Беларускае грамадска-культурнае таварыства
Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ) (польск.: Białoruskie Towarzystwo Społeczno-Kulturalne w Polsce) — грамадская арганізацыя беларусаў у Польшчы, якая праводзіць культурна-асветную работу сярод беларускага насельніцтва Польшчы.
Беларускае грамадска-культурнае таварыства | |
---|---|
БГКТ | |
| |
Дата заснавання | 26 лютага 1956 |
Тып | грамадская арганізацыя |
Старшыня | Базыль Сегень |
Дзейнасць Беларускага грамадска-культурнага таварыства накіравана на развіццё беларускай нацыянальнай асветы i культуры ў супрацоўніцтве i дыялогу з польскай культурай, а таксама з культурамі іншых нацыянальных меншасцяў, якія пражываюць у Польшчы. БГКТ штогод ладзіць на Беласточыне шмат розных культурніцкіх мерапрыемстваў, найстарэйшае — штогадовы агульнапольскі фестываль «Беларуская песня».
Гісторыя
правіцьУстаноўчы з'езд Беларускага грамадска-культурнага таварыства адбыўся 26 лютага 1956 года ў памяшканні Ваяводскага Таварыства польска-савецкай дружбы ў Беластоку (вул. Сянкевіча 3). У з'ездзе прыняло ўдзел каля 400 прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасці і гасцей з усёй Польшчы. З'езд вёў Піліп Кізевіч, а з дакладам выступіў Георгій Валкавыцкі. Быў прыняты статут БГКТ, створана Галоўнае праўленне ў складзе 45 асобаў, якое абрала 9-асабовы прэзідыум на чале са старшынём Аляксандрам Давідзюком і сакратаром Аляксеем Казлом.
Былі створаны аддзелы БГКТ у Бельску, Гайнаўцы, Гарадку, Саколцы, Сямяцічах і Варшаве.
4 сакавіка 1956 выйшаў першы нумар тыднёвіка «Ніва», а ў 1958 пачаў выходзіць штогадовы «Беларускі каляндар».
У верасні 1957 года БГКТ налічвала 1007 членаў у 40 гуртках. Звыш паловы арганізацыі знаходзілася ў Бельскім і Гайнаўскім паветах. Дзейнічалі 24 калектывы мастацкай самадзейнасці, у тым ліку 10 драмгурткоў, 6 харавых, па 3 дэкламатарскія і танцавальныя, а таксама 2 інструментальныя.
8 чэрвеня 1958 года пры таварыстве ўтварылася Беларускае літаратурнае аб’яднанне.
У 1963 годзе быў створаны грамадскі камітэт пабудовы беларускага музея, на чале якога стаяў Мікалай Самоцік. У 1966 у Белавежы адкрыўся Рэгіянальны беларускі этнаграфічны музей. Культурніцкая ўстанова праіснавала да 1973 года. У 1983 паўстаў грамадскі камітэт пабудовы музея ў Гайнаўцы, які ўзначаліў Канстанцін Майсеня. Музей беларускай культуры, цяпер Музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы, быў пабудаваны ў 1995, а канчаткова завершаны ў 2003 годзе.
У 2022 годзе Беларускае грамадска-культурнае таварыства адмовілася ад супрацоўніцтва з Беларуссю.[1]
Старшыні
правіць- Аляксандр Давідзюк (1956—1958)
- Уладзімір Станкевіч (1958—1960)
- Лідзія Бялецкая (1960—1962)
- Макар Дземяновіч (1962—1966)
- Вінцук Склубоўскі (1966—1969)
- Міхась Хмялеўскі (1969—1973)
- Мікалай Самоцік (1973—1983)
- Аляксандр Баршчэўскі (1984—1992)
- Ян Сычэўскі (1992—2022)[2]
- Базыль Сегень (з 2022)[3][4]
Літаратура
правіць- Сычэўскі Я. Удзел Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў цывілізацыйным дыялогу культур беларуска-польскага памежжа // Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялогу цывілізацый: Матэрыялы III Міжнар. кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый». «Беларускі кнігазбор», Мінск, 2001 г., ISBN 985-6638-15-1
- Беларускі каляндар // Галоўнае праўленне Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы, Мінск, 1996 г., ISBN 985-01-0110-5
- Беларускі каляндар // Галоўнае праўленне Беларускага грамадска-культурнага таварыства, Беласток, 1966 г.
- Беларускі Музей у Гайнаўцы / Тамаш Ціханюк. — Гайнаўка : Аб’яднанне Музей і Асяродак Беларускай Культуры ў Гайнаўцы, 2012. — ISBN 978-83-63609-24-5