Барыс Сафронавіч Каверда

Барыс Каверда (21 жніўня 1907, Вільня — 18 лютага 1987, Вашынгтон, ЗША) — беларускі і рускі антыкамуністычны дзеяч беларускага паходжання. У 1927 годзе здзейсніў забойства паўнамоцнага прадстаўніка СССР у Польшчы Войкава.

Барыс Сафронавіч Каверда
Род дзейнасці рэдактар
Дата нараджэння 21 жніўня 1907(1907-08-21) ці 1907[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 18 лютага 1987(1987-02-18) ці 1987[1]
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
  • невядома
Альма-матар

Біяграфія

правіць

Першыя гады

правіць

Нарадзіўся 21 жніўня 1907 г. у Вільні ў беларускай сялянскай сям’і Сапрона і Ганны Кавердаў. Бацька, Сапрон Каверда, уваходзіў у расійскую партыю эсэраў, удзельнічаў у нелегальнай працы. Сапрон Каверда падчас Першай сусветнай вайны ваяваў на германскім фронце на баку Расійскай Імперыі. Пасля рэвалюцыі быў мабілізаваны і служыў у Чырвонай Арміі камандзірам, але хутка ўцёк, перайшоў савецка-польскую мяжу і пасяліўся асобна ад жонкі і дзяцей на Падляшшы. Ганна Каверда разам з трыма дзецьмі ў 1915 эвакуіравалася спачатку ў Тамбоў, а потым у пасёлак Зубчанінава пад Самарай. У гэты горад на заняткі ў рэальнае вучылішча за сямнаццаць вёрст ездзіў цягніком Барыс Каверда.

У 1921 Ганна Каверда з дзецьмі вярнулася ў Вільню, там яна ўзначаліла беларускі прытулак для дзяцей-сіротаў. Барыс Каверда, як і яго дзве сястры, спачатку навучаўся ў Віленскай беларускай гімназіі, але паводле яго сведчанняў адчуваў сябе там блага, бо на яго меркаванне тамашнія вучні былі камуністамі. З беларускай гімназіі Барысу Каверду давялося перайсці ў гімназію Віленскага рускага таварыства, але беднасць не дазваляла плаціць за навучанне, ён прапускаў заняткі, за што і быў выключаны.

Бацька не дапамагаў сям’і. Барыс Каверда пачаў працаваць экспедытарам беларускай газеты «Наша думка», пазней яе ён палічыў камуністычнай і перайшоў у рэдакцыю газеты антыкамуністычнай арыентацыі «Грамадскі голас», дзе ён, добра ведаючы беларускую мову, працаваў карэктарам і экспедытарам. У студзені-лютым 1926 выдавец, лекар Арсен Паўлюкевіч, перайменаваў сваё выданне ў «Беларускае слова».

Замах на Войкава

правіць

Барыс Каверда разам з рэдактарам газеты «Беларускае слова» Арсенем Паўлюкевічам, былым удзельнікам Слуцкага збройнага чыну, і казачым есаўлам Міхаілам Якаўлевым падрыхтаваў замах на паўнамоцнага прадстаўніка СССР у Польшчы Пятра Войкава, якое павінна было стаць актам адплаты за ўдзел П. Войкава ў расстрэле царскай сям’і і наогул за чырвоны тэрор.

