Голад ва Усходняй Афрыцы (2011)

Голад ва Усходняй Афрыцы 2011 года — гуманітарная катастрофа, якая па даных міжнародных арганізацый пагражае каля 11,5 мільёнам чалавек, першым чынам у Самалі (3,7 мільёнаў), Эфіопіі (4,8 мільёнаў), Кеніі (2,9 мільёнаў) і Джыбуці (164 тысяч).[1] Харчовы крызіс закрануў таксама Эрытрэю і іншыя усходнеафрыканскія дзяржавы, па якіх, аднак, няма дакладнай статыстыкі. Паводле міжнароднага фонду дапамогі дзецям ЮНІСЕФ, галадаюць каля двух мільёнаў дзяцей у рэгіёне, а каля 500 тысяч з іх знаходзяцца ў стане, небяспечным для жыцця, што ў параўнанні з 2009 годам з'яўляецца павелічэннем у паўтара разы. Па даных ААН у рэгіёне мае месца «наймацнейшая засуха за апошнія 60 гадоў», а сітуацыя з'яўляецца самай буйнай гуманітарнай катастрофай у свеце на ліпень 2011 года.[2]

Карта харчовай сітуацыі ва Усходняй Афрыцы, прагноз на ліпень-верасень 2011 года

Прычыны і перадгісторыя правіць

 
Мёртвая скаціна ў Самалілендзе

У рэгіёне, размешчаным вакол Самалійскага паўвострава, на працягу апошніх дзесяцігоддзяў ужо неаднаразова мелі месца катастрофы, звязаныя з голадам. У сярэдзіне 1980-х гадоў у выніку экстрэмальнай засухі і палітычнай бяздзейнасці ў Эфіопіі загінула каля мільёна чалавек. Грамадзянская вайна ў Самалі ў спалучэнні з засухай выклікалі буйны голад у гэтай краіне напачатку 1990-х. Яшчэ адна катастрофа 2006 года ахапіла поўнач Кеніі, поўдзень Самалі, усход Эфіопіі і Джыбуці.

Голад 2011 года ў значнай ступені выкліканы двума запар вельмі слабымі сезонамі дажджоў, з-за чаго сельскагаспадарчы сезон 2010/2011 быў самым засушлівым з 1950/1951 года. Ужо ў снежні 2010 года, пасля недастаткова моцнага восеньскага сезону дажджоў, справа дайшла да страты вялікай часткі ўраджая і мору скаціны.[3] Галоўны сезон дажджоў, які прыходзіцца на раннюю вясну, пачаўся занадта позна і быў вельмі няўстойлівым. У некаторых абласцях выпала ўсяго 30 % звыклых ападкаў, а смяротнасць сярод скаціны дасягнула месцамі 60 %. Рэзка знізілася вытворчасць малака, важнага прадукта харчавання для дзяцей, а кошты на асноўныя прадукты харчавання ў маі дасягнулі рэкордных вышынь.

Наступствы правіць

 
Бежанцы ў кенійскім лагеры Дадааб

У найбольш бядотным становішчы апынулася насельніцтва Самалі, бо дастаўка гуманітарнай дапамогі ў гэту краіну, абхопленую грамадзянскай вайной і безуладдзем, спалучана з вялікай рызыкай і цяжкасцямі. У Самалі голадам былі абхоплены два паўднёвых рэгіёна — Бакул і Паўднёвы Шабель. Па даных ААН, тэрміновая дапамога патрабуецца 2,8 млн жыхароў. Кожнае трэцяе дзіця ў найбольш пацярпелых рэгіёнах недаядае і штодня ад голаду паміраюць чатыры дзіцяці з кожных 10 тысяч, паведаміла прадстаўнік ведамства ААН па аказанні гуманітарнай дапамогі Элізабет Бірс. Тысячы жыхароў Самалі адправіліся ў суседнія Кенію і Эфіопію каб здабыць ваду і пражытак. Па даных дабрачыннай арганізацыі Save the Children, у лагер бежанцаў Дадааб на мяжы Кеніі і Самалі штодня прыбываюць каля 1300 чалавек. Большасць бежанцаў — дзеці, у якіх урачы фіксуюць стому, знясіленне і абязводжванне. Аднак шматлікія жыхары Самалі не могуць пакінуць краіну, таму што баяцца патрапіць пад кулі баявікоў, якія ваююць адзін з адным.

У ліпені 2011 г. Вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаў Антоніа Гут'ерэш заклікаў міжнародныя гуманітарныя агенцтвы дапамагчы пацярпелым і заявіў, што ААН ужо вядзе перамовы з усімі арганізацыямі, якія могуць аказаць хоць нейкую дапамогу афрыканцам, якія паміраюць ад голаду і смагі — нават з тымі, якіх прылічаюць да радыкальных і тэрарыстычных. З 2009 года групоўка «Аль-Шабаб» забараніла дзейнасць замежных гуманітарных арганізацый на падкантрольных ёй тэрыторыях у цэнтры і на поўдні Самалі. Аднак у 2011 годзе баявікі ўсё ж дазволілі абмежаваны доступ гуманітарных грузаў.[4][5][6]

26 ліпеня 2011 г. першы рэйс Сусветнай харчовай праграмы ААН з грузам у 10 тон камплектаў харчавання для дзяцей прыбыў у аэрапорт Магадзіша. Гэтага дастаткова для дапамогі 3500 дзецям, якія пакутуюць ад дыстрафіі, на працягу месяца. Міністр замежных спраў Самалі Махамед Ібрагім папярэдзіў, што больш 3,5 мільёнаў чалавек могуць памерці ад голаду ў яго краіне. Еўрапейскі Саюз вылучыў для дапамогі паражонным засухай краінам Усходняй Афрыкі 101 млн долараў.[7]

Зноскі

Спасылкі правіць