Аўген Бартуль

беларускі паэт

Аўген Бартуль (26 лютага 1908, Пецярбург — 22 чэрвеня 1992, Лембарк, Польшча[1]; Псеўданімы: магчыма, А. Бужанскі) — беларускі паэт і нацыянальны дзеяч, юрыст.

Аўген Бартуль
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 26 лютага 1908(1908-02-26)
Месца нараджэння
Дата смерці 22 чэрвеня 1992(1992-06-22) (84 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся ў 1908 годзе ў Пецярбургу. Бацька — Данат — паходзіў з Русакова ў Прыдзвінні. У Пецярбургу пазнаў немку — Юлію Матыльду Людвіку Бонфэльд, дачку аптэкара. Яна была лютэранскага веравызнання, таму шлюб з Данатам Бартулем узяла 28 красавіка 1907 года ў лютэранскай кірсе св. Пятра ў Пецярбургу. Там быў таксама ахрышчаны іх першынец Аўген. Пазней Данат Бартуль з сям’ёй вярнуўся на радзіму — у Русакова. Аўгена яшчэ раз ахрысцілі ў рыма-каталіцкім касцёле ў Прыдруйску.

Пасля І Сусветнай вайны мясцовасць апынулася ў межах Латвіі. Латышскія ўлады першапачаткова спрыялі беларусам, у Дынабурзе (раней Дзвінску) з ініцыятывы беларускіх дзеячаў заснавалася Дзяржаўная беларуская гімназія. У яе у 1922 годзе бацькі А. Бартуля паслалі вучыцца сына. У 1925 годзе, будучы вучнем гімназіі, ён пачаў пісаць вершы на беларускай мове. Быў у складзе рэдакцыі выдаванага там часопіса «Школьная праца», дзейнічаў у скаўтынгу.

 
Рада Беларускага студэнцкага саюза ў Вільні. Трэці злева Аўген Бартуль, 1932

Вышэйшую адукацыю атрымаў у міжваеннай Польшчы. Пасля году навукі хіміі, Аўген Бартуль быў прыняты на факультэт права і грамадскіх навук Віленскага ўніверсітэта 12 кастрычніка 1927 года. Страціў бацькоў і знаходзіўся пад апекай іншых родзічаў. 30 чэрвеня 1931 года стаў магістрам права.

Быў сябрам Беларускага студэнцкага саюза, у Раду якога быў абраны ў 1927 годзе. Пасля заснаванная студэнцкай арганізацыі «Скарынія» ў 1931 годзе стаў сакратаром праўлення.

Друкаваўся з 1925 года. З вершамі, апавяданнямі і крытычнымі артыкуламі выступаў у шматлікіх калектыўных зборніках, альманахах Заходняй Беларусі, у часопісах «Шлях моладзі» і «Калоссе». Пераклаў на беларускую мову «Gaudeamus». На думку Уладзіміра Калесніка, Бартуль падпісваў свае крытычныя і публіцыстычныя артыкулы у 1930-я гады псеўданімам А. Бужанскі, аднак з гэтай думкай нязгодны Максім Танк[2].

Аўген Бартуль як студэнт Віленскага універсітэта меў расійскае грамадзянства. 29 верасня 1931 года ён склаў прашэнне ў Віленскае гродскае стараства, каб пазбавіцца яго і атрымаць польскае грамадзянства. 15 кастрычніка 1931 года атрымаў акт прызнання грамадзянства, што адкрыла яму дарогу да кар’еры юрыста. 17 лютага 1932 rода старшыня Апеляцыйнага суда ў Вільні прызначыў яго няштатным суддзёй-стажорам (аплікантам) у Вільні. 15 лістапада быў ён перанесены на платны штат Акруговага суда ў Вільні (з 1 снежня 1932 г.), a пастановай ад 10 кастрычніка 1933 г. — у Акруговы суд у Пінску — у аддзел у Брэсце (з 1 лістапада 1933 г.). У днях 8-10 красавіка 1935 г. А. Бартуль здаў судовы экзамен перад Экзаменацыйнай камісіяй пры Апеляцыйным судзе ў Вільні. Пастановай старшыні Апеляцыйнага суда ў Вільні ад 16 мая 1935 г. А. Бартуль быў перанесены 1 чэрвеня на штат Акруговага суда ў Вільні — на становішча сакратара Гродскага суда ў Свянцянах. 19 мая 1936 г. Міністр юстыцыі паклікаў яго на судовага асэсара ў акрузе Апеляцыйнага суда ў Вільні. 3 чэрвеня 1936 г. ён стаў спаўняць абавязкі акруговага следчага суддзі ў Ашмяне, а 28 снежня 1936 г. — Гродскага суддзі ў Яшунах. Там таксама 12 студзеня 1937 г. быў прызначаны да кіравання Гродскім судом. 26 чэрвеня 1937 г. яму даручылі выкананне абавязкаў акруговага суддзі следчага ў Вільні. 29 ліпеня 1937 г. Прэзідэнт Польскай Рэспублікі прызначыў А. Бартуля суддзёй Гродскага суда ў Лунінцы, a 3 лютага 1938 г. старшыня Апеляцыйнага суда ў Вільні прызначыў яго на пасаду кіраўніка Гродскага суда ў Лунінцы.

Судовая аплікантура значна паменшыла актыўнасць А. Бартуля на беларускай і літаратурнай ніве, хаця надалей заставаўся ён у коле дзеячаў Цэнтрасаюза, якія ў 1932 г. заснавалі Таварыства беларускай асветы — 31 сакавіка 1935 г. стаў членам Рэвізійнай камісіі ў ім.

