Гербы студэнцкіх карпарацый
Гербы студэнцкіх карпарацый, студэнцкія гербы (ням.: Studentenwappen) — гербы студэнцкіх карпарацый — аб'яднанняў студэнтаў, якія ўзніклі на стыку XVIII і XIX стагоддзяў у нямецкіх універсітэтах і за наступныя два стагоддзі шырока распаўсюдзіліся ў студэнцкіх асяродках краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы[2]. Студэнцкімі карпарацыямі гербы выкарыстоўваюцца з пачатку XIX стагоддзя. Ад радавых гербаў, а таксама гербаў краін і мясцін, якія адпавядаюць нормам еўрапейскай класічнай геральдыкі, студэнцкія гербы адрозніваюцца наяўнасцю рада канструкцыйных сваеасаблівасцей.
АфармленнеПравіць
Студэнцкія гербы ў геральдычнай навуцы не прызнаюцца за «сапраўдныя» гербы, бо ў большасці сваёй не прытрымліваюцца строгіх геральдычных правіл. У прыватнасці, у большасці выпадкаў на шчытах (тарчах) гербаў студэнцкіх карпарацый змяшчаюцца негеральдычныя выявы.
ШчытПравіць
Як правіла, шчыты (тарчы) студэнцкіх гербаў чвартаваныя (падзеленыя на чатыры палі), часта ў цэнтры (на перакрыжаванні восевых ліній-меж палёў) прысутнічае дадатковы элемент — «сардэчнік» , ці «сяродкрыжжа» (ням.: Herzschild, Vierung; таксама інакш — шыльд , шчыток). У выніку шчыты складаюцца з чатырох-пяці палёў, якія запаўняюцца пэўным наборам гербавых элементаў. У класічнай геральдыцы «сяродкрыжжа» выкарыстоўваецца як спосаб злучэння геральдычных элементаў, змешчаных на шчыце, на студэнцкіх жа гербах «сяродкрыжжа», верагодна, было ўведзенна, каб мець больш месцаў для размяшчэння сімволікі студэнцкіх карпарацый .
Самым распаўсюджаным гербавым элементам з'яўляюцца фарбы студэнцкай карпарацыі (ням.: Couleur, Farben; польск.: barwy) — злучэнне найчасцей трох колераў (трыкалор), кожны з якіх нешта сімвалізуе. Як правіла, фарбы месцяцца ў адным з палёў па дыяганалі.
Яшчэ адным распаўсюджаным элементам з'яўляецца адмысловая манаграма студэнцкай карпарацыі, якая называецца цыркелем (ням.: Zirkel; польск.: cyrkiel). Цыркель звычайна размяшчаюць альбо ў адным полі з фарбамі паверсе іх, альбо ў асобным полі, часцей за ўсё ў «сяродкрыжжы».
Для запаўнення палёў шчыта таксама выкарыстоўваецца (галоўным чынам, на гербах карпусоў (ням.: Corps) — найстарэйшых нямецкіх студэнцкіх карпарацый) «Знак саюза» (ням.: Bundeszeichen), які мае масонскае паходжанне. Звычайна ён выяўляецца ў скарочаным варыянце: лаўровы вянок, два перакрыжаваныя шлягеры (ням.: Mensurschlägern), якімі б'юцца ў час мензурнагага фехтавання , і дата заснавання студэнцкай карпарацыі.
На гербах нямецкіх студэнцкіх карпарацыяй таксама шырако выкарыстоўваюцца сімвалы «Сяброўства» (выява поціску рук) і «Вечнасць» («Ураборас» ), якія былі перанятыя ў масонаў яшчэ студэнцкімі ордэнамі (т. зв. студэнцкімі законамі ) або запазычаныя з Антычнасці.
Часта ў якасці гербавых элементаў выкарыстоўваюцца гербы гарадоў, у якіх узніклі ці дзейнічаюць студэнцкія карпарацыі, альбо гербы мясцін ці краін, адкуль паходзяць члены той ці іншай карпарацыі[4]. Часам гэтыя элементы перадаюцца не дакладным чынам, а прадстаўляюць сабой варыяцыі па матывах арыгіналаў. Напрыклад, на гербе студэнцкай карпарацыі „Polonia“ , якая была заснавана ў 1828 годзе студэнтамі Дэрпцкага ўніверсітэта паходжаннем з зямель былой Рэчы Паспалітай, колеры палёў адпавядаюць колерам фарбаў карпарацыі , а не колерам палёў на гербах Польшчы, Літвы і Русі (дакладней, колішняга Кіеўскага ваяводства)[1].
У нямецкіх прафесійна-арыентаваных студэнцкіх карпарацыях у якасці гербавых элементаў выкарыстоўваюцца сімвалы: перакрыжаваныя молат і кірка — у горных спецыялістаў, дрэва ці галава аленя — у спецыялістаў у галіне лясной гаспадаркі, цыркуль ці шасцярня — у тэхнічных спецыялістаў, чэрап ці посах Асклепія — у медыкаў і ветэрынараў.
У такой разнавіднасці нямецкіх студэнцкіх карпарацый, як бурствы (ням.: Burschenschaften; брацтва буршаў), часта ўжываецца дэвіз самага першага бурства (ням.: Urburschenschaft), якое было заснавана ва ўніверсітэцкім горадзе Іена ў 1815 годзе, а менавіта: «Гонар, свабода, айчына» (ням.: „Ehre, Freiheit, Vaterland“). Словы гэтага дэвіза прынята афармляць у выглядзе асобных гербавых элементаў: так, напрыклад, скрыжаваныя шлягеры сімвалізуюць гонар, узыходзячае сонца — свабоду, а дрэва дуба — айчыну. Таксама часта паверсе меж чвартаванага шчыта размяшчаюць Чорны крыж (ням.: Schwarzes Kreuz). Акрамя таго, распаўсюджаным з'яўляецца выкарыстанне ў якасці гербавага элемента знака «Ліра і меч» .
У нямецкіх турнерствах (ням.: Turnerschaften; гімнастычныя студэнцкія таварыствы) часта ўжываюць выяву Турнерскага крыжа (ням.: Turnerkreuz), у музычных студэнцкіх аб'яднаннях — выяву арфы, у навуковых студэнцкіх аб'яднаннях — выявы скрутка (кнігі) ці савы.
Шчыт герба студэнцкага корпуса „Marchia Breslau“ мае элементы: герб Брандэнбурга, «Знак саюза», фарбы, цыркель.
Шчыт герба студэнцкай карпарацыі „Baltonia Dorpat“ мае элементы: фарбы, цыркель, «Знак саюза», герб Дэрпта.
Шчыт герба акадэмічнага клуба „Agricola“ мае элементы, якія размешчаны паверсе фарбаў: перакрыжаваныя молат і кірка, герб Берліна, герб месца заснавання, «Знак саюза», цыркель.
Іншыя гербавыя элементыПравіць
Як у выпадку з гербамі ў класічнай геральдыцы, найбольш распаўсюджанымі дадатковымі элементамі студэнцкіх поўных гербаў з'яўляюцца шлем (гелм) з кляйнотам і намётам. Шлем пераважна ўпрыгожваюць каронай, якая, паводле геральдычнай навукі, з'яўляецца атрыбутам высакароднасці.
Шмат на якіх гербах нямецкіх студэнцкіх карпарацый зверху і знізу прысутнічае атачэнне ў выглядзе слоў дэвіза. Пераважна выкарыстоўваецца наступная форма: зверху — „<Назва карпарацыі> sei’s Panier!“ (даслоўна: «<Назва карпарацыі>, будзь сцягам!»), знізу — уласны дэвіз карпарацыі.
Шчытатрымальнікі ў гербах студэнцкіх карпарацый выкарыстоўваюцца вельмі рэдка.
