Вулька 2
Ву́лька 2[1] (трансліт.: Vuĺka 2, руск.: Вулька 2; гістарычная назва — Вулька Каўтунаватая[A]) — аграгарадок у Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр Вулькаўскага сельсавета. Месціцца за 21 км на паўднёвы захад ад Лунінца.
Аграгарадок
Вулька 2
| ||||||||||||||||||||||||
На заходняй ускраіне аграгарадка месціцца возера Вулька.
Гісторыя
правіцьУ 1613 годзе Воля — сяло маёнтка Кажан-Гарадок Новагародскага павета Вялікага Княства Літоўскага, валоданне Мікалая Кішкі, 30 валок зямлі, каля 60 двароў[2].
Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Кажан-Гарадоцкай воласці Пінскага павета Расійскай імперыі. Пад 1870 годам пазначаны 82 душы, сяло адносілася да Дзятлавіцкага праваслаўнага прыхода. На пачатку XX ст. вёска ў Кажан-Гарадоцкай воласці Пінскага павета. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з'езда КП(б) Беларусі вёска ўвайшла ў склад Беларускай ССР. У ліпені 1919 — ліпені 1920 гадоў і з кастрычніка 1920 года акупаваная польскімі войскамі. З 18 сакавіка 1921 года ў складзе Польшчы, вёска і фальварак Волька ў Кажан-Гарадоцкай гміне Лунінецкага павета Палескага ваяводства. У 1930 годзе працаваў паравы млын (3 рабочыя, 1933), лесапільны завод[2].
З канца 1939 года ў складзе БССР. З 12 кастрычніка 1940 года цэнтр сельсавета Лунінецкага раёна Пінскай вобласці. У ліпені 1941 года вёска акупаваная войскамі нацысцкай Германіі. Вызвалена ў ліпені 1944 года. На франтах загінулі 39 вяскоўцаў. Ад рук карнікаў загінулі 54 жыхары[2].
У 1949 годзе створаны калгас імя Чапаева (з 1965 «Світанне»). Да пачатку 1970-х гадоў вёска электрыфікаваная і газіфікаваная. У 1970 годзе працавалі філія Лунінецкага камбіната бытавога абслугоўвання, сярэдняя школа, фельчарска-акушэрскі пункт, Дом культуры, бібліятэка, магазін, аддзяленне сувязі. Пасля Чарнобыльскай катастрофы ў зоне радыяцыйнага кантролю[2].
У 2002 годзе ў складзе калгаса «Світанне». Працуюць амбулаторыя, участак Палескай доследна-меліярацыйнай станцыі, лазнева-пральны камбінат, сярэдняя школа, Дом культуры, аддзяленне філіі «Беларусбанка», аддзяленне сувязі, магазін, дзіцячы сад[2].
Насельніцтва
правіць- пач. XX ст. — 70 двароў, 502 жыхары
- 1923 год — 87 двароў, 566 жыхароў (вёска і фальварак разам)
- 1930 год — 783 жыхары
- 1939 год — 1473 жыхары
- 1970 год — 232 гаспадаркі, 1074 жыхары
- 1994 год — 363 гаспадаркі, 1149 жыхароў
- 1999 год — 1026 чалавек
- 2002 год — 337 гаспадарак, 1096 жыхароў
- 2005 год — 337 гаспадарак, 1120 жыхароў
- 2010 год — 906 чалавек[3]
Заўвагі
правіць- ↑ Пераназваная пасля ўваходжання ў БССР
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
- ↑ а б в г д Вулька 2 // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2007. С. 215—216
- ↑ Дзяржкартгеацэнтр (руск.). maps.by.(недаступная спасылка)
Літаратура
правіць- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2007. — 608 с.: іл. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0388-7.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вулька 2