7 чэрвеня 1927 г. а 9 гадзіне раніцы амбасадар СССР у Польшчы Пётр Войкаў у суправаджэнні супрацоўніка амбасады Юрыя Грыгаровіча прыбыў на галоўны вакзал Варшавы для сустрэчы паўнамоцнага прадстаўніка ўрада СССР у Лондане Аркадзя Разенгольца. Сустрэўшыся, яны выпілі кавы ў буфэце, а потым выйшлі на перон да хуткага цягніка, які адыходзіў а 9 гадзіне 55 хвілін і якім Разенгольц накіроўваўся ў Маскву. У той момант, калі Войкаў і Разенгольц знаходзіліся каля спальнага вагона, выбухнуў стрэл, пасля чаго Войкаў кінуўся ўцякаць, а Барыс Каверда пачаў страляць яму ўслед. У адказ на гэта Пётр Войкаў выхапіў з кішэні пісталет і некалькі разоў стрэліў у Барыса Каверду, а потым нахіліўся і ўпаў на рукі паліцыянта. Барыс Каверда добраахвотна здаўся ў рукі паліцыі і заявіў, што страляў, маючы на мэце забіць пасланніка СССР Войкава, з тым каб адпомсціць за мільёны людзей. Пры беларускім тэрарысце былі знойдзены пісталет Mauser M1910 без нумара з пустой абоймай, браўнінг з нумарам 80481 і абоймай з патронамі, 4 патроны да маўзэра. Пасля аказання першай дапамогі Пётр Войкаў быў пераведзены шпіталь Немаўляці Ісуса, а ўжо а 10 гадзіне 40 хвілін ён памёр у прысутнасці міністра замежных спраў Польшчы Залескага, які наведаў шпіталь ад імя польскага ўрада.

Са шпіталя цела Пётра Войкава перавезлі да расійскага прадстаўніцтва, якое выкарыстала выпадак для арганізацыі ў Варшаве камуністычных дэманстрацый. Труна была выстаўлена ў залі прадстаўніцтва на працягу двух дзён. Польскі ўрад выказаў удаве і ўраду СССР спачуванні і выканаў усе фармальныя абавязкі. 10 чэрвеня труну перавезлі на Варшаўскі вакзал і адтуль цягніком — у Маскву. На вуліцах Варшавы за труной ішлі ўсе мясцовыя камуністы, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса Расіі і Польшчы, польскага ўрада, а таксама аддзел Польскага Войска, які аддаваў знакі вайсковай пашаны і так жорстка ахоўваў парадак, што працэсія ішла па пустых вуліцах.

Нягледзячы на праявы афіцыйнага шкадавання, амаль усе газеты засведчылі сімпатыі польскага грамадства, якія выклікаў Барыс Каверда сваёй маладосцю і патрыятызмам, пры тым яму нават даравалі выкліканыя ягоным учынкам палітычныя складанасці.[2]

15 чэрвеня 1927 года адбылося паседжанне Надзвычайнага суду ў Варшаве. Старшынёй суда быў І. Гумінскі, пры ўдзеле пракурора К. Рудніцкага, а адвакатамі былі Павал Андрэеў, Марыян Нядзельскі, Францыск Пасхальскі і Мечыслаў Эцінгер. Пасяджэнне адкрылася а 10 гадзіне 45 хвілін. З самай раніцы будынак суда быў акружаны натоўпам, які ледзьве стрымлівала паліцыя. Некалькі жанчын прыйшлі з букетамі кветак, прыехала жонка вядомага расейскага пісьменніка Арцыбашава. Зала суда была перапоўненая: з польскага боку прысутнічалі прадстаўнікі адміністрацыі, суда, пракуратуры, паліцыі. Руская эміграцыя была прадстаўленая невялічкімі групамі на чале з кіраўніком Расійскага камітэта ў Варшаве Сямёнавым. Таксама прысутнічала некалькі бальшавікоў з прадстаўніцтва СССР на чале з новым кіраўніком Ульянавым, сярод сведак прысутнічаў бальшавік Грыгаровіч, які быў прысутны пры забойстве. Прысутнічала 120 прадстаўнікоў прэсы, у тымі ліку камуністычных «Правды» і «Известий», якія трымаліся далёка ўбаку ад іншых журналістаў. Таксама ў зале былі і прадстаўнікі беларускіх грамадскіх арганізацый і беларускай прэсы, аднак іх прысутнасць «не заўважылі» ў сваіх публікацыях ані польскія, ані рускія газеты.

У сваім першым слове Барыс Каверда сказаў:

«Прызнаю, што забіў Войкава, але вінаватым сябе не лічу. Я застрэліў Войкава за ўсё тое, што здзейснілі бальшавікі ў Расіі. Асабіста я яго не ведаў».