Кляйноты на большасці студэнцкіх гербаў маюць такі ж выгляд, як на гербах, выкананых па правілах класічнай геральдыкі, і ўяўляюць сабой страусавыя пёры, афарбаваныя ў колеры фарбаў студэнцкіх карпарацый , пры гэтым колькасць пёраў адпавядае колькасці колераў у фарбах[5]. Зрэдку выкарыстоўваюцца іншыя геральдычныя фігуры, напрыклад, два птушыныя крылы (ням.: Flug) ці галава аленя. Страусавыя пёры ў якасці кляйнота на нямецкіх звычайных гербах выкарыстоўваюцца даволі рэдка, гэты геральдычны элемент больш уласцівы для польскіх гербаў.
Гербы хрысціянскіх студэнцкіх аб'яднанняўПравіць
Адметнасцю гербаў хрысціянскіх студэнцкіх карпарацый (ням.: Wingolfsverbindungen) з'яўляецца тое, што яны маюць агульны для ўсіх узор афармлення і абавязкова ўтрымоўваюць на чвартаваным шчыце ў якасці гербавых элементаў: Іерусалімскі крыж , у нямецкіх і аўстрыйскіх карпарацыях — выяву Імперскага (ням.: Reichsadler) ці Федэральнага арла (ням.: Bundesadler), а таксама выяву герба горада, у якім месціцца карпарацыя[4]. Толькі адносна чацвёртага поля маюцца разыходжанні. У той час як старыя студэнцкія аб'яднанні змяшчаюць там выяву лаўровага вянка з датай заснавання карпарацыі, на гербах больш маладых аб'яднанняў можа змяшчацца рэгіянальны герб. Выявы намётаў таксама выконваюцца аднолькавым чынам. Спасылкай на герб Іерусалімскага каралеўства тлумачыцца наяўнасць недапушчальнага ў класічнай геральдыцы спалучэння металічных залатога і белага (сярэбранага) колераў пры выкарыстанні такого гербавага элемента, як Іерусалімскі крыж.
Спалучэнне гербаўПравіць
У выпадку аб'яднання студэнцкіх карпарацый паўстае пытанне не толькі наконт прыняцця новай назвы і новых фарбаў , але таксама і агульнага герба. Праблема вырашаецца альбо праз пакіданне герба адной з карпарацый, альбо праз злучэнне гербаў. У апошнім выпадку можа быць створаны як зусім новы герб, у якім захоўваюцца асноўныя элементы папярэдніх гербаў, так і альянс гербаў, калі пакідаюцца, як мінімум, арыгінальныя шчыты, якія ставяцца побач адзін да аднаго. Бывае, што такі альянс гербаў мае агульныя шлем, кляйнот і намёт.
ГісторыяПравіць
Узнікненне і распаўсюджваннеПравіць
Гербамі карысталіся яшчэ студэнцкія зямляцтвы ранняга Новага часу, але, хутчэй за ўсё, гэта былі гербы краін ці мясцін, адкуль паходзілі студэнты. Студэнцкія гербы, нагружаныя ўласнымі сэнсамі, з'явіліся ў канцы XVIII стагоддзя ў асяроддзі студэнцкіх ордэнаў (т. зв. студэнцкіх законаў ). Насуперак правілам пурыстычнай класічнай геральдыкі, якая ўжо ў той час знаходзілася ў стане заняпаду, студэнцкія аб'яднанні аддалі перавагу «сімвалічнай вучэбнай табліцы ў форме герба»[6].
Самым старым з вядомых студэнцкіх гербаў з'яўляецца герб узнікшага ў 1794 годзе ў Фрайбергу ордэнападобнага студэнцкага аб'яднання „Concilium Metallicorum“[7][8].
Форма гербаў уласна студэнцках карпарацый узнікла каля 1810 года і шырока распаўсюдзілася сярод ранніх карпусоў (ням.: Corps) — найстарэйшага з існуючых тыпаў студэнцкіх аб'яднанняў. Фарбы студэнцкіх карпарацый узніклі тады ж. Распаўсюджванне студэнцкіх гербаў, верагодна, варта разглядаць у сувязі са з'яўленнем фарфоравых курыльных трубак, вядомых як самыя раннія прадметы, на якіх змяшчаліся выявы гербаў студэнцкіх карпарацый. Найранейшая традыцыя выкарыстання студэнцкіх гербаў узнікла ва ўніверсітэцкім горадзе Іена, які лічыцца месцам паходжання студэнцкіх карпарацый[9].
