Грамадства спажывання

Грамадства спажывання (англ.: consumer society) — метафара, якая абазначае сукупнасць грамадскіх дачыненняў, што склаліся на аснове прынцыпу індывідуальнага спажывання. Грамадству спажывання ўласцівае масавае спажыванне матэрыяльных выгодаў і ўтварэнне адпаведнай сістэмы каштоўнасцей і ўсталёвак. Павелічэнне колькасці людзей, якія падтрымліваюць каштоўнасці грамадства спажывання, з’яўляецца адной з рысаў сучаснага чалавецтва.

Мяркуецца, што гэтае паняцце з’явілася ва ўжытку на Захадзе да 1920 года[1] або пасля Другой сусветнай вайны.[2] Паняцце «спажывецтва» (анг. consumerism) прыйшоў ва ўжытак паралельна з ім.

Вывучэннем і крытыкай грамадства спажывання, у т. л. да з’яўлення самога панятку, займалася вялікая колькасць мысляроў і навукоўцаў. Сярод іх Торстэйн Веблен, Карл Менгер, Венс Пекард, Жан Бадрыяр (у т. л. ў творы «Грамадства спажывання: міфы і пабудовы» 1970 г.), Эрых Фром, Джон Гэлбрэйт.

Крэдытная картка, адзін з сімвалаў грамадства спажывання

З матэрыялістычнага гледзішча грамадства спажывання з’яўляецца ў выніку пашырэння капіталістычных стасункаў, якое суправаджаецца бурным эканамічным і тэхналагічным развіццём. Лічыцца, што капіталізм выклікае такія сацыяльныя змены, як рост прыбыткаў насельніцтва, які істотна змяняе структуру спажывання; зніжэнне працягласці працоўнага дня і павелічэнне вольнага часу; нарэшце, размыванне класавай структуры і індывідуалізацыя спажывання.

З ідэалістычнага гледзішча грамадства спажывання з’яўляецца эканамічнай праекцыяй палітычнай ідэі ўсеагульнай роўнасці. Сама ж ідэя роўнасці, як лічыцца, вынікае са старэння і заняпаду цывілізацыі і згубы ёй якіх-небудзь мараў і мэтаў высокага парадку. Паколькі ў адсутнасць супольных мэтаў натуральная еднасць грамадства немагчымая, то для захавання цэласнасці апошняга пачынаюць ужывацца палітычныя тэхналогіі, найперш прапаганда роўнасці і індывідуалізму.

У спажыванні, якое выходзіць за межы барацьбы за фізічнае існаванне, у рознай ступені ўдзельнічае пераважная большасць насельніцтва. За апошнія 40 год XX ст. асабістыя расходы на тавары і паслугі ва ўсім свеце павялічыліся больш як у чатыры разы ― з 4,8 млрд долараў у 1960 годзе да 20 млрд у 2000 годзе.

Рысы грамадства спажывання

правіць

Гандаль і сфера абслугоўвання, фінансы

правіць
 
Калядныя закупкі ў Таронта (Канада)

Вядучую ролю пачынаюць граць буйныя гандлёвыя цэнтры і супермаркеты, а роля дробных крамаў значна змяншаецца. Шырока распаўсюджваецца «шопінг», які становіцца папулярнай формай баўлення часу і самамэтай — калі тавары набываюцца не ў сувязі з практычнай неабходнасцю, а ў нейкай ступені для маральнага задавальнення, «пакупка дзеля пакупкі».

З’яўляецца развітая сістэма крэдытавання, банкаўскія карткі, карткі сталых пакупнікоў і г. д. Усё гэта паскарае працэс прымання рашэння пры пакупках. Сістэма крэдытавання ператвараецца ў аснову кіравання грамадствам, калі дабрабыт засноўваецца на рэчах, набытых у крэдыт, і залежыць ад стабільнага заробку. Апроч сваіх крэдытаў спажывец аплочвае частку крэдытаў вытворцаў і рэалізатараў, закладзеную ў цэны. Згодна з даследаваннямі, праведзенымі супрацоўнікамі сістэмы банкаў JAK (Швецыя), у Германіі да 1993 года сярэдні «крэдытны» складнік ад агульнага кошту тавараў і паслуг дасягнуў 50 %. У 2000 годзе 80 % насельніцтва, набываючы тавары, у выніку выплочвалі за «крэдытны» складнік больш за 50 % ад сумы. Для 10 % гэтая нагрузка склала крыху менш за 50 % і толькі для астатніх 10 % пакупнікоў дадатковыя накруткі былі менш за 30 % ад канчатковага кошту пакупкі.

