Гісторыка-філалагічны факультэт ПДУ

факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта

Гісторыка-філалагічны факультэт — адзін з факультэтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, які існаваў у 1994—2017 гадах. Яго правапераемнік і працягвальнік традыцый — гуманітарны факультэт ПДУ.

Гісторыка-філалагічны факультэт
Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт
З 2005 года факультэт месціўся ў будынку былога калегіума езуітаў
З 2005 года факультэт месціўся ў будынку былога калегіума езуітаў
Ранейшыя назвы Факультэт замежных моў
Заснаваны 1994
Закрыты 2017
Месцазнаходжанне Наваполацк (1994—2005), Полацк (2005—2017)
Адрас 211400, Беларусь, Віцебская вобл., г. Полацк, вул. Стралецкая, 4.

Гісторыя

правіць

У 1993 годзе ў Полацкім дзяржаўным універсітэце быў створаны факультэт замежных моў. Старэйшая кафедра факультэта, кафедра замежных моў, была створана яшчэ 1 кастрычніка 1968 года. Яе выкладчыкі абслугоўвалі ўсе факультэты нямоўнага профілю дзённай і завочнай формы навучання, а таксама працавалі з магістрантамі і аспірантамі. У 2006 годзе кафедру замежных моў вылучылі са складу гісторыка-філалагічнага і далучылі да спартыўна-педагагічнага факультэта. У 1993 годзе была створана кафедра тэхнічнага перакладу, загадчыкам якой стала кандыдат філалагічных навук, дацэнт Марыя Дзмітрыеўна Путрава. Быў аб’яўлены першы набор абітурыентаў на дзённае аддзяленне па спецыяльнасці «Замежныя мовы», створаны асобны камп’ютарны клас, метадычны кабінет. На працу ў Полацкі ўніверсітэт прыехала група выпускнікоў МДЛУ.

У верасні 1994 года на базе факультэта замежных моў быў створаны гісторыка-філалагічны факультэт. Тады ж быў аб’яўлены першы набор абітурыентаў на дзённае аддзяленне па спецыяльнасці «Гісторыя» (спецыялізацыя — «Гісторыя Беларусі»; пазней таксама і «Гістарычная інфарматыка»). Таксама ў 1994 годзе была заснавана асобная кафедра гісторыі пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук, дацэнта Васіля Іванавіча Шайкова. У 1995 годзе кафедра была рэарганізавана ў кафедру гісторыі і сацыялогіі. На кафедру прыйшлі выпускнікі БДУ (У. А. Лобач, В. А. Емяльянчык, У. С. Філіпенка, В. У. Галубовіч і інш.). У 2005 годзе кафедра была рэарганізавана, у выніку чаго ўтварыліся кафедра айчыннай і ўсеагульнай гісторыі, якую ўзначаліў кандыдат гістарычных навук, дацэнт Дзяніс Уладзіміравіч Дук; і кафедра сацыяльна-гуманітарных дысцыплін пад кіраўніцтвам кандыдата філасофскіх навук, дацэнта Лідзіі Васілеўны Янкоўскай. Першая кафедра стала выпускаючай па спецыяльнасці «Гісторыя», другая стала абслугоўваць усе іншыя, негістарычныя спецыяльнасці ўніверсітэта.

На першы курс у 1993 годзе было прынята 60 студэнтаў, а ў 1994 годзе — ужо больш за 100. У 1994 годзе ў склад гісторыка-філалагічнага факультэта ўвайшлі заснаваныя ў тым жа годзе кафедра гісторыі, кафедра замежных моў, кафедра тэхнічнага перакладу, кафедра беларускай і рускай моў, а таксама кафедра філасофіі і культуралогіі. З павелічэннем колькасці студэнтаў з-за мяжы ўзнікла неабходнасць стварэння кафедры беларускай і рускай мовы (першапачаткова — кафедры рускай мовы). Яна была створана 1 снежня 1989 года. Узначаліў яе Віктар Дзмітрыевіч Мятла. З 1992 года студэнты першага курса ўсіх спецыяльнасцей пачалі вывучаць беларускую мову. Таму кафедру рускай мовы перайменавалі на кафедру беларускай і рускай мовы. Пазней яна на правах секцыі ўвайшла ў склад кафедры сусветнай літаратуры і культуралогіі.