У канцы 1930-х гадоў кінуў пісаць. Акрамя таго, забараніў перадрукоўваць свае творы. З-за гэтага нават судзіўся. Максім Танк успамінаў у 1935 годзе:

«Каля „Бара Акацімскага“ ледзь не напароўся на Х. Ільяшэвіча і А. Бартуля — не так даўно яшчэ двух славутых паэтаў. Першы, стаўшы ценем Р. Астроўскага, п’е, спыніўшыся на нейкім раздарожжы паэзіі і непаэзіі, піша свае анемічныя, выхалашчаныя вершы; другі, як яго вусаты патрон, які, даехаўшы ў свой час на трамваі да прыпынку „Незалежнасць“, разьвітаўся з сацыялізмам, дабраўшыся да панскага карыта, разьвітаўся са сваім былым радыкалізмам і вершамі і зараз памагае пракурору пісаць акты абвінавачваньня супраць нас»[3]

Пачатак ІІ сусветнай вайны застаў А. Бартуля, праўдападобна, у Лунінцы. За працу ў польскіх органах улады яму пагражаў арышт, і ён перабраўся да сваякоў у Вільню, перададзеную Літве, працаваў там як рабочы.

У час нямецкай акупацыі жыве і працуе на Лідчыне, адкуль з пісьмовай просьбай звяртаецца да старшыні Віленскага беларускага камітэта Баляслава Грабінскага, каб той выслаў яму ліст-пацвярджэнне, што Бартуль з’яўляецца беларускім пісьменнікам. На што Грабінскі адпісаў: «Ці не запозна вы пра гэта ўспомнілі?..»[4]. Пасля меркавана знаходзіўся ў Кракаве і Варшаве, карыстаўся імем Зянона Вільчынскага, згадваў пра свой удзел у Варшаўскім паўстанні.

Пасля вайны яго прозвішча было ў спісе беларускіх нацыяналістаў, якіх шукалі органы дзяржаўнай бяспекі Польшчы. Тым часам А. Бартуль з верасня 1945 года жыў у Лембарку на Памор’і, быў там спачатку суддзёй, затым натарыусам, а таксама радным і грамадскім дзеячам. У 1951 годзе яго паклікалі на пасаду ў Дзяржаўным натарыяльным бюро ў Лембарку, А. Бартуль працаваў натарыусам амаль да канца свайго прафесійнага жыцця. Ён нікому не распавядаў пра сваю даваенную беларускую дзейнасць і творчасць.

У 1974 годзе А. Бартуль адышоў на пенсію, але працаваў як юрысконсульт у некалькіх установах у Лембарку. У пачатку 1980-ых гадоў быў вядомы як юрысконсульт, перакладчык рускай мовы, дзейнічаў на грамадскай ніве. Памёр у 1992 годзе.

Сям’я

правіць

23 кастрычніка 1934 года ў Бернардзінскім касцёле ў Вільні Аўген Бартуль ажаніўся з Ганнай Райчонак, народжанай 22 ліпеня 1906 года ў Паставах, яна была настаўніцай. Ганна Бартуль загінула ў выніку аўтамабільнай аварыі 12 снежня 1965 года. Шлюб быў бяздзетным.

22 ліпеня 1969 года ўзяў шлюб у рыма-каталіцкім касцеле ва Уладыславове з супрацоўніцай натарыяту Іалантай Садоўскай, народжанай 1 студзеня 1940 года ў Кобрыне. 26 студзеня 1970 года ў сям’і нарадзілася дачка Ганна, яна стала юрыстам.

Ацэнкі

правіць

Для дзеячаў БССР творчасць Аўгена Бартуля была чужой. У 1932 годзе Алесь Салагуб у ЛіМе напісаў, што Бартуль, разам з Арсенневай, Ільяшэвічам і Машарам «актыўныя аружжаносцы беларускай контррэвалюцыі ў літаратуры, сьпявакі беларускай „Пагоні“ — сымбалю беларускай буржуазнай дзяржаўнасьці, рэакцыйныя пісакі, паборнікі рэакцый і папоўшчыны — актыўныя ворагі Совецкай Беларусі». Наконт верша Бартуля пра старую вёску Салагуб пісаў: «<…> так ные па старой вёсцы Бартуль — гэты абнаглелы нацыяналфашыст, які „левай“ і „рэвалюцыйнай“ фразыолёгіяй хоча здабыць сябе званьня пралетарскага поэты, каб з большым посьпехам „акалпачваць“, зацямняць сьвядомасьці працоўных»[5]

У 1936 годзе Марыя Рудзінская-Фройліхова ў сваіх заўвагах над беларускай літаратурай пісала, што сярод пісьменнікаў «на польскай Беларусі» на ўвагу заслугоўваюць: Бартуль, Грышкевіч, Ільяшэвіч і паэт Машара[6].

Даследчыкамі былі адзначаны крытычныя літаратуразнаўчыя працы А. Бужанскага, аднак аўтарства гэтых тэкстаў сумнеўнае.

Крыніцы

правіць
  1. Глагоўская 2018.
  2. Ліс А. На разломе эпохі (штрыхі да партрэта Максіма Танка) // Тэрмапілы № 6, 2002.
  3. Танк М. Лісткі календара, 1935.
  4. Чыгрын С. Прыгадаем Аўгена Бартуля // Ніва, № 5 (2281), 30 студзеня 2000.
  5. Салагуб А. Літаратурны фронт Заходняй Беларусі // ЛіМ, 26 лютага 1932.
  6. Rudzińska-Froelichowa, M. Uwagi nad literaturą białoruską — Warszawa, 1936.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць