышэйшых армейскіх афіцэраў.
Прыход да ўлады ў 1971 г. Ідзі Аміна прывёў да рэпрэсій супраць прадстаўнікоў гэтага народа. Многія ачолі прымалі актыўны ўдзел у звяржэнні дыктатара. У 1985 г. армейская брыгада, у склад якой уваходзілі пераважна ачолі, здзейсніла дзяржаўны пераварот. У 1986 г. да ўлады прыйшоў Ёверы Мусевені, і ваенныя ачолі апынуліся ў апазіцыі. На тэрыторыях ачолі была разгорнута ўзброеная барацьба, што працягваецца і ў нашы дні як пад палітычнымі, так і пад рэлігійнымі лозунгамі.
Культура
правіцьГалоўным заняткам ачолі з’яўляецца сельская гаспадарка. Яны здаўна вырошчваюць проса, сорга, бабовыя, клубневыя культуры, у нашы дні шырока распаўсюджаны кукуруза, кунжут, бавоўнік. На засушлівых землях распаўсюджана адгонная жывёлагадоўля. Звычайна трымаюць коз і авечак, аднак з культурнага пункту гледжання найважнейшую ролю адыгрывае трыманне кароў, паколькі гэтыя жывёлы лічацца сімвалам дабрабыту, ужываюцца для абмену і падарункаў. У мінулым крадзеж кароў быў асноўнай прычынай ваенных сутычак з суседзямі. Ачолі здаўна здабываюць і апрацоўваюць жалеза. Металургія — адзінае рамяство, што ўжо да каланіяльнага перыяду вылучылася як пэўная спецыялізацыя. Неспецыялізаваныя рамёствы: выраб керамікі і пляценне.
Традыцыйнае паселішча — вёска, занятая прадстаўнікамі аднаго рода і схаваная за агароджай. Круглявыя хаціны будуюць з сумесі гліны з гноем, крыюць саломай. З апошніх дзесяцігоддзяў XX ст. міграцыя ў гарады і прымусовае перасяленне прывялі да заняпаду традыцыйных паселішчаў, аднак ачолі працягваюць сяліцца родамі і будаваць звыклыя хаціны.
Аснова грамадства — родавая арганізацыя кака, што складаецца з чальцоў, якія маюць адзінага продка. Яна можа налічваць ад некалькі сотняў да дзясяткаў тысяч чалавек. Кака валодае пэўнымі землямі і кіруецца правадыром. Калі чальцы кака насяляюць некалькі вёсак, то ў іх выбіраюцца старэйшыны. У нашы дні бежанства і прымусовае перасяленне прывялі да таго, што прадстаўнікі родаў вымушаны жыць на іншых тэрыторыях, але захоўваюць правы на ранейшае месца пасялення. У мінулым была магчыма міграцыя чальцоў роду па-за яго межы. Такім чынам ствараліся самастойныя кака. Яны разглядаліся як братэрскія ў адносінах да папярэдняй. Частка ачолі, што перасялілася ў Кенію, далучылася да народа луа. Хаця ўлада правадыроў мела амаль сакральны характар, у 1967 г. ва Угандзе яна была фармальна адменена і прызнана дзяржавай толькі ў 1995 г.
Шлюбы знутры роду забаронены. Калісьці сватаўством займаліся старэйшыны, у перагаворах паміж родамі аб шлюбах чальцоў прымалі ўдзел старыя мужчыны і жанчыны. Род жаніха ўносіў пасаг за нявесту каровамі і іншай рухомай маёмасцю. У наш час таксама прымаюцца грошы. Пад уплывам хрысціянства пасаг разам з нявестай часта вяртаецца ў род жаніха і далей выкарыстоўваецца маладой сям’ёй. Большасць сямей малыя нуклеарныя. Прынята мець шмат дзяцей. Бяздетнасць прыводзіць да абвінавачвання жанчыны і можа стаць падставай для развода.
Мова
правіцьМова ачолі належыць да нілоцкай сям’і моў, вельмі блізкая да мовы луа.
Рэлігія
правіцьСтаражытныя вераванні ачолі прызнавалі існаванне шматлікіх духаў джогі, якія маглі быць прадстаўлены добрымі духамі продкаў і правадыроў, а таксама небяспечнымі духамі дзікіх звяроў і незнаёмых людзей. Хваробы разглядаліся як апантанасць злымі джогі. Рэлігійныя абрады арганізоўваліся старэйшынамі. Значны ўплыў мелі традыцыйныя лекары, вешчуны і чараўнікі.
З канца XIX ст. пачалася хрысціянізацыя ачолі. У выніку большасць вернікаў далучыліся да пратэстанцкіх і каталіцкай канфесій. Аднак перажыткі старых вераванняў захаваліся і паўплывалі на папулярнасць хрысціянскіх культаў па выгнанню злых духаў або апантанасці святым духам. Сярод ачолі сфарміраваліся секты, што заснаваны на дзейнасці пэўных прарокаў. Некаторыя з іх выступаюць супраць дзяржаўных інстытутаў і іншаверцаў.
Зноскі
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ачолі
- Acholi
- Acholi People and their Culture Архівавана 1 лютага 2021.
- Acholi — Minority Rights Group