Маці Ганна Каверда аб сыне сказала наступнае:

«Аб забойстве я даведалася з газет. Гэта было нечаканасцю. Барыс заўсёды быў ціхім і сціплым, добрым, рабіў усё, каб маці не пакутавала. Мы віленскія, жылі ў Вільні перад вайной. У 1915 годзе былі эвакуіраваны ўладамі ў Тамбоў, потым выехалі ў Самару, дзе жылі да 1920 года.

Я вярнулася ў Польшчу з дзецьмі, муж яшчэ застаўся ў Расіі. Галоўным нашым апекуном і кармільцам быў Барыс. Ён працаваў у рэдакцыі „Беларускага слова“, быў экспедытарам, а апошні час — карэктарам…

Барыс шмат чытаў, па сваіх поглядах — дэмакрат. Веруючы. Тое, што ён бачыў у Самары, пакінула моцнае ўражанне. У той час мы жылі ў пасёлку Зубчанінскае Самарскай губерні. Яго пераследавалі як буржуазнае дзіця. Бальшавікі зруйнавалі школу, у якой ён вучыўся, і царкву, здзекаваліся на вачах дзяцей над святаром, трымалі яго ў хлеве. Сын маёй сястры быў там забіты бальшавікамі.

Расстралялі шмат знаёмых. Барыс быў сведкам разгула чрэзвычайкі.„.

З паказанняў падсуднага:

Я быў сведкам злачынстваў, што здзяйснялі банды бальшавікоў. Па дарозе дамоў з Расіі ў Польшчу я шмат чуў пра ЧК. Я быў малы, але памятаю, што жыццё было іншым, быў нейкі парадак, а потым наступіў хаос… Я зразумеў, хто вінаваты ў тым, што людзі ператварыліся ў людажэрцаў„.

Абаронца Марыян Нядзельскі прабаваў апраўдаць Каверду:

У Расіі бальшавікі запусцілі рухавік знішчэння. Па падліках С. Мельгунова, 1 700 000 чалавек забітыя толькі па распараджэнні ЧК. Ленін, Троцкі, Бухарын, Дзяржынскі ўхваляюць масавыя забойствы, выказваюцца за тэрор як сродак распаўсюджання камуністычных ідэй. Чым адказала эміграцыя на масавы тэрор? У 1923 годзе Конрадзі забіў у Швейцарыі савецкага прадстаўніка Вароўскага. А Каверда — гэта маленькая трэсачка, прынесеная на хвалях мора крыві з усходу на захад».

Супрацоўнік беларускай газеты «Грамадскі голас», у мінулым баявік Зялёнага Дуба Іўжэнка, а таксама вучань Беларускай віленскай гімназіі і сябра падсуднага Сямён Захаронак і іншыя адзначылі, што ён у першую чаргу быў антыкамуністам. Адзначалася, што ўвесь час ён меў канфлікты з гімназістамі камуністычных поглядаў. Таксама на судзе ўспомнілі эпізод, як Барыс Каверда выгнаў з памяшкання, дзе праходзіў з’езд Заходняй Беларусі, вучняў Юліяна Саковіча і Алеся Салагуба, якія былі прыхільнікамі савецкай улады.[3]

Да канца чэрвеня 1927 года быў вядомы прысуд. Нягледзячы на тое, што Барыса Каверду абаранялі лепшыя юрысты Польшчы, ён атрымаў па максімуму — катаржныя работы пажыццёва, якія былі замененыя на 15-гадовыя. Апошнія звесткі пра беларускага тэрарыста далі еўрапейскія газеты ў жніўні 1931 года, спасылаючыся на сведчанне польскага дэпутата Станіслава Мацкевіча, які паведаміў, што пасля чатырох год ізаляцыі, у стане глыбокай дэпрэсіі Барыс Каверда перарэзаў сабе вены на руках, але быў выратаваны.[4]

