Бо́гінскае, Богіна, Богінь — возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. У басейне ракі Дзісна, за 28 км на паўднёвы захад ад горада Браслаў, каля вёскі Богіна. Знаходзіцца на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры».

Богінскае
Багінскае
Морфаметрыя
Вышыня над узроўнем мора 129,8 м
Даўжыня 9,1 км
Шырыня 2,9 км
Плошча 13,2 км²
Аб’ём 0,0644 км³
Даўжыня берагавой лініі 32,2 км
Найбольшая глыбіня 15 м
Сярэдняя глыбіня 4,7 м
Гідралогія
Салёнасць да 0,25 ‰
Празрыстасць да 3,1 м
Басейн
Плошча вадазбору 914 км²
Размяшчэнне
Краіна  Беларусь
Рэгіён Віцебская вобласць
Богінскае (Беларусь)
Богінскае
Богінскае
Богінскае (Віцебская вобласць)
Богінскае
Богінскае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Назва правіць

На беразе возера знаходзіцца вёска Богіна (Богінь), назва якога звязаная з назвай возера.

Магчымае балцкае паходжанне назвы, якая магла ўзнікнуць у выніку перакладу літоўскага dievas «бог» (ад балцкага *deivas). У канцы 1970-х гадоў ад мясцовых старых было запісана, што на востраве пасярод Богінскага возера калісьці «стаялі літоўскія багі», а таксама што ў ваду некалі быў скінуты каменны ідал, якога называлі «Стод»[1].

Гэта пацвярджае і тапаніміка: на поўначы ад Богіна на процілеглых берагах Богінскага возера былі вёскі Ідаліна (на сёння не існуе) і Стуканы. Таксама на іншым ад Богіна беразе возера — вёска Дундаўшчына, у назве якой можа хавацца мясцовы дыялектны балтызм дундар, дундаль «пярун» (у праклёнах «каб цябе дундар/дундаль свіснуў»)[2].

Тыпалагічныя паралелі назве Богінскага возера — назвы Дзевінскага возера (каля вёскі Дзевіна) і возера Дзевіна (каля вёскі Дзевіна на Смаленшчыне)[3], якія знаходзяцца за 50 км адно ад аднаго. З-над Дзевінскага возера таксама вядома пра каменнага ідала, якога патапілі. У вёсцы Сімахі падчас экспедыцыі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства ў 2021 годзе былі запісаныя звесткі пра каменнага ідала, што стаяў на пагорку над Дзевінскім возерам. Прыблізна ў 1870—1880 гады яго завезлі чаўнамі і скінулі ў ваду пасярод возера.

«Божыя» водныя назвы ў Літве — назвы возера Dievytis, ракі Diev-upis[4].

Зусім магчыма, што Богінскае возера і яго ваколіцы былі задзейнічаныя ў сакральных практыках старажытных балтаў.

Гідраграфія правіць

Плошча 13,2 км². Даўжыня 9,1 км. Найбольшая шырыня 2,9 км. Даўжыня берагавой лініі 32,2 км. Найбольшая глыбіня 15 м, сярэдняя 4,7 м. Аб’ём вады 64,4 млн м³. Плошча вадазбору 914 км².
Катлавіна возера падпруднага тыпу, выцягнутая з паўночнага захаду на паўночны ўсход. Схілы катлавіны вышынёй да 6 м, пераважна спадзістыя, паўночныя вышынёй да 12 м, стромкія, месцамі разараныя. Берагавая лінія ўтварае некалькі заліваў. Да ўсходняга берагу прымыкае маляўнічы лясны масіў. Берагі нізкія, пясчаныя, паўднёвыя і паўднёва-заходнія забалочаныя, паўночна-заходнія і паўночныя зліваюцца са схіламі катлавіны. Мелкаводдзе да глыбіні 2 м пясчанае і пясчана-жвіровае. Глыбакаводная частка ложа возера выслана гліністым ілам і крэменязёмістым сапрапелем. На возеры 8 астравоў агульнай плошчай 32,5 га, 2 з іх (Гарадзішча і Церанцейка) — помнікі прыроды. Плошча вострава Церанцейка складае 6,2 га[5].

Экалогія правіць

Возера эўтрофнае, праточнае. Каля берагоў і астравоў зарастае аерам, хвашчом, трыснягом, чаротам, гарлачыкамі. Праз возера працякае рака Дрысвята, пры яе ўпадзенні пабудавана ГЭС. Упадае пратока з возера Альбенаўскага[6].

У возеры водзяцца шчупак, лешч, лінь, мянтуз, плотка, краснапёрка, акунь, карась і іншыя віды рыб.

На ўсходнім беразе сажалкавая гаспадарка па развядзенню малявак сазана, карпа, белага амура, таўсталобіка.

Папулярнае месца адпачынку, рыбалкі і турызму. На сажалках каля вёскі Чарніцы адзначана гнездаванне рэдкай для Беларусі птушкі — паганкі малой.

Зноскі

  1. Дучиц Л. В. Отчет о гидроархеологических исследованиях в Браславском и Миорском районах Витебской области в 1982 году / Л. В. Дучиц // Архіў археалагічнай навуковай дакументацыі ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі». — № 813.
  2. Беларуская міфалогія: Энцыклапед. слоўн. Мінск, 2004. С. 157.
  3. Беларуская міфалогія: Энцыклапед. слоўн. Мінск, 2004. С. 145.
  4. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 86.
  5. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — С. 272. — 583 с., іл. — 10 000 экз.
  6. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз.

Літаратура правіць

  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. Ч.
  • Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз.
  • Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Витебская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2010. — С. 16, 48. — 72 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-136-5. (руск.)

Спасылкі правіць