Беларуская батальённа-тактычная група ў Казахстане
Беларуская батальённа-тактычная група[1] ў Казахстане — падраздзяленне Узброеных Сіл Беларусі, якое ўдзельнічала ў аперацыі АДКБ у Казахстане. Асновай для разгортвання кантынгенту стала спецыялізаваная міратворчая рота, меркавана дапоўненая байцамі іншых фарміраванняў.
Беларуская батальённа-тактычная група ў Казахстане | |
---|---|
| |
Гады існавання | з 6 па 14 студзеня 2022 |
Краіна | Беларусь |
Уваходзіць у | Калектыўныя міратворчыя сілы АДКБ |
Тып | батальённая тактычная група |
Складаецца з | Міратворчая рота Беларусі |
Дыслакацыя | н. п. Капшагай і Жэтыген |
Удзел у | Аперацыя АДКБ у Казахстане |
Камандзіры | |
Вядомыя камандзіры | Сяргей Красоўскі |
Удзел у казахстанскіх падзеяй студзеня 2022 года беларускіх войскаў выклікаў негатыўную рэакцыю грамадскасці, стварыў пагрозу небяспечных наступстваў і магчымых ахвяр сярод вайскоўцаў, аднак аперацыя завяршылася хутка, і батальённа-тактычная група, атрымаўшы ўнікальны вопыт і выканаўшы пастаўленыя задачы, вярнулася на радзіму.
Для беларускай міратворчай роты дадзеная камандзіроўка стала першай місіяй, на якую падраздзяленне адпраўлена ў поўным складзе[2].
Прававая база
правіцьУ 1993 годзе Рэспубліка Беларусь далучылася да Дагавора аб калектыўнай бяспецы. У 2002 дагавор быў ператвораны ў міжнародную арганізацыю — Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Яго члены абавязаліся ў выпадку здзяйснення агрэсіі прадастаўляць адзін аднаму неабходную дапамогу, уключаючы ваенную. Гэта распаўсюджваецца не толькі на выпадкі знешняй агрэсіі, але і ў сітуацыі ўнутраных пагроз. Акрамя ўсяго іншага, удзельнікі дагавора сфармавалі Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання (КСАР), якія былі прызначаны для барацьбы з тэрарызмам. Як адзначыў беларускі ваенны аналітык Ягор Лебядок, на фоне пратэстаў і беспарадкаў у студзені 2022 года казахстанскі лідар Касым-Жамарт Такаеў запытаў увод замежных войскаў менавіта для супрацьстаяння тэрарыстам[3].
У цэлым эксперт звярнуў увагу на юрыдычныя нестыкоўкі: у Казахстан фармальна адправілі менавіта міратворчыя сілы, хоць у распараджэнні АДКБ ёсць КСАР. Як заявіў Лебядок, «міратворчая місія прадугледжвае наяўнасць двух канфліктуючых бакоў і іх згоду на аперацыю. А КСАР якраз прызначаны для барацьбы з тэрарызмам, пра што і кажа прэзідэнт Такаеў. Але тут ёсць момант піяру — адпраў КСАР і гэта будзе выглядаць як падаўленне народнага паўстання, агрэсія і акупацыя. А міратворцы надаюць АДКБ імідж добранькай арганізацыі, якая дапамагае»[4].
Па даных МЗС Рэспублікі Беларусь, батальённа-тактычная група накіроўвалася ў Казахстан у адпаведнасці з Законам ад 29 лістапада 2003 года № 254-З «Аб парадку накіравання ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў, Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, пракурорскіх работнікаў, а таксама грамадзянскага персаналу за межы Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі»[5].
Беларускі ваенны аглядальнік Аляксандр Алесін адзначаў, што краіна магла адмовіцца ад удзелу ў аперацыі. Так, напрыклад, у свой час беларускае кіраўніцтва доўга не згаджалася на тое, каб вылучыць сваіх вайскоўцаў у калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання і адпраўляць іх за мяжу. Па гэтым пытанні ішла палітычная барацьба паміж урадамі Расіі і Беларусі. Заканадаўства рэспублікі і Канстытуцыя не дазвалялі адпраўляць вайскоўцаў за межы краіны, аднак былі прыняты спецыяльныя нарматыўныя акты, якія кажуць пра тое, што ў выпадку неабходнасці кантрактнікі могуць пасылацца ў іншыя краіны ў складзе міратворчых сіл і калектыўных сіл аператыўнага рэагавання, калі гэтыя людзі выкажуць такое жаданне і напішуць заяву на імя кіраўніка дзяржавы, а ён дасць дазвол[5].