Узнікненне малога гербаПравіць
На працягу XIX стагоддзя сфарміравалася практыка выкарыстання студэнцкіх гербаў у скарочанай форме. Паводле яе, на гербавым шчыце выяўляюцца па дыяганалі фарбы , а паверсе іх цыркель студэнцкай карпарацыі . Такі шчыт атрымаў назву «Уфарбаваны шчыт» (ням.: Farbschild), а сама форма герба часта называецца малым гербам.
Намаганні па рэфармаванні студэнцкай геральдыкіПравіць
Гербы студэнцкіх карпарацый па той прычыне, што вельмі рэдка адпавядаюць нормам класічнай геральдыкі, увесь час падвяргаюцца крытыцы з боку геральдычнай навукі. У прыватнасці, у традыцыі студэнцкіх гербаў прынята выкарыстанне танальных варыяцый аднаго колеру, што, з пункту гледжання класічнай геральдыкі, робіць немагчымым дакладнае апісанне такіх гербаў, і гэта акалічнасць ізалюе студэнцкую геральдыку ад класічнай геральдычнай традыцыі[10].
У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў у нямецкамоўных краінах было прадпрынята некалькі спроб разгарнуць рэфармаванне студэнцкай геральдыкі з мэтай прывядзення яе ў адпаведнасць з нормамі геральдычнай навукі. У прыватнасці, прапанавалася прыбраць са студэнцкіх гербаў выявы цыркеля і літарных знакаў. Але ў кансерватыўным асяроддзі студэнцкіх карпарацый гэтая і іншыя прапановы былі ўспрынятыя ў якасці непрымальных, і, у канечным выніку, усе захады па рэфармаванні студэнцкай геральдыкі аказаліся няўдалымі[11].
Выкарыстанне ў быцеПравіць
На сённяшні дзень, у краінах, дзе атрымалі распаўсюджанне студэнцкія карпарацыі, выявы студэнцкіх гербаў можна пабачыць на сценах і дахах будынкаў, на асобных карцінах, а таксама на разнастайных бытавых рэчах, сярод якіх найбольшай папулярнасцю карыстаюцца фарфоравыя піўныя кубкі. Вырабленныя з каштоўных матэрыялаў выявы студэнцкіх гербаў былі папулярнымі падарункамі (асабліва ў часы Германскай імперыі) як унутры карпарацый, так і паміж сябруючымі карпарацыямі[12]. У 1970-я і 1980-я гады былі ў модзе налепкі з выявамі студэнцкіх гербаў, якія мацаваліся на бамперах аўтамабіляў.
КрыніцыПравіць
- Erich Bauer: Wann, wo und wie entstanden unsere Wappen? Eine Aufgabe für unsere gemeinschaftliche Geschichtsforschung. Einst und Jetzt 7 (1962), S. 74—79.
- Emily Helen Butterfield: College Fraternity Heraldry. George Banta Publishing, Menasha 1931.
- Michael Doeberl u. a. (Hrsg.): Das Akademische Deutschland. Band 4: Die Wappen der deutschen Korporationen des In- und Auslandes. Berlin 1931.
- Gregor Gatscher-Riedl: Das studentische Wappenwesen. Eine Einführung in die heraldische Tradition akademischer Studentenverbindungen. In: Adler. Zeitschrift für Genealogie und Heraldik, Nr. 4, 24. April 2005, S. 97—105.
- Theodor Hoelcke: Die Wappen der Bünde des Coburger Convent. o. O. 1982/1983.
- Gerhard Richwien: Das Erbe der Orden. Symbolwelt der Aufklärungszeit und ritterliches Identifikationsmuster im akademischen Korporationswesen. In: Erich Donnert (Hrsg.): Europa in der frühen Neuzeit. Festschrift für Günter Mühlpfordt. Band 6: Mittel-, Nord- und Osteuropa. Böhlau, Köln 1997. S. 627—650.
