Гарадзец (гарадзішча, Крычаў)
Гарадзец (мясцовыя назвы «Цвінтар», ці «Прачысценская горка»[1]) — гарадзішча, размешчанае ў цэнтральнай частцы Крычава, на левым беразе ручая Крычавец (правы прыток р. Сож). Пляцоўка моцна пашкоджана, захавалася яе частка даўжынёй 50 м, шырынёй 16 м на поўначы і 5 м на поўдні. 3 паўночнага боку ўмацавана ровам шырынёй 16 м і глыбінёй 1,5 м.
Славутасць | |
Гарадзец | |
---|---|
Краіна |
Абследавалі ў розныя гады В. В. Сядоў, Г. В. Штыхаў, П. Ф. Лысенка. Археалагічныя даследаванні праводзілі М. А. Ткачоў (1974, плошча 46 м²) і А. А. Мяцельскі (1995—2000, плошча 168 м²). Культурны пласт таўшчынёй да 3,5 м, стратыграфічна падзяляецца на 3 гарызонты. На мацерыку знойдзены фрагменты гаршкоў сярэднедняпроўскай культуры ранняга перыяду бронзавага веку.
Ніжні гарызонт культурнага пласта дасягае магутнасці 0,6—0,9 м, адносіцца да днепра-дзвінскай культуры і, мяркуючы па знаходках, адклаўся ў V—III ст. да н.э. — I ст. н.э. У ім выяўлены глінабітныя падлогі рэшткаў пабудоў. Пабудовы размяшчаліся па цэнтры помніка, пакідаючы вольнымі ад забудовы тэрыторыю, прылеглую да фартыфікацыйных збудаванняў, што збліжае планіроўку і тэхніку будаўніцтва крычаўскага «Гарадца» з домабудаўнічай традыцыяй юхнаўскіх плямёнаў. У гэты ж час на гарадзішчы былі ўзведзены фартыфікацыйныя збудаванні ў выглядзе вастракола і выкапаны роў з паўночнага боку.
Прыкладна ў II ст. да н.э. — I ст. н.э. тут быў узведзены абарончы вал вышынёй да 1 м. Сярэдні стратыграфічны гарызонт мае магутнасць 0,2—0,95 м і датуецца II—IV стст. У яго запаўненні знойдзена кераміка тыпу сярэдняга слоя гарадзішча Тушамля, сярпы, нажы, упрыгажэнні. У гэты час абарончы вал гарадзішча неаднаразова ўзмацняўся. Сярэдні стратыграфічны гарызонт быў аддзелены ад першага праслойкай пажарышча.
Верхні стратыграфічны гарызонт таўшчынёй 0,7—1,2 м моцна пашкоджаны могілкамі XVIII ст. У яго ніжняй частцы сустракаюцца нешматлікія фрагменты керамікі гаршкоў тыпу верхняга слоя гарадзішчаў Тушамля і Дзямідаўка (V—VIII стст.). Асноўная маса матэрыялу верхняга стратыграфічнага гарызонта адносіцца да X—XIII стст. Сярод знаходак кераміка, шкляныя бранзалеты, пацеркі, наканечнікі стрэл, нажы, суліцы, пінцэт. Наверсе абарончага вала ў гэты перыяд стаяў вастракол. На поўнач ад гарадзішча ў 10—13 ст. знаходзілася селішча (плошча каля 1 га), на якім знойдзена кераміка гэтага часу, шкляныя бранзалеты.
Комплекс з гарадзішча і селішча X—XII ст. складалі аснову першапачатковага «Кречюта», які згадваецца ў Статуце Расціслава Мсціславіча (1136). У другой палове XII ст. паселішча пачало перамяшчацца на бераг Сажа і спынілася тут на пачатку XIV ст.
Яшчэ ў інвентары горада 1747 г. адзначаецца: «Гарадзішча старое, паўцыркуля (паўкруга) якога змыла рэчка Крычаўка. Некалі замак быў тут»[1].
Зноскі
- ↑ а б Мяцельскі 2003, с. 8.
Літаратура
правіць- Крычаў // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — Т. 1: А―К. — 496 с. — ISBN 978-985-11-0354-2.
- Мяцельскі А. А. Старадаўні Крычаў. Гісторыка-археалагічны нарыс горада ад старажытных часоў да канца XVIII ст. / А. А. Мяцельскі; Навук. рэд. П. Ф. Лысенка. — Мн.: Беларуская навука, 2003. — 167 с.: іл. — ISBN 985-08-0541-2.