Істотна змяняецца структура цэнаў на тавары і паслугі. Найчасцей яна ўключае сімвалічную цану за гандлёвую марку («брэнд»), калі тавары вядомых фірм могуць каштаваць у разы даражэй за аналагі, якія нічым ад іх не адрозніваюцца.

Становіцца модна быць знешне маладым і здаровым, асабліва сярод эліты. З’яўляецца так званая «індустрыя прыгажосці». Шырока распаўсюджваюцца працэдуры амаладжэння і пластычныя аперацыі. Фізкультура і спорт праходзяць працэс камерцыялізацыі. Прафесійныя спартыўныя клубы робяцца вытворцамі відовішчаў і пакупнікамі спартсменаў. Доступ да заняткаў фізкультурай робіцца рыначнай паслугай.

Вытворчасць

правіць

Калі пры капіталізме як такім мэтай прадпрыемстваў з’яўляецца атрыманне фінансавага прыбытку і гэтай мэце падпарадкоўваецца ўсё астатняе, то для грамадства спажывання гэта праяўляецца ў скрайніх формах.

Напрыклад, вытворца не зацікаўлены ў тым, каб прадаваць дасканалыя і надзейныя тавары, якія могуць служыць доўгія гады. Чым хутчэй састарэе пакупка — як фізічна, так і маральна — тым хутчэй будзе куплены новы аналагічны тавар. Адпаведна, вытворца больш зацікаўлены ў пастаяннай рэкламе і павярхоўных, знешніх зменах у сваёй прадукцыі, чым у яе сапраўдным удасканаленні. Попыт можа стварацца штучна: распрацоўваецца тавар, які не з’яўляецца сапраўды патрэбным для людзей, але сродкамі рэкламы навязваецца яго збыт. Гэтак «прапанова нараджае попыт», а не наадварот.

 
Швейная фабрыка ў Бангладэш

Змяншаецца матывацыя для тых, хто хацеў бы ствараць складаныя навукаёмкія вырабы, напрыклад, для патрэбаў касмічных даследаванняў, навукі або войска: складанае і спецыялізаванае вырабляецца доўга і ў невялікай колькасці асобнікаў і не прадаецца з вялікай нацэнкай. У той час як на буйнасерыйных простых вырабах з нізкім сабекоштам зарабіць можна хутка і шмат. Такім чынам грамадства схільнае не падтрымліваць высокі ўзровень навукі і тэхнікі па-за вобласцю спажывецкіх тавараў.

Развітыя грамадствы спажывання завозяць танную працоўную сілу і карыстаюцца сыравінай і таннымі таварамі краін трэцяга свету. Пераносячы ў іх прамысловыя магутнасці, развітыя краіны выкарыстоўваюць трэці свет як калоніі і пляцоўкі для размяшчэння экалагічна небяспечных вытворчасцей, чым выклікаюць пэўнае незадавальненне ў тамтэйшых элітаў, але і адначасова спрыяюць прамысловаму развіццю.

З паскарэннем тэмпаў вытворчасці і хуткім маральным і фізічным старэннем рэчаў адбываецца хуткае накопліванне вялікай колькасці смецця, якое не паспявае перапрацоўвацца натуральным чынам. Выкарыстоўваецца ўсё большая колькасць прыродных рэсурсаў, шмат з якіх з’яўляецца неаднаўляльнымі.

Масавая камунікацыя

правіць
 
Натоўп чакае пачатку продажу новага iPhone (Нью-Ёрк, 2007)

Рэвалюцыя ў сферы камунікацый (распаўсюджанне інтэрнэту і мабільнай сувязі) прыводзіць да ўзнікнення новай інфармацыйнай прасторы і пашырэння сферы стасункаў. Пры гэтым дасяг да гэтай сферы і ўдзел у стасунках становіцца платнай паслугай, немагчымай без наяўнасці трэціх асоб (правайдара).

Апалагеты грамадства спажывання сцвярджаюць, што сацыяльная абстаноўка стабілізуецца праз магчымасць пастаяннага знаходжання індывідаў у віртуальнай сацыяльнай рэальнасці. Апошняе стала тым больш дасяжным дзякуючы хуткаму распаўсюджанню мабільных прылад, валоданне якімі надае ўладальніку ілюзорна прэстыжны статус. Баўленне часу ў віртуальнай прасторы адначасова і дазваляе ўяўляць сябе важкай часткай грамадства, і дзейнічае як наркотык.

Насельніцтва масава пераводзіць міжасабовыя стасункі ў віртуальную сацыяльную рэальнасць, заснаваную на сацыяльных сетках, блогах і механізме збірання «падабаек». У сацыяльнай рэальнасці лёс індывідаў і нават агульнапрынятая ісціна залежаць ад меркаванняў, жаданняў астатніх, ад уплываў моды, ад папулярнасці індывідаў, здольнасці іх прамаўляць рэчы, прыемныя іншым. Чалавек, што жыве ў такой рэальнасці, адарваны ад фізічнай прыроды і разумення сапраўдных працэсаў у грамадстве. Сярод прыкметаў пагружэння чалавека ў віртуальную сацыяльную рэальнасць — звядзенне моўных стасункаў да кароткіх і нязначных каментароў; любаванне ўласнымі фотаздымкамі; перавага запазычаных чужых запісаў на ўласнай старонцы замест самастойна напісаных тэкстаў; пагоня за «падабайкамі» да запісаў і каментароў. Інфармацыйная прастора грамадства спажывання арганізаваная хаатычна: у выглядзе «стужак», якія няспынна абнаўляюцца і ў якіх амаль немагчыма назапашваць важную інфармацыю або структураваць яе па тэмах. Падобная арганізацыя стасункаў і інфармацыйнай прасторы дае вялікія магчымасці для маніпуляцыі масавай свядомасцю, унушэння людзям ідэй і матываў у абыход іх жаданняў і розуму.

Рэлігія і культура

правіць

За кошт змены прыярытэтаў у зацікаўленасцях людзей змяншаюцца адрозненні паміж імі ў культурным і рэлігійным жыцці. Адбываецца размыванне ідэнтычнасці і рэлігіі як такіх і нівеляванне памкненняў людзей да ўзроўню спажывецкай мары. Таксама адбываецца некаторае сацыяльнае ўроўніванне бяднейшага і багацейшага насельніцтва: за кошт крэдытаў памяншаецца знешняя розніца паміж іхнімі магчымасцямі спажываць.

Лічыцца, што гэта, як і знаходжанне ў віртуальнай сацрэальнасці, павінна зніжаць сацыяльную напружанасць унутры шматканфесійнага і рознага ў ступені матэрыяльнай забяспечанасці грамадства, але на практыцы ўзроўні злачыннасці, гвалту і нецярпімасці не змяншаюцца.

 
Паказ мод Славы Зайцава

Культура, сярод іншага, уключае мову і нейкія ўстойлівыя ўяўленні пра прыўкраснае (эстэтыку). Віртуальная сацыяльная рэальнасць часткова прымітывізуе мову. Мода размывае эстэтыку, дазваляе чалавеку не працаваць над развіццём уласнага густу, а карыстацца прапанаванымі шаблонамі. Вытворцам адзення трэба прадаваць шмат, таму выгадна ўвесь час мець новыя павевы моды. У грамадстве спажывання адсталы ад моды чалавек адчувае сябе сімвалічна бедным. Такім чынам дэградуюць адны з падставовых складнікаў культуры.

Праз размыванне рэлігіі і ідэнтычнасці як такіх змяншаецца здольнасць грамадства да супольнай, узгодненай дзейнасці ў межах вялікіх праектаў. Пастаяннае знаходжанне пад наркатычным уздзеяннем «шопінгу» і віртуальнай сацыяльнай рэальнасці выхоўвае грамадзян, не схільных да даследавання свету і самаўдасканалення.

Адукацыя

правіць

Развіццё дзяржавы і грамадства ўяўляе сабой падвойны працэс. Для функцыянавання грамадства спажывання дастаткова толькі тонкай праслойкі людзей, якія б забяспечвалі кіраванне і падтрымлівалі грамадства ў «працоўным» стане. Да іх выстаўляюцца павышаныя патрабаванні. Астатняя, большая частка грамадства займаецца тым, што забяспечвае бесперапынную працу тэхнікі. Патрабаванні да такіх людзей зніжаюцца. Такім чынам агульная базавая адукацыя пераходзіць ад вывучэння законаў работы Сусвету ў цэлым да механічнага завучвання асобных дэталяў або неістотнай інфармацыі. Асноўнай мэтай індывіда робіцца спажыванне, а старанная праца, вучоба, павышэнне кваліфікацыі ўяўляе сабой толькі другасны сродак дасягнення гэтай мэты.

Гэткім чынам губляючы культуру, рэлігію, адукацыю і навуку, грамадства па сутнасці рухаецца назад да першабытнага статку, у якім кожны індывід спрабуе сцвердзіць сваю важнасць за кошт візуальных сімвалаў грамадскага статусу.

