Брэсцкі бескурганны могільнік

Брэсцкі бескурганны могільнік — могільнік 170—270-х гг. н.э. на тэрыторыі Брэста (былая в. Трышын, цяпер вуліца Маскоўская), на правым беразе р. Мухавец. Выявіў у 1959 г., даследаваў у 19601963, 1965, 1977 гг. Ю. У. Кухарэнка. Выяўлена 75 пахаванняў на адлегласці 2—3 м адно ад аднаго ў прадаўгаватых і круглых ямах глыбінёй да 1 м, дыяметрам 0,3—0,7 м. Пахавальны абрад — трупаспаленне. Рэшткі крэмацыі, што праводзілася па-за межамі пахавання, ссыпалі на дно ямы, часам у спецыяльныя урны (гліняныя ляпныя гаршкі, збаны, міскі, вазы). Пахавальны інвентар (у 68 магілах па 3 рэчы ў кожнай) — гліняны посуд, прасліцы, жалезныя нажы і замкі, бронзавыя фібулы, дэталі паяснога набору, шкляныя пацеркі, металічныя бранзалеты і падвескі. Могільнік пакінуты плямёнамі вельбарскай культуры, што склалася ў Памор’і і нізоўях Віслы ў I ст. і носьбіты якой у сярэдзіне II ст. рухаліся на паўднёвы ўсход і дасягнулі Пабужжа, Валыні, Падоліі. Некаторыя даследчыкі звязваюць могільнік з адным з этапаў фарміравання славянскага этнасу.

Літаратура правіць