- Rudolf Sack: Akademische Wappenkunde. Ein Handbuch für Akademiker, Heraldiker und Künstler. Neu Isenburg 1935.
- Oskar Franz Scheuer: Studentische Heraldik. In: Michael Doeberl u. a. (Hrsg.): Das Akademische Deutschland. Band 2: Die deutschen Hochschulen und ihre akademischen Bürger. Berlin 1931. S. 113—124.
- Aribert Schwenke: Symbole, Embleme und Geheimzeichen in Kösener Corpswappen. Einst und Jetzt 41 (1996), S. 29—82.
ЗноскіПравіць
- ↑ а б Konwent Polonia [Zasób elektroniczny] // Archiwum i muzeum polskich korporacji akademickich. — Serwis internetowy. — Data dostępu: 26.07.2016. — Tryb dostępu: http://www.archiwumkorporacyjne.pl/index.php/muzeum-korporacyjne/dorpat/konwent-polonia/. — Tytuł z ekranu.
- ↑ O korporacjach [Zasób elektroniczny] // Archiwum i muzeum polskich korporacji akademickich. — Serwis internetowy. — Data dostępu: 26.07.2016. — Tryb dostępu: http://www.archiwumkorporacyjne.pl/index.php/muzeum-korporacyjne/o-korporacjach/. — Tytuł z ekranu.
- ↑ Historia [Zasób elektroniczny] // Korporacja Akademicka Welecja. — Serwis internetowy. — Data dostępu: 26.07.2016. — Tryb dostępu: http://www.welecja.pl/5,Historia. — Tytuł z ekranu.
- ↑ а б Gerhard Richwien: Das Erbe der Orden. In: Erich Donnert (Hrsg.): Europa in der frühen Neuzeit. Festschrift für Günter Mühlpfordt. Band 6: Mittel-, Nord- und Osteuropa. Böhlau, Köln 1997. S. 636.
- ↑ Gerhard Richwien: Das Erbe der Orden. In: Erich Donnert (Hrsg.): Europa in der frühen Neuzeit. Festschrift für Günter Mühlpfordt. Band 6: Mittel-, Nord- und Osteuropa. Böhlau, Köln 1997. S. 637.
- ↑ Gerhard Richwien: Das Erbe der Orden. In: Erich Donnert (Hrsg.): Europa in der frühen Neuzeit. Festschrift für Günter Mühlpfordt. Band 6: Mittel-, Nord- und Osteuropa. Böhlau, Köln 1997. S. 627—650, hier: S. 631.
- ↑ Paul Ssymank, Friedrich Schulze: Das deutsche Studententum von den ältesten Zeiten bis zur Gegenwart, München 1932. S. 324.
- ↑ Leopold Knobloch et al. (Hrsg.): Bergstudenten. Geschichte und Brauchtum an den Montanhochschulen in Schemnitz, Clausthal, Freiberg und Leoben. SH-Verlag, Köln 2003. S. 15.
- ↑ Erich Bauer: Wann, wo und wie entstanden unsere Wappen? Eine Aufgabe für unsere gemeinschaftliche Geschichtsforschung. Einst und Jetzt 7 (1962), S. 74—79.
- ↑ Václav Vok Filip: Einführung in die Heraldik. (= Historische Grundwissenschaften in Einzeldarstellungen, Bd. 3) Steiner, Stuttgart 2000. ISBN 3-515-07559-3. S. 39.
- ↑ Oskar Franz Scheuer: Studentische Heraldik. In: Michael Doeberl u. a. (Hrsg.): Das Akademische Deutschland. Band 2: Die deutschen Hochschulen und ihre akademischen Bürger. Berlin 1931. S. 113—124, hier S. 121.
- ↑ Silke Möller: »Bier, Unfug und Duelle«? Corpsstudentische Erziehung im deutschen Kaiserreich 1871—1914. Meidenbauer, München 2004. S. 111.
Гербы студэнцкіх карпарацый на Вікісховішчы |