Доктар фізіка-матэматычных навук РАН Уладзімір Арнольд пісаў:

  Амерыканскія калегі патлумачылі мне, што нізкі ўзровень агульнай культуры і школьнай адукацыі ў іх краіне — свядомае дасягненне дзеля эканамічных мэтаў. Справа ў тым, што, начытаўшыся кніг, адукаваны чалавек уяўляе сабой найгоршага пакупніка: ён менш набывае пральных машын і аўтамабіляў і пачынае аддаваць перавагу Моцарту і Ван Гогу, Шэкспіру ці тэарэмам. Ад гэтага пакутуе эканоміка грамадства спажывання і, найперш, прыбыткі гаспадароў жыцця. Вось яны і імкнуцца не дапусціць культурнасці і адукаванасці, якія, у дадатак, перашкаджаюць ім маніпуляваць насельніцтвам, як пазбаўленым інтэлекту статкам.[3]  

У Беларусі

правіць

Беларускае грамадства пасля дваццаці гадоў постсавецкай незалежнасці мае высокі патэнцыял ператварэння ў грамадства спажывання і ідзе гэтым шляхам. Ператварэнню спрыяюць пералічаныя ніжэй чыннікі.

  1. Нядаўняя ўрбанізацыя, цяжкія побытавыя ўмовы ў насельніцтва да ўрбанізацыі. Яшчэ на пачатку XX ст. амаль усе беларусы былі вяскоўцамі. Урбанізацыя выразна ішла (і ідзе) найперш па градыенце камфорту: людзі пераязджалі ў горад дзеля паляпшэння ўмоў жыцця і пераходу на лягчэйшую працу, а не дзеля дасягнення нейкіх высокіх мэтаў. Колькасць насельніцтва з ментальнасцю адказнага грамадзяніна-месціча нязначная.
  2. Сацыяльная арыентацыя дзяржаўнага кіраўніцтва: падтрымка бяднейшых слаёў насельніцтва і суб’ектаў гаспадарання за кошт пераразмеркавання сродкаў, ускоснага вымання іх у багацейшых. Такім чынам масава выхоўваецца спажывецкі светагляд, адбываецца інфантылізацыя насельніцтва.
  3. Заняпад сістэмы адукацыі, у выніку якога змяншаецца колькасць якасных кадраў, найперш навуковых і інжынерных, і, адпаведна, змяншаюцца магчымасці мець сваю складаную прамысловасць і развітую навуку.
  4. Адсутнасць прамысловай палітыкі; за 20 год постсавецкай незалежнасці найбольшае развіццё атрымалі сельская гаспадарка, гандаль і будаўніцтва. Пастаянна адкрываюцца не новыя прамысловыя прадпрыемствы, а новыя гандлёвыя цэнтры. Абсалютная большасць прыватных прадпрыемстваў займаецца гандлем і паслугамі. Развітая сфера IT не ратуе сітуацыю, бо працуе пераважна на грамадства спажывання: камерцыя, рэклама, масавая камунікацыя, забавы. Да таго ж, супрацоўнікі IT-прадпрыемстваў часта па сутнасці жывуць у эканамічнай эміграцыі, атрымліваючы заробкі, прывязаныя да замежнай валюты, і расходуючы іх на замежныя ж тавары. Такім чынам частка IT-спецыялістаў выпадае з гаспадарчага жыцця РБ і тым меней удзельнічае ў тым грамадстве, сярод якога жыве.
  5. Развіццё сістэмы крэдытавання насельніцтва (у т. л. множанне мікрафінансавых арганізацый і разнастайных крэдытных паслуг у банках), заахвочванне жыцця ў крэдыт; распаўсюджанне спекуляцыі на інтэрнэт-біржах.
  6. Ідэя матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва і адсутнасці змагання як стрыжань дзяржаўнай ідэалогіі пры А. Р. Лукашэнку.
  7. Адсутнасць рэлігійных і ідэалагічных інстытутаў, якія б эфектыўна масава выхоўвалі маральнасць і аскетычныя рысы ў паводзінах насельніцтва.
  8. Практычная адсутнасць у кіруемай эліты бачання будучыні Беларусі што датычна вялікіх, агульнанацыянальных праектаў, а таксама ўмення даводзіць іх да насельніцтва ў выпадку, калі яны з’яўляюцца.