Пасля вызвалення

правіць

Барыс Каверда быў вызвалены па амністыі ў 1937 годзе, пасля таго як адбыў 10 гадоў пакарання. Па выхадзе на волю адправіўся ў Югаславію, дзе ў 1938 г. здаў экстэрнам экзамен на атэстат сталасці пры рускім кадэцкім корпусе ў Белай Царкве. Настойлівымі намаганнямі рускай эміграцыі перайшоў на бок расійскага антысавецкага руху. Беларускі рух, да якога спрычыніўся малады Каверда, перажываў нялепшыя часы: беларуская антысавецкая апазіцыя дэманстравала слабасць, адсутнасць адзінства, буйныя палітычныя памылкі і паражэнні. Да гэтага дадаваліся рашэнні Берлінскай канферэнцыі аб прызнанні БССР адзінай і легітымнай формай беларускай дзяржаўнасці, і ад’езд у БССР некаторых вядомых беларускіх дзеячаў, і наяўнасць некалькіх супрацьлеглых плыняў у беларускім лагеры: паланафільскай, прарасійскай, пракамуністычнай. Таксама, па сутнасці, прыпынілася баявая дыверсійная дзейнасць беларускіх арганізацый. Юнака ўвесь час палівалі брудам беларускія пракамуністычныя газеты, якіх падтрымлівала БССР: былі сур’ёзныя падставы каб пакінуць беларускі рух.

Пачатак Другой сусветнай вайны заспеў Каверду ў Польшчы, адкуль ён ізноў вярнуўся ў Югаславію, дзе яго заняткі таксама былі перапыненыя нямецкай акупацыяй увесну 1940 года; з Югаславіі ён вярнуўся да сям’і ў Варшаву і знаходзіўся там да лета 1944 года, адкуль з’ехаў у Германію. Стаў афіцэрам у так званым Зондэрштабе «Р» генерала Барыса Хольмстан-Смыслоўскага, які рыхтаваў агентаў і афіцэраў для вайсковых фармаванняў з савецкіх грамадзянаў, якія ваявалі супраць СССР на баку Германіі. Паплечнікі Каверды Арсен Паўлюкевіч і М. Якаўлеў загінулі як удзельнікі руху Супраціву (Якаўлеў — у Асвенцыме, Паўлюкевіч — расстраляны немцамі).

Пасля вайны на працягу сямі гадоў, ужо з жонкай і дачкой, знаходзіўся ў Швейцарыі, Францыі і ФРГ, адкуль у 1952 сям’я перабралася ў ЗША, дзе да 1963 года працаваў у газеце «Расія» (Нью-Ёрк), затым у друкарні «Новага рускага слова».

Памёр 18 лютага 1987 г. у Вашынгтоне, пахаваны ў рускім манастыры Новае Дзівеева.

Паходжанне

правіць

Барыс паходзіў з беларускай сям’і і рана спрычыніўся да беларускай справы. І бацька, і маці мелі пэўную палітычную і грамадскую біяграфію і вядомасць у беларускіх і рускіх эмігранцкіх колах. Маці Ганна была загадчыцай беларускага прытулку для дзяцей-сірот у Вільні, дзве яе дачкі і сын былі навучэнцамі Беларускай віленскай гімназіі. Бацька Сапрон засведчыў падчас суда:

«Я — беларус і жонка таксама. Дома мы гаворым па-беларуску, па-польску і па-руску».

Пытанне аб нацыянальнай прыналежнасці Барыса Каверды было вельмі няпростым і балючым для маладога чалавека. Адзін з аглядальнікаў судовага працэсу адзначыў стрыманасць і невыразнасць пытання нацыянальнасці і мовы падсуднага і патлумачыў гэта асаблівымі мясцовымі ўмовамі. Пад «мясцовымі ўмовамі» мелася на ўвазе практыка польскіх уладаў абвінавачваць беларускую апазіцыю ў сімпатыях да бальшавіцкага рэжыму. Польская акупацыйная прапаганда сцвярджала, што беларус — гэта абавязкова камуніст, але на самай справе антыдэмакратычная, антыбеларуская палітыка польскіх улад забяспечвала хуткі рост антыпольскіх настрояў сярод беларускага насельніцтва і вымушала беларускую апазіцыю шукаць сабе хаўруснікаў нават у камуністычных колах. Акрамя таго, польскія крыніцы сведчылі, што малады тэрарыст — сын полькі і рускага, нягледзячы на тое, што Сапрон Каверда ўвесь час падкрэсліваў сваю беларускасць, а Ганна Каверда ніколі не лічыла сябе полькай.

Сапрон Каверда паходзіў з сялян Бельска-Падляшскага павета Гродзенскай губерні. Падчас Першай сусветнай вайны быў цяжка паранены пад Смаргонню, потым 4 месяца лячыўся ў Маскве, дзе назіраў Кастрычніцкі пераварот. Далей ён мабілізаваны ў Чырвоную Армію, але ўцёк і перайшоў мяжу ў раёне Нясвіжа. Яшчэ да вайны Сапрон быў актыўным сябрам партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1922 годзе быў галоўным рэдактарам газеты «Крестьянская Русь», якуя фінансаваў Барыс Савінкаў. Некаторыя дакументы з архіваў КДБ РБ («Дакументы замежнага аддзела АДПУ, агентурныя дадзеныя») сведчаць аб пільнай увазе савецкіх спецслужб да гэтай постаці. У 1924—1925 гадах Сапрон Каверда актыўна займаўся вярбоўкай баявікоў-добраахвотнікаў у «Зялёны Дуб». Такім чынам беларуская справа была сямейнай справай Кавердаў.

Руская белая эміграцыя прыклала шмат намаганняў, каб зрабіць з Барыса Каверды сапраўднага патрыёта Расіі, усяляк падкрэсліваючы яго быццам бы рускай паходжэнне і прыналежнасць да праваслаўя. Гэта самае мелі на мэце давесці і аўтары шматлікіх артыкулаў у эмігранцкіх газетах «Возрождение», «Руль», «Русь», «За Свободу», якія падрабязна асвятлялі ход следства, судовага працэсу, біяграфію тэрарыста і абставіны здарэння. Журналісты рускіх выданняў навязліва цікавіліся, на якой мове размаўлялі ў сям’і Кавердаў, кім сябе лічылі сямейнікі, чаму дома карысталіся польскай, беларускай і рускай мовамі. Журналіст Сяргей Вайцахоўскі, які меў беларускае паходжанне, але быў рускім нацыяналістам па перакананнях, тлумачыў беларускасць Кавердаў тым, што яны былі бедныя: нібыта, для таго каб зарабіць грошы, яны перасталі называць сябе рускімі. Але беларускай справе аднолькава не спрыялі як польская акупацыйная ўлада, так і рускія вялікадзяржаўнікі, таму нацыянальнае самавызначэнне ніякім чынам не садзейнічала паляпшэнню матэрыяльнага становішча Ганны Каверды, а хутчэй нават наадварот.

Эмігранцкае вядомае выданне «Руль» пастаралася пазбегнуць тэндэнцыйнасці ў гэтым дэлікатным пытанні і ў сваім выданні ад 11 чэрвеня 1927 г, спаслалася на матэрыялы следства:

«Каверда на допыце заявіў, што ён не з’яўляецца рускім эмігрантам, а лічыць сябе беларусам».

[5]

Ушанаванне і памяць

правіць

Расейскі паэт-сімваліст Канстанцін Бальмант згадваў Барыса Каверду у сваім вершы ў ліку іншых антыкамуністаў, якія стралялі ў кіраўнікоў і функцыянераў Савецкай Расеі:

«Люба мне буква „Ка“,

Вокруг нее сияет бисер.
Пусть вечно светит свет венца
Бойцам Каплан и Каннегисер.

И да запомнят все, в ком есть
Любовь к родимой, честь во взгляде,
Отмстили попранную честь

Борцы Коверда и Конради»

Зноскі

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць