Тасманія
Тасманія (англ.: Tasmania) — аўстралійскі штат, размешчаны на аднайменным востраве за 240 км на поўдзень ад мацерыка Аўстраліі і аддзелены ад яго пралівам Баса. Адміністрацыя таксама распаўсюджваецца на бліжэйшыя астравы (Кінг, Фліндэрс і інш.) а таксама на аддалены востраў Макуоры. Насельніцтва — 495 354 чалавекі (2011 г.)[5]. Плошча — 68.332 км². Сталіца і найбуйнейшы горад — Хобарт.
Тасманія | |||||
---|---|---|---|---|---|
Tasmania | |||||
|
|||||
Краіна | Аўстралійскі Саюз | ||||
Уваходзіць у | |||||
Адміністрацыйны цэнтр | Хобарт | ||||
Дата ўтварэння | 3 снежня 1825 | ||||
Кіраўнік | Jeremy Rockliff[d] | ||||
Насельніцтва (2011) |
495 354 (6-е месца) | ||||
Шчыльнасць | 19,1 чал./км² | ||||
Плошча |
90,7 тыс. (7-е месца) |
||||
Вышыня над узроўнем мора |
1 009 м | ||||
Часавы пояс | UTC+10, UTC+11 і Australia/Hobart[d][3] | ||||
Код ISO 3166-2 | AU-TAS | ||||
Тэлефонны код | 03[4] | ||||
Афіцыйны сайт | |||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьТасманія была населена каля 40 — 35 тыс. гадоў таму выхадцамі з суседняй Аўстраліі, якія перайшлі па сухапутнаму масту, што ў той час аб’ядноўваў мацярык з сучасным востравам. Пасля заканчэння апошняга ледавіковага перыяду Тасманія была адрэзана ад Аўстраліі Басавым пралівам. Такім чынам, абарыгены Тасманіі былі вымушаны шмат тысячагоддзяў развівацца ізалявана ад астатняга свету. Да моманту кантактаў з еўрапейцамі яны не ведалі металаў і захоўвалі лад жыцця, характэрны для каменнага веку. Займаліся пераважна збіральніцтвам і паляваннем. У 1803 г. іх колькасць складала прыблізна 5 000 чалавек.
Галандская экспедыцыя на чале з Абелем Тасманам адкрыла востраў 24 лістапада 1642 г. і дала яму найменне Зямля Ван Дымена. Назва Тасманія замацавалася за ім толькі ў 1856 г. У 1772 г. яго даследавала французская, а ў 1777 г. брытанская экспедыцыі.
У 1803 г. пачалася каланізацыя вострава брытанцамі, якія выкарыстоўвалі паднявольную працу асуджаных катаржан. У 1804 г. імі быў заснаваны горад Хобарт. У 1805 г. пачалася бязвыплатная перадача земляў для вядзення сельскай гаспадаркі. Асваенне Тасманіі амаль адразу натыкнулася на праблемы забеспячэння новай калоніі, паўстанняў катаржан і сутычак з абарыгенамі. Гэта вымусіла ўлады часткова змяніць палітыку і запрасіць свабодных пасяленцаў. Яны ўпершыню прыбылі з Вялікабрытаніі ў 1816 г. Першыя каланісты імкнуліся вырошчваць зерневыя культуры. Але ў 1820 г. на Тасманію завезлі авечак-мерыносаў. З гэтага часу авечкагадоўля стала найважнейшай галіной мясцовай гаспадаркі.
3 снежня 1825 г. Тасманія была абвешчана самастойнай калоніяй. У 1856 г. пачаў дзейнічаць мясцовы двухпалатны парламент. З’явілася пасада прэм’ер-міністра. У 1868 г. быў прыняты закон аб усеагульнай адукацыі. У 1882 г. у Хобарце адкрыта фондавая біржа. У 1890 г. заснаваны ўніверсітэт Тасманіі.
У выніку войн і эпідэмій колькасць абарыгенаў стала скарачалася, але яны працягвалі турбаваць каланістаў. У 1828—1832 гг. уводзілася ваеннае становішча ў сувязі з іх нападамі. Вопыт брытанскіх ваенных, назапашаны ў барацьбе супраць абарыгенаў, потым выкарыстоўваўся супраць маары ў Новай Зеландыі. Тым не менш, гібель абарыгенаў трывожыла некаторых грамадскіх дзеячаў. У 1830—1833 гг. па іх патрабаванню ўцалелых тубыльцаў пачалі перасяляць на востраў Фліндэрс. З-за дрэннага забеспячэння і інфекцыйных захворванняў высланыя на Фліндэрс пачалі хутка паміраць. У 1847 г. са 167 перасяленцаў у жывых засталося толькі 47. Яны былі тэрмінова перапраўлены на станцыю Ойстэр-Коўв у 56 км на поўдзень ад Хобарта. Апошняя чыстакроўная абарыгенка Труганіні памерла там у 1876 г.
У 1870 г. у Тасманіі было адкрыта золата. З канца XIX ст. усё большую важнасць набывае здабыча і перапрацоўка карысных выкапняў, асабліва жалезнай руды. З пачатку XX ст. імкліва развівалася гідраэнергетыка. Аднак эканамічныя крызісы 1840—1845 гг., 1860 г. і 1891 г. прадэманстравалі слабасць гаспадаркі Тасманіі і выклікаў пераезд многіх эмігрантаў у Аўстралію і Новую Зеландыю. У 1898—1899 гг. на рэферэндумах было прынята рашэнне аб уваходжанні Тасманіі ў склад Аўстралійскага саюза. У 1901 г. адбыліся першыя выбары ў федэральны парламент. У 1910 г. у Хобарце адбылася буйная забастоўка рабочых. Яна доўжылася тыдзень і скончылася ўвядзеннем 48-гадзіннага рабочага тыдня і мінімальнага заробку.
Выхадцы з Тасманіі актыўна ўдзельнічалі ў I i II сусветных войнах, аказвалі дапамогу пацярпелым краінам Еўропы і Азіі, у тым ліку СССР.
У пасляваенны перыяд актыўна развіваліся мясцовая прамысловасць і турызм. Тасманія з’яўлялася пачаткам многіх навуковых антарктычных экспедыцый. У 1980 г. у прыгарадзе Хобарта пачала дзейнічаць штаб-кватэра Аўстралійскай Антарктычнай Службы.
У Тасманіі традыцыйна значную ролю ў палітычным жыцці адыгрывала Лейбарысцкая партыя. Мясцовы ўрад імкнуўся праводзіць сацыяльную палітыку. У 1968 г. была адменена смяротная кара. У 1995 г. узровень беспрацоўя скараціўся да 9,6 %. У 1997 г. Тасманія афіцыйна папрасіла прабачэння ў абарыгеннага насельніцтва. У тым жа годзе былі зняты ўсе забароны, накіраваныя супраць гомасексуальнасці.
14 мая 2004 г. жыхарка Тасманіі, Мэры Дональдсан, уступіла ў шлюб з дацкім прынцам Фрэдэрыкам.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Официальный сайт Тасмании.
- ↑ Тасмания // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1901. — Т. XXXIIа. — С. 661.
- ↑ https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/australasia
- ↑ Telecommunications Numbering Plan 2015
- ↑ 2011 Census QuickStats(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 15 кастрычніка 2012. Праверана 1 снежня 2012.
Літаратура
правіць- Тасма́нія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 449—450. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Тасма́ния // Большой словарь географических названий (руск.) / Гл. ред. В. М. Котляков. — Екатеринбург: У-Фактория, 2003. — С. 630. — 832 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-94799-148-9.
- Тасма́ния // Т. 25. Струнино — Тихорецк. — М. : Советская энциклопедия, 1976. — С. 285—286. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)
- Тасма́ния // Географический энциклопедический словарь: Географические названия (руск.) / Гл. ред. А. Ф. Трёшников; Ред. кол.: Э. Б. Алаев, П. М. Алампиев (зам. гл. ред.) и др. — 2-е изд., исправл. и дополн. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 471. — 592 с. — 210 000 экз. — ISBN 5-85270-057-6.
Спасылкі
правіць- Гісторыя Тасманіі Архівавана 29 кастрычніка 2012.
- Абарыгены Тасманіі. Гісторыя з 1803 г.