Горкі (Старадарожскі раён)
Го́ркі[1] (трансліт.: Horki, руск.: Горки) — аграгарадок у Старадарожскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Языльскага сельсавета.
Аграгарадок
Горкі
|
Да 28 мая 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Горкаўскага сельсавета[2].
Паходжанне назвы
правіцьНазва паходзіць ад слова «гара». Ёсць версія, што раней тэрыторыя мясцовасці была амаль цалкам пакрытая балотамі. Перасяленцы, перабіраючыся праз балота, вышлі на сухое месца, горку. Стомленыя людзі вырашылі застацца і адпачыць, а затым стварылі паселішча і засталіся тут жыць [3].
Гісторыя
правіцьЗнойдзеныя ў Горках каменныя сякеры бронзавага веку сведчаць, што першыя пасяленцы тут з’явіліся ў другім тысячагоддзі да нашай эры. Асобныя экспанаты захоўваюцца ў музеі горкаўскай школы.
Першае летапіснае ўзгадванне датуецца 6 ліпеня 1582 года і звязанае з дзяленнем спадчыны слуцкага князя Юрыя Алелькавіча. Горкі разам з навакольнымі землямі былі аддадзеныя Яну Сымону Алелькавічу. Пасля яго смерці, Горкі дасталіся ў спадчыну пляменніцы Соф’і Слуцкай, якая ў 1592 годзе завалодала ўсім Слуцкім княствам. Паколькі Соф’я Слуцкая была апошняй з роду Алелькавічаў, пасля яе смерці навакольныя землі перайшлі ў валоданне яе мужу князю Янушу Радзівілу і да пачатку XIX стагоддзя належалі Радзівілам.
У пачатку XIX стагоддзя Горкі разам з навакольнымі землямі дасталася дваранам Перасвет-Солтанам. Вёска была падзеленая паміж братамі Леанардам (паўночная частка) і Іосіфам (паўднёвая частка). У сярэдзіне XIX стагоддзя належыць Адаму Перасвет-Солтану, які быў блізкім сябрам Альгерда Абуховіча. Маёнтак Солтанаў размяшчаўся на месцы цяперашняй Горкаўскай школы на беразе ракі Арэсы. Да маёнтка вяла ліпавая алея, якая захавалася дагэтуль. Сядзіба была разбураная ў 1950-х.
Верагодна, падчас паўстання 1863 года ў доме Перасвет-Солтанаў паўстанцы перахоўвалі зброю. Падчас паездкі ў Варшаву ў сядзібу Перасвет-Солтанаў завітваў Аляксандр ІІ.
Пасля смерці Адама Перасвет-Солтана, Горкамі валодаў яго сын Мечыслаў. Згодна з мясцовымі ўспамінамі, пасля смерці Мечыслава Перасвет-Солтана, яго везлі хаваць на шасці чорных конях. Пахаваны ён быў у шкляной труне на каталіцкіх могілках каля Навасёлак.
У 1867 годзе ў Горках была пабудавана Свята-Мікалаеўская царква. Царква была разбурана ў 1960-х. На месцы царквы мясцовамі жыхарамі ўсталяваны крыж, зроблены з каванага крыжа Свята-Мікалаеўскай царквы.
Больш за 30 жыхароў вёскі прымалі ўдзел у Слуцкім паўстанні.
9 мая 1967 года адбылася закладка кургана ў гонар загінулых у Другой сусветнай вайне, у аснову якога былі закладзены горсці зямлі з брацкіх магіл савецкіх войнаў, пахаваных у Горках, Навасёлках, Солане. Курган і помнік былі ўрачыста адкрытыя 3 ліпеня 1967 г. У 1970 годзе каля кургана быў закладзены сквер.
Горкаўская школа
правіцьУ 1862 годзе быў дадзены дазвол на адкрыццё ў Горках царкоўна-прыходскай школы. У 1879 пачынае функцыянаваць Горкаўская народная вучэльня, на ўтрыманне якой дзяржавай вылучалася 175 рублёў у год, а 139 рублёў збіралася мясцовымі жыхарамі [4]. У першы год функцыянавання вучэльні там вучылася 24 хлопчыкі, у пачатку XX стагоддзя колькасць вучняў дасягнула 100 чалавек.
Народная вучэльня да пажару ў 1911 года размяшчалася ў пачатку вёскі, у вялікай драўлянай хаце разам з фельдшарскім пунктам і побач з валасным упраўленнем. Школа мела падрыхтоўчы клас і тры аддзяленні. Вучэбны год праходзіў у перыяд вольны ад сельскагаспадарчых прац — ад позняй восені да ранняй вясны. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі вучэльня размясцілася ў двухпавярховым маёнтку Перасвет-Солтанаў [5].
У 1923 вучэльня ператворана ў сямігадовую школу. Колькасць навучэнцаў складала больш за 200. Першы выпуск сямігодкі адбыўся ў 1929 годзе. 11.01.1924 у школе створаны піянерскі атрад, у 1930 камсамольская арганізацыя. У 1939 годзе школа пачала даваць поўную сярэднюю адукацыю з 10-ццю класамі абучэння. З 1 лютага 1976 года школа месціцца ў шматпавярховым будынку. У 1979 годзе адкрыты краязнаўчы музей [6].
Геаграфія
правіцьВёска размешчана на правым беразе ракі Арэсы.
Праз вёску праходзіць шаша Р43, якая раней з’яўлялася дарогай Масква-Варшава.
Прадпрыемствы
правіцьУ аграгарадку функцыянуе сярэдняя агульнаадукацыйная школа, яслі-сад, фельчарска-акушэрскі пункт, цэнтр культуры і адпачынку, бібліятэка.
У Горках размяшчаецца ўправа сельскагаспадарчага прадпрыемства ААТ «Асвіца», працуе крама раённага спажывецкага таварыства, 2 прыватныя крамы, кавярня прыдарожнага сервіса «Пралеска».
Вядомыя асобы
правіць- Леанід Якаўлевіч Мінько (1934—2002) — беларускі навуковец у галіне лазернай плазмадынамікі.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Архівавана 31 сакавіка 2016. (руск.)
- ↑ СТВ. Деревня Горки (Минская область): Если большая часть нашей интеллигенции говорила или по-русски, или по-польски, то владелец местечка Адам Пересвет-Солтан разговаривал и писал на белорусском языке Архівавана 14 красавіка 2015. (руск.)
- ↑ Памятная книжка Виленского учебного округа. — на 1884—1885 учебный год
- ↑ Основные этапы развития образования Стародорожского района. Музей «История образования Стародорожского района» Архівавана 13 кастрычніка 2017. (руск.)
- ↑ Летапіс Горкаўскай сярэдняй школы Архівавана 4 снежня 2021.
Спасылкі
правіць- Праграма «Новыя падарожжы Дылетанта» на СТБ, 11.08.2013
- Сайт ДУА «Горкаўская сярэдняя школа» Архівавана 2 сакавіка 2021. (руск.)
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх