Белае — буйны комплекс сажалак для развядзення рыбы ў пасёлку Азёрны Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці агульнай плошчай 5451 га. Рыбгас мае статус тэрыторыі, важнай для птушак з 1998 года (код BY019, крытэрыі А1, В2, В3). Вышыня над узроўнем мора — 126—138 метраў.[1]

Агульная плошча сажалак рыбгаса — 1649 гектараў.[2]

52°18′ пн. ш. 27°39′ у. д.HGЯO

Сажалкі з’яўляюцца буйнейшым у рэгіёне месцам гнездавання многіх відаў вадаплаўных і рыбаядных птушак. Асабліва важнае значэнне тэрыторыя мае для захавання наступных відаў: вялікі бугай (Botaurus stellaris), качка шэрая (Anas strepera), белавокая чэрнець (Aythya nyroca), нырок-сівак (Aythya ferina). Сярод іншых відаў птушак у наваколлях рыбгаса гняздуюцца арлан-белахвост (Haliaeetus albicilla), драч (Crex crex), чорны бусел (Ciconia nigra). Белае — адзінае ў Беларусі месца, дзе гняздуецца рэдкая качка луток (Mergellus albellus)[2]. Ля азёр рыбгаса назіраўся сокал-шулёнак (Falco vespertinus)[3].

Сысуны прадстаўлены наступнымі відамі: янотападобны сабака (Nyctereutes procyonoides), звычайны ліс (Vulpes vulpes), норка амерыканская (Neovison vison), лясная куніца (Martes martes) і іншыя[2]. Сярод рыб, якія вырошчваюць у рыбгасе карп (Cyprinus carpio carpio), амур белы (Ctenopharyngodon idella), таўсталобік белы (Hypophthalmichthys molitrix), шчупак звычайны (Esox lucius)[4].

Уся тэрыторыя рыбгаса акружана пойменнымі дубравамі. Сажалкі раздзелены дамбамі, якія параслі лазняком і бярозай. Самі вадаёмы парослыя рагозам (Typha).[2]

Зноскі

  1. Beloe fish-farm Архівавана 5 сакавіка 2016. (англ.)
  2. а б в г Рыбгас «Белае» Архівавана 18 ліпеня 2013.
  3. Кобчик(недаступная спасылка) (руск.)
  4. «Белое» опытный рыбхоз Архівавана 11 кастрычніка 2014. (руск.)

Літаратура

правіць
  • A.Kozulin, L.Vergeichik, M.Nikiforov and others. Treasures of Belarusian nature.- Minsk, 2002. −160 p.