Факты і статыстыка

правіць
  • Пачынаючы з 2010 года, польскае пасольства адкрыла для грамадзян Беларусі адмысловы тып візы за пакупкамі «Na zakupy». Дадзены тып віз стаў самым простым у афармленні і самым запатрабаваным з тых, што выдаюць на тэрыторыі Беларусі. Паводле слоў першага дарадцы пасольства Польшчы ў Беларусі Паўла Марчука колькасць жадаючых атрымаць візу ў 2011 годзе, у параўнанні з 2010, павялічалася больш чым на 44 % [4], што выклікала вялікія чэргі ў пасольстве і таксама ў пунктах пропуску на мяжы з Польшчай. У звязку з гэтым самастойна зарэгістраваць інтэрнэт-анкету ў польскім пасольстве стала амаль немагчыма. У інтэрнеце і сацыяльных сетках з’явілася шмат афіцыйных і неафіцыйных асоб і арганізацый, гатовых ажыццявіць платныя паслугі з рэгістрацыі і афармлення дакументаў.

Вось прывабная прадмова аднаго з сайтаў, якія прапаноўваюць гэтыя паслугі:

  Шэнгенская віза па пакупкі — гэта адна з самых актуальных прапаноў на сённяшні дзень. Пачынаючы з 90-х гадоў, Польшча і Літва карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод шопінг-турыстаў. На жаль, нягледзячы на актыўнае развіццё сетак гандлёвых цэнтраў Беларусі, выбар вопраткі ў Польшчы ці Літве значна шырэйшы. Апроч таго, на рынку гэтых краін даўно працуюць вядомыя брэнды, а наяўнасць рэгулярных распродажаў, нізкія кошты і мажлівасць вярнуць Tax Free робяць паездкі ў суседнія краіны вельмі прывабнымі.[5]  
  • Паводле вынікаў нацыянальнага апытання «Брэнд года 2002» можна адсачыць дынаміку паводзінаў спажыўцоў у дачыненні да існавання брэндаў на беларускім рынку. У параўнанні з 2001 годам адзначаецца станоўчая тэндэнцыя ў выбары брэндавых тавараў. Група спажыўцоў, для якіх гандлёвая марка тавару грае важную ролю, павялічылася на 8 %. Такім чынам, ужо больш за 66 % адзначалі брэнд у якасці важнага крытэра выбару пакупкі.[6]
  • Развіццё гандлёвай інфраструктуры ў Рэспубліцы Беларусь з дадзеных сайта Міністэрства гандлю [7]
Паказчык 2005 2006 2007 2008 2009 2010 2011 2012 2013
Фірмовыя крамы, адз.
516
530
589
608
622
667
674
685
717
Гандлёвыя цэнтры, адз.
205
260
324
321
365
378
371
375
397
Забяспечанасць гандлёвымі плошчамі на 1000 жыхароў, м кв.
322
342
308
342
362
391
416
440
476

Звязаныя з’явы

правіць
 
Ажыятаж на «Чорную пятніцу»
  • Рэчапаклонства (рас. «вещизм») — прывязанасць да рэчаў, матэрыяльных каштоўнасцей ва ўрон каштоўнасцям духоўным. Тэрмін «вещизм» у асноўным ужываўся ў СССР, дзе рэйтынг рэчаў часта вызначаўся не цаной, а іх дэфіцытам. Адпаведна, вялікая колькасць людзей была заклапочана іх здабываннем.
  • «Афлюэнца» (анг. affluenza) — паняцце, складзены са словаў influenza (грып) и affluence (багацце). Азначае «эпідэмію» непамернага жадання працаваць (напрыклад, калі чалавек падпрацоўвае ў дадатак да асноўнай працы), рост спажывецкай пазыкі і сталай заклапочанасці сваім матэрыяльным становішчам.
  • «Чорная пятніца» — першая пятніца пасля Дня дзякавання ў ЗША, з якой пачынаецца сезон калядных распродажаў. У гэты дзень многія людзі бяруць адгул на працы, крамы адчыняюцца вельмі рана і першых пакупнікоў чакаюць сур’ёзныя зніжкі. Звыклымі для «чорнай пятніцы» з’яўляюцца вялізныя чэргі, моцная канкурэнцыя сярод пакупнікоў і пробкі на дарогах. У Беларусь гэтая з’ява прыйшла ў 2014 годзе, аднак першым разам ахоп быў дастаткова маламаштабным і датычыўся толькі сталіцы. Збольшага тавары з вялікімі зніжкамі прадаваліся праз інтэрнэт.

Гл. таксама

правіць

Зноскі

Літаратура

правіць