Склад і сілы
правіцьНеўзабаве пасля пачатку ўводу кантынгенту АДКБ у Казахстан стала вядома, што ад Беларусі да аперацыі падключыцца міратворчая рота са складу 103-й Віцебскай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. Гэта падраздзяленне — частка сіл спецыяльных аперацый. Яно было створана на аснове 103-й дывізіі ПДВ СССР. Міратворчы кампанент брыгады цалкам складаецца з кантрактнікаў. Раней байцы роты ў складзе італьянскага кантынгенту ўдзельнічалі ў аперацыі ў Ліване пад эгідай ААН. На пастаяннай аснове ў падраздзяленні служаць 100 чалавек, пры неабходнасці склад можа быць павялічаны да 300 чалавек[6]. У асобных СМІ паведамлялася, што «міратворчая рота ўзмоцнена вайскоўцамі з іншых падраздзяленняў»[7]. Так, напрыклад, у Казахстан маглі быць адпраўлены байцы ўнутраных войскаў, паколькі 103-я брыгада і САХР складаюць беларускі кампанент КСАР АДКБ[3].
Дакладная колькасць батальённа-тактычнай групы невядома[4]. Расійскі тэлеканал «Мир 24» заяўляў пра 200 вайскоўцаў[8]. Генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась[9] і ўкраінскія медыя[10] назвалі лічбу ў 500 чалавек. Як растлумачыў Лебядок, усяго беларускі кантынгент у рэзерве АДКБ складае каля 500 байцоў, але колькасць задзейнічанай групы ён ацаніў у 100 міратворцаў[4].
У ходзе казахстанскай місіі былі выкарыстаны БТР-70МБ1 (мадэрнізацыя савецкага бронетранспарцёра БТР-70 ад 140-га рамонтнага завода) і кітайскія пазадарожнікі Dongfeng Mengshi EQ2050F, якія з’яўляюцца копіяй амерыканскіх HMMWV[1]. У вайскоўцаў з Беларусі заўважаны таксама кулямёт ПКМН пад патрон 7,62 × 54 мм R з дзённа-начным прыцэлам ПДНВ-1[11].
Ход аперацыі
правіць6 студзеня 2023 года міратворчая рота высунулася з г. Віцебск на аэрадром Мачулішчы. У Казахстан падраздзяленне разам з тэхнікай даставілі самалёты Іл-76МД Паветрана-касмічных сіл Расіі. Усяго было задзейнічана 5[2]—10[12] бартоў. Пералёт з дазапраўкай у Екацярынбургу заняў амаль 10 гадзін. Усё рабілася для таго, каб даставіць кантынгент з усім яго штатным узбраеннем і абсталяваннем за адзін раз[2].
Байцы ўзялі пад ахову аэрадром «Жэтыген» і арсенал артылерыйскіх боепрыпасаў у горадзе Капшагай. Дзейнасць каардынавалі намеснік камандуючага сіламі спецыяльных аперацый Сяргей Андрэеў і камандзір батальённа-тактычнай групы Сяргей Красоўскі, якія разам з ротай знаходзіліся ў Казахстане[1]. Беларускія вайскоўцы арганізавалі службу на дарожных пастах, патруляванне тэрыторыі ў зонах адказнасці, дагляд людзей і тэхнікі. Міратворцы размяшчаліся на тэрыторыі вайсковай часці, дзе ў інтарэсах падраздзялення вырашылі ўсе пытанні тылавога забеспячэння. Было наладжана ўзаемадзеянне з казахстанскімі сілавікамі і расійскім кантынгентам[12].
