Хатынь (вёска)

колішняя вёска ў Лагойскім раёне
(Пасля перасылкі з Вёска Хатынь)

Хаты́нь — колішняя вёска ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці Беларусі. Спалена карнікамі ў 1943 годзе, на яе месцы створаны мемарыяльны комплекс «Хатынь».

Вёска
Хатынь
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Вышыня цэнтра
244 м
Насельніцтва
  • 161 чал. (1943)
Хатынь на карце Беларусі ±
Хатынь (вёска) (Беларусь)
Хатынь (вёска)
Хатынь (вёска) (Мінская вобласць)
Хатынь (вёска)

Гісторыя правіць

У пісьмовых крыніцах вёска ўпершыню згадваецца ў 1551 годзе. У гэтым годзе вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст надаў менскаму старосту Васілю Цішкевічу прывілей набываць «землі і дварцы» ў Піліповічах, Слагавішчы і Хатыні, якія належалі літоўскім татарам[1]. У той час абшар татарскіх уладанняў на Лагойшчыне знаходзіўся ў вялікай пушчы абапал дарогі з Лагожска на Плешчаніцы, з падданымі ў сёлах Ніўкі, Хатынь, Губа, Слагавішча[2]. Васіль Цішкевіч купіў у мясцовых татар сярод іншых і сяло Хатынь, прычым татары пазней скардзіліся, што пры пакупцы Цішкевіч іх пакрыўдзіў. Былыя татарскія ўладанні былі затым аб’яднаны ў адзіны маёнтак Губа[3].

У сярэдзіне XVI стагоддзя Хатынь была даволі вялікім сялом. Колькасць жыхароў налічвала 13 службаў. У тыя часы «служба» складалася звычайна з 2—3 і больш «дымоў» — сялянскіх гаспадарак. Адпаведна, колькасць «дымоў» у Хатыні была прыблізна 30—40, а жыло ў вёсцы не менш за 200 чалавек. Заможнасць хатынцаў забяспечвалі «ловы» — паляўнічыя ўгоддзі, бортніцтва, воск, што здабывалі жыхары. Агулам даніна ўладальнікам зямлі Тышкевічам складала 20 пудоў мёду і «серабшчызны» — грашовай павіннасці — па 12 грошай ад «сахі» — зямельнага надзелу — штогод[4].

Знішчэнне вёскі правіць

У час Другой сусветнай вайны, раніцай 22 сакавіка 1943 года на скрыжаванні дарог ПлешчаніцыЛагойск і Казыры—Хатынь савецкія партызаны атрада «Мсцівец» абстралялі легкавую машыну, у якой ехаў гаўптман (капітан) Ганс Вёльке, камандзір адной з рот 118-га паліцэйскага батальёна, які быў сфарміраваны ў асноўным з палонных чырвонаармейцаў. Вёльке быў першым немцам, які заваяваў залаты алімпійскі медаль у лёгкай атлетыцы. Разам з былым лёгкаатлетам былі забітыя яшчэ некалькі паліцаяў-украінцаў[5]. Паліцаі 118 батальёна выклікалі на дапамогу спецыяльны батальён штурмбанфюрара Оскара Дырлевангера. Па дарозе з Лагойска, паліцаі арыштавалі і неўзабаве расстралялі групу мясцовых жыхароў — лесасекаў. Да вечара 22 сакавіка, карнікі па слядах партызанаў выйшлі да вёскі Хатынь, якую спалілі разам з усімі яе жыхарамі. Камандаваў расправай начальнік штаба 118 паліцэйскага батальёна Рыгор Васюра, былы старшы лейтэнант Чырвонай Арміі.

Мемарыяльны комплекс правіць

Мемарыяльны комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў вёскі Хатынь і іншых беларускіх вёсак, знішчаных акупантамі разам з насельніцтвам у Вялікую Айчынную вайну, быў адкрыты 5 ліпеня 1969 года.

Царква Раства Божай Маці правіць

На вясковых могілках у XIX стагоддзі была пабудавана царква ў гонар Раства Божай Маці. З’яўлялася помнікам народнага драўлянага дойлідства. Была прыпісана да Спаса–Праабражэнскай царквы ў Лагойску. У 1895 годзе царква была адрамантавана. На пачатку XX стагоддзя разбурана савецкімі ўладамі.

Царква была вырашана прамавугольным зрубам на падмурку (15 х 8,5 х 5,5 аршын). Сцены чляніліся 2 вялікімі і 2 малымі вокнамі. На франтальнай частцы дашчатага даху ўзвышалася 4-слуповая званіца[6].

Адбудавана ў 2022 годзе[7].

Зноскі

  1. «Хатынь»: символ вечной памяти и скорби белорусского народа. К 75-летию трагедии
  2. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна. У 2 кнігах. Кн. 1-я. — Мн., 2003.
  3. В. Насевіч — Лагойшчына у складзе Вялікага княства Літоўскага.
  4. Прэзентавана кніга «Хатынь. Трагедыя беларускага народа»
  5. Хатынь: хто спаліў беларускую вёску
  6. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна. У 2 кнігах. Кн. 2-я / Рэд. кал. Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2004. — 488 с.
  7. belta.by

Літаратура правіць

  • Рудлінг, Пэр Андэрс. Хатынская расправа: новы погляд на гістарычную спрэчку // № 1 (118) — 2013.  С. 149—201: іл., табл. Бібліягр. у падрадк. заўвагах. Пераклаў з англійскай мовы Вольф Рубінчык паводле аўтарскага арыгінала.

Спасылкі правіць