Белы легіён (Заір)

Белы легіён (фр.: Legion Blanche, сербск.: Бела легија) — праўрадавае падраздзяленне перыяду Першай кангалезскай вайны, створанае французскімі спецслужбамі ў Заіры для падтрымкі рэжыму Мабуту Сесе Сека. У атрадзе служылі найміты з Усходняй Еўропы, заходніх дзяржаў, іншых краін Афрыкі і былога СССР. Назва «Белы легіён» фарміраванне атрымала ад французскіх СМІ.

Белы легіён
Малюнак Ј-21 Јастреб ВПС Заіра. Падобны выкарыстоўваўся «Белым легіёнам».
Малюнак Ј-21 Јастреб ВПС Заіра. Падобны выкарыстоўваўся «Белым легіёнам».
Гады існавання са студзеня па канец сакавіка/пачатак красавіка 1997
(асобныя байцы змагаліся да мая)
Краіна Рэспубліка Заір (сучасная Дэмакратычная Рэспубліка Конга)
Тып найміты
Функцыя садзейнічанне ў баявых дзеяннях
Колькасць 280 чалавек
Удзел у
Камандзіры
Вядомыя камандзіры Бельгія Крысціян Тавернье

Гісторыя правіць

З пачаткам вайны ў Заіры ўлады краіны выйшлі на вядомага французскага найміта Боба Дэнара з просьбай аказаць свае паслугі ў канфлікце. Той перанакіраваў іх да бельгійца Крысціяна Тавернье. У 1995 годзе ён здзейсніў інспекцыйную паездку ў Заір і склаў даклад аб вельмі нездавальняючым стане Узброеных Сіл краіны. Да работы над ваеннай падтрымкай для ўрада дзяржавы падключыліся французскія спецслужбы[1].

У лістападзе—снежні 1996 года пачалося фарміраванне атрада замежных наёмных спецыялістаў. Прыкрыццём для вярбоўкі служыла кампанія тэлекамунікацый і паветранай разведкі «Geolink». У стварэнні баявой групы дапамагалі ветэраны афрыканскіх канфліктаў, у прыватнасці, адстаўны палкоўнік Ален Ле Каро (дырэктар ахоўнага агенцтва ва Уагадугу) і былы жандарм Рабер Мантоя (начальнік офіса ПВК «Executive Outcomes» у Ламэ)[1]. Апошні ў будучыні прыме ўдзел у вярбоўцы беларускіх пілотаў у Кот-д’Івуар.

3 студзеня 1997 года на базу Кісангані прыбылі першыя 18 наймітаў. Гэты горад стане месцам дыслакацыі падраздзялення[1].

Атрад правіць

У «Белым легіёне» налічвалася прыкладна 280 чалавек. Штомесячны аклад — ад 3 да 10 тысяч долараў[1].

У падраздзяленні служылі грамадзяне такіх краін як Францыя, Вялікабрытанія, Бельгія, Італія, Ангола, Мазамбік, ПАР і Марока[2]. Аснову складалі сербы, у тым ліку з Рэспублікі Сербская Краіна і Босніі. Іх у злучэнні было каля ста чалавек. Сустракаліся таксама расіяне і ўкраінцы[1].

Байцоў абсталявалі аўтаматамі АК-47, кулямётамі М53 (мадыфікацыя MG 42), гранатамётамі РПГ-7, снайперскімі вінтоўкамі Драгунова[3].

«Белы легіён» меў уласнае авіяцыйнае падраздзяленне, якое ўключала чатыры савецкіх транспартна-баявых верталётаў Мі-24, некалькі французскіх верталётаў Puma і Sud-Aviation Gazelle, югаслаўскія лёгкія штурмавікі Galeb і Jastreb, два вучэбна-баявых самалёта SIAI-Marchetti S.211, а таксама транспартнік Іл-76. Апошні найміты выкарыстоўвалі як бамбардзіроўшчык. На ўзбраенні злучэння мелася таксама значная колькасць пераносных зенітна-ракетных комплексаў 9М36 «Страла-3»[1].

Баявы шлях правіць

У сферу дзейнасці фарміравання ўвайшлі спецыяльныя[4] і контрпартызанскія[5] аперацыі. У баявых місіях падтрымку «Беламу легіену» аказвала французская разведка DGSE[2].

Перш за ўсё замежнікі прыступілі да падрыхтоўкі заірскіх часцей да наступленне, прызначанага на 20 студзеня 1997 года. У гэтай аперацыі «Легіён» прымаў удзел у баях супраць групоўкі «Альянс дэмакратычных сіл за вызваленне Конга». Авіяцыя атрада нанесла ўдар па аўтакалонах з боепрыпасамі для паўстанцаў. Адначасна найміты трымалі абарону горада Валікале, дзе вызначыліся сербскія байцы. У пачатку лютага атрад праводзіў аперацыі ў раёне горада Ватса. 10 сакавіка найміты разам з часцямі 48-га палка арміі Заіра ў 60 км ад Кісангані спынілі прасоўванне паўстанцаў і адкінулі іх на пяць кіламетраў. Аднак праз пяць дзён войскам давялося пакінуць горад, эвакуіраваўшыся на верталётах і знішчыўшы свой штаб. Пасля гэтага «Белы легіён» пачаў паступова рассыпацца. Асобныя яго байцы змагаліся ў арміі Заіра да мая[6].

Вядомыя байцы правіць

  •   Крысціян Тавернье — камандзір.
  •   Міларад Палеміш — кіраўнік харвацкіх сербаў.
  •   Югаслаў Петрушыч — кіраўнік баснійскіх сербаў[7].

Зноскі

  1. а б в г д е Коновалов 2015, pp. 174–175.
  2. а б Musah, Fayemi 2000, p. 55.
  3. Musah, Fayemi 2000, pp. 140.
  4. Георгий Зотов. Дикие гуси : Откровения легендарного "солдата удачи" Боба Денара // Известия : газета. — 3 ноября 2001.
  5. Русские наёмники — от Африки до Сирии. Архівавана з першакрыніцы 16 мая 2022. Праверана 16 красавіка 2022.
  6. Коновалов 2015, pp. 176–178.
  7. Pech 2000, p. 138.

Літаратура правіць

  • Коновалов, Иван Петрович. Солдаты удачи и воины корпораций : История современного наёмничества. — Пушкино : Центр стратегической конъюнктуры, 2015. — 216 с. — ББК 68:8 К64. — УДК 623(G). — ISBN 978-5-9906069-7-5.
  • Mercenaries : An African Security Dilemma : [англ.] / Abdel-Fatau Musah, J. ‘Kayode Fayemi. — London : Pluto Press, 2000. — ISBN 0-7453-1476-7.
  • Khareen Pech. The Hand of War: Mercenaries in the Former Zaire 1996–97 : An African Security Dilemma. — London : Pluto Press, 2000. — С. 117-154. — ISBN 0-7453-1476-7.

Спасылкі правіць