Беларускі вызвольны фронт

Беларускі вызвольны фронт (БВФ) — беларуская эмігранцкая палітычна-вайсковая арганізацыя. Заснавана 27 кастрычніка 1954 года ўказам прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслава Астроўскага пасля расколу Беларускага вызвольнага руху.

Дзейнасць БВФ правіць

Галоўнай мэтай БВФ было вызваленне Беларусі ад маскоўска-бальшавіцкай акупацыі. БВФ прызнаваў Акт 25 сакавіка 1918 г. і пастановы 1-га і 2-га Усебеларускіх кангрэсаў ды стаяў на пляцоўцы Беларускай Цэнтральнай Рады.

Галоўны Штаб БВФ, які знаходзіўся ў Штутгарце (Заходняя Германія), узначаліў падпалкоўнік Дзмітрый КасмовічКаршун»). Былі арганізаваныя краёвыя аддзелы Фронту ў Заходняй Германіі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, ЗША і Канадзе. З 1955 г. выходзіў часопіс «Барацьба», орган БВФ, наклад якога ў 1950-я складаў тысячу асобнікаў.

Асноўную частку актывістаў БВФ склалі былыя сябры Беларускага вызвольнага руху — прыхільнікі БЦР, а таксама сябры Беларускай Незалежніцкай Партыі. БВФ не толькі разгарнуў шырокую інфармацыйна-прапагандысцкую дзейнасць у краінах Заходняй Еўропы, але і спрабаваў падтрымліваць кантакты з рэшткамі антысавецкага падполля ў Беларусі.

БВФ супрацоўнічаў з шэрагам антыкамуністычных арганізацый — з Антыбальшавіцкім Блокам Народаў (АБН), Антыкамуністычнай Лігай Народаў Азіі (АПАКЛ, з 1955 г.), Міжамерыканскай Канфедэрацыяй Абароны Кантыненту, Міжнароднай федэрацыяй для перамогі над камунізмам ды інш. Ад імя БВФ і БЦР Дзмітрый Касмовіч у 1964 г. выступаў у Еўрапарламенце, а ў 1968 г. — у Брытанскім парламенце. У 1967 г. БВФ быў адным з арганізатараў Еўрапейскай Рады Свабоды, у якую ўвайшлі вядомыя палітыкі і грамадскія дзеячы. У тым жа годзе была арганізавана Сусветная Антыкамуністычная Ліга, галоўны штаб якой знаходзіўся ў Сеуле (Паўднёвая Карэя), і з якой актыўна супрацоўнічаў Беларускі Вызвольны Фронт.

Пачынаючы з канца 1950-х асноўная дзейнасць аддзелаў БВФ заключалася ў правядзенні антыкамуністычных мітынгаў і дэманстрацый, ва ўдзеле ў міжнародных канферэнцыях, на якіх ставілася на абмеркаванне беларускае пытанне. У 1960—1970-я актыўна дзейнічалі краёвыя аддзелы БВФ у Вялікабрытаніі (кіраўнік штаба — Кастусь Глінскі), Аўстраліі (Сідней і Мельбурн, актывісты — Уладзімір Сідлярэвіч, Паўла Гуз, Міхась Зуй, Алесь Алехнік, Уладзімір і Алег Шнэкі), Канадзе (Вініпег), ЗША (актывісты — Іван Касяк, Алёна Касоўская, Анатоль Плескачэўскі, Вольга Лапіцкая).

Са смерцю ў 1991 г. Дзмітрыя Касмовіча БВФ фактычна спыніў сваё існаванне. Толькі ў Аўстраліі яшчэ некалькі гадоў працягваў дзейнічаць мясцовы аддзел БВФ, які высылаў свае адозвы і мемарандумы ў газеты і часопісы Беларусі.

Літаратура правіць

Гл. таксама правіць