Са слоў прапаршчыка Рамана Шаўкова, самай складанай часткай місіі стала начное патруляванне, паколькі з-за стэпавай мясцовасці вайскоўцам маглі пагражаць снайперы. У першую ноч міратворцы працавалі «тэрмінова» і ляжалі на зямлі, таму што не было магчымасці ўжыць інжынерныя ўмацаванні. Раўніны не дазвалялі там выкарыстоўваць зморшчыны мясцовасці і неяк схавацца. Вайскоўцам было цяжка ляжаць на ветры на прадуваным баку. Камандзір міратворчай роты Ігар Гіль падзяліўся, што першыя тры дні ў Казахстане прайшлі для яго цалкам без сну, паколькі пастаянныя аб’езды блокпастоў і праверкі папросту не пакідалі на гэты час[2].
Як заяўляў Шаўкоў, ніхто не спрабаваў прарвацца скрозь беларускія пазіцыі да аэрадрома, але «прыязджалі мясцовыя жыхары – проста пагутарыць і расказаць, якая навокал абстаноўка». Ад іх міратворцы атрымалі інфармацыю аб навакольных населеных пунктах і раёнах, адкуль да аэрадрома маглі патэнцыйна прайсці людзі. Прычым, як аказалася, мясцовыя жыхары былі настолькі самаарганізаваны, што да пазіцый вайскоўцаў ніхто не мог даехаць без надгляду. Насельніцтва актыўна дапамагала замежнікам і нават арганізавала ўласныя атрады самаабароны[2].
Тым часам у сеціве з’явілася інфармацыя, што беларускія вайскоўцы былі атакаваны: адзін баец забіты, двое паранены[13]. Андрэеў абверг гэтыя паведамленні[1]. Начальнік Аб’яднанага штаба АДКБ Анатоль Сідараў таксама заявіў, што ніякіх боесутыкненняў або абстрэлаў кантынгентаў міратворцаў АДКБ падчас іх знаходжання ў Казахстане не зафіксавана. Аднак у раёне аэрадрома Жэтыген было тры спробы весці разведку з дапамогай дронаў, але беларускія вайскоўцы адрэагавалі своечасова, перашкодзіўшы палётам беспілотнікаў у сваім сектары[14].
Ужо 14 студзеня беларускія міратворцы, у сувязі з хуткім завяршэннем місіі, вярнуліся дадому[15]. Сустракаць іх на аэрапорт у Мачулішчах прыехаў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка[16].
Рэакцыя і ацэнкі
правіць- Са слоў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку, беларускія вайскоўцы «прыйшлі не забіваць і нават не ваяваць», а дапамагчы «спыніць братазабойчую вайну»[17]. Міністэрства абароны Беларусі заявіла, што вайскоўцы «атрымалі ўнікальны вопыт удзелу ў міратворчай місіі», а «пастаўленыя задачы паспяхова выкананы»[18].
- Як адзначыў дырэктар Інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч, грамадскасць адрэагавала на адпраўку батальённа-тактычнай групы негатыўна, не жадаючы, каб вайскоўцы ўдзельнічалі ў аперацыях за мяжой. Аднак у цэлым грамадская думка залежала ад камунікацыі ўладаў і падыходаў альтэрнатыўных палітычных сіл. Паводле Казакевіча, апазіцыя магла паказаць, што ўвод войск у Казахстан з’яўляецца праблемай для Беларусі, паколькі магчымы сур’ёзныя наступствы ў выглядзе ахвяр[4].
- Аналітык Ягор Лебядок заявіў, што ўдзел беларускіх і іншых фармаванняў быў толькі «шырмай» для расійскіх войскаў, якія склалі аснову кантынгенту. Удзел толькі Расіі мог быць успрыняты як акупацыя[4].
- Беларуская апазіцыя крытычна выказвалася з нагоды ўдзелу беларусаў у кантынгенце АДКБ, выказваючы салідарнасць з пратэстоўцамі Казахстана. Прадстаўнікі беларускай дыяспары ладзілі ў некаторых краінах мітынгі ў падтрымку пратэстаў[4]. Лідар дэмакратычнай апазіцыі Святлана Ціханоўская заявіла, што ў Аляксандра Лукашэнкі не было ніякіх правоў «распараджацца жыццямі беларускіх вайскоўцаў». Яна назвала адпраўку нацыянальнай арміі ў Казахстан «узброеным умяшаннем у справы іншай дзяржавы»[19].
Гл. таксама
правіцьЗноскі
правіць- ↑ а б в г Людмила Гладка. Задание миротворцев: спецрепортаж нашего корреспондента из Казахстана Архівавана 9 студзеня 2022. // СБ. Беларусь Сегодня : газета. — 9 января 2022.
- ↑ а б в г д Командир миротворцев: родные узнали о миссии, когда я уже был в Казахстане
- ↑ а б Какие белорусские миротворцы могут отправиться в Казахстан? Архівавана 7 чэрвеня 2023. // Thinktanks.by : сайт белорусских исследований. — 6 января 2022.
- ↑ а б в г д е Александра Богуславская. Какова роль белорусских военных в Казахстане? // Deutsche Welle : вещательная организация. — 10 января 2022.
- ↑ а б «В случае жертв, претензий не будет». Эксперт объяснил, что ждет миротворцев ОДКБ в Казахстане // Zerkalo.io : интернет-портал. — 6 января 2022.
- ↑ Ольга Ившина, Григор Атанесян. Российская военная разведка и белорусские миротворцы. Кого страны ОДКБ отправляют в Казахстан // Русская служба BBC : служба новостей. — 7 января 2022.
- ↑ Дмитрий Валюженич. Белорусские военные контролируют стратегически важные объекты в Казахстане // Anna.news : информационное агентство. — 10 января 2022.
- ↑ Объекты особой важности: как миротворцы ОДКБ выполняют свои задачи в Казахстане . Архівавана з першакрыніцы 11 студзеня 2022.
- ↑ В Беларуси оценили ход миротворческой миссии в Казахстане // Евразия Эксперт : журнал. — 11 января 2022.
- ↑ СМИ узнали, сколько тысяч российский военных перебрасывают в Казахстан на подавление протестов
- ↑ Наиболее обсуждаемым оружием белорусских миротворцев у наших подписчиков стал 7,62-мм пулемет ПКМН с дневно-ночным прицелом ПДНВ-1. В экспортном варианте прицел обозначается как DNS-1.
- ↑ а б Константин Гагарин. Останемся до победы: Белорусские миротворцы в Казахстане // Во славу Родины : газета. — 11 января 2022.
- ↑ В Казахстане обстреляли колонну белорусских военных. Есть жертвы
- ↑ В Казахстане белорусские военные пресекли разведку дронами: подробности миротворческой операции
- ↑ Десять самолетов с белорусскими миротворцами покинули Казахстан . Архівавана з першакрыніцы 14 студзеня 2022. Праверана 16 студзеня 2022.
- ↑ Александр Лукашенко прибыл на военный аэродром Мачулищи на встречу с белорусскими миротворцами . Архівавана з першакрыніцы 16 студзеня 2022. Праверана 16 студзеня 2022.
- ↑ Стало известно, чем занимаются в Казахстане белорусские военные // Еврорадио, 9 января 2022
- ↑ Белоруссия завершила вывод своего миротворческого контингента из Казахстана
- ↑ Шпак Клим. Тихановская: Отправка «миротворцев» в Казахстан – это «военное вмешательство в дела другого государства» // Собеседник : газета. — 6 января 2022.
Спасылкі
правіць- Какие белорусские миротворцы могут отправиться в Казахстан? Архівавана 7 чэрвеня 2023. // Thinktanks.by : сайт белорусских исследований. — 6 января 2022.
- Ольга Ившина, Григор Атанесян. Российская военная разведка и белорусские миротворцы. Кого страны ОДКБ отправляют в Казахстан // Русская служба BBC : служба новостей. — 7 января 2022.
- Людмила Гладка. Задание миротворцев: спецрепортаж нашего корреспондента из Казахстана // СБ. Беларусь Сегодня : газета. — 9 января 2022.
- Александра Богуславская. Какова роль белорусских военных в Казахстане? // Deutsche Welle : вещательная организация. — 10 января 2022.
- Константин Гагарин. Останемся до победы: Белорусские миротворцы в Казахстане // Во славу Родины : газета. — 11 января 2022.
- Что представляет собой миротворческая рота, отправленная Беларусью в Казахстан Архівавана 7 чэрвеня 2023.
- Миротворческая рота 103-й Витебской отдельной гвардейской воздушно-десантной бригады вернулась домой