У склад гісторыка-філалагічнага факультэта таксама ўвайшла кафедра філасофіі і культуралогіі. Пры ёй быў утвораны кабінет сацыяльна-гуманітарных навук (да 1991 года — кабінет кафедры гісторыі КПСС і палітэканоміі). У 2007 годзе кафедра філасофіі ўвайшла ў склад кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін.

У 1995 годзе, арыентуючыся на патрэбу Полацкага рэгіёну ў настаўніках замежных моў, было прынята рашэнне перапрафіляваць філалагічны напрамак падрыхтоўкі на педагагічны. На базе кафедры тэхнічнага перакладу ў 1996 годзе былі створаны кафедра англійскай мовы (загадчык — Наталля Паўлаўна Сімурава), кафедра нямецкай мовы (загадчык — Наталля Васілеўна Зайцава) і кафедра французскай мовы (загадчык — Ала Мікалаеўна Дарашкевіч). У 1997 годзе была ўтворана кафедра педагогікі (з 2004 года — кафедра педагогікі, псіхалогіі і методыкі выкладання), загадчыкам якой стала кандыдат педагагічных навук, дацэнт Ангеліна Віктараўна Конышава.

У 1999 годзе, 7 мая была створана кафедра сусветнай літаратуры і культуралогіі, а яе загадчыкам стаў доктар філалагічных навук, прафесар Аляксандр Аляксандравіч Гугнін. На базе кафедры былі арганізаваныя магістратура і аспірантура па літаратуразнаўству. З 2002 года кафедра стала выпускаючай для спецыялізацыі «Беларуская мова і літаратура» спецыяльнасці «Англійская мова. Беларуская мова і літаратура». У 2008 годзе ў сувязі з адкрыццём спецыяльнасці «Рамана-германская філалогія» у склад кафедры сусветнай літаратуры і культуралогіі ўвайшла кафедра нямецкай мовы.

У 2004 годзе быў праведзены першы набор на спецыяльнасць «Гісторыя. Замежная мова (англійская)». У 2002 годзе акрамя спецыяльнасці «Замежная мова (англійская, нямецкая, французская)» была адкрыта спецыяльнасць «Англійская мова. Беларуская мова і літаратура», а ў 2005 годзе — спецыяльнасці «Практычная псіхалогія. Замежная мова» і «Пачатковая адукацыя. Англійская мова». У 2007 годзе адкрыта спецыяльнасць «Рамана-германская філалогія (англійская, нямецкая, французская)». У 1999 годзе на кафедры гісторыі і сацыялогіі была адкрыта магістратура па спецыяльнасці «Айчынная гісторыя», а з 2002 года на кафедрах педагогікі і сусветнай літаратуры была адкрыта магістратура па спецыяльнасцям «Тэорыя і методыка выкладання і выхавання (замежныя мовы)» і «Літаратура народаў краін замежжа».

Станам на 2008 год на гісторыка-філалагічным факультэце навучалася больш за 700 студэнтаў дзённай і завочнай формы навучання і працавала каля 80 выкладчыкаў і супрацоўнікаў. Агулам факультэт за перыяд з 1994 па 2017 год зрабіў 20 выпускаў спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, падрыхтаваў каля 100 магістраў. Больш за 30 яго выпускнікоў атрымалі вучоныя ступені кандыдата і доктара навук (гістарычных, філалагічных, педагагічных, філасофскіх і інш.).

Дэканы

правіць

Будынак факультэта

правіць

Ад моманту свайго заснавання і да 2005 года факультэт месціўся ў Наваполацку ў вучэбна-лабараторным корпусе № 3 па вуліцы Блахіна, 30. У 2003 годзе, 1 лютага ва ўрачыстай абстаноўцы ў сценах Сафійскага сабора была праведзена цырымонія перадачы ўніверсітэту карпусоў былога езуіцкага калегіума ў цэнтры Полацка па вул. Стралецкай, 4. З гэтага часу ў іх пачынаюцца маштабныя работы па рамонту, рэстаўрацыі і добраўпарадкаванню. У 2005 годзе, 1 верасня ўрачыста адкрыты два адрэстаўраваныя карпусы — корпус Г і корпус Д. З 1 верасня 2006 года быў уведзены ў эксплуатацыю яшчэ адзін корпус, а з 2007 года — будынак былой аптэкі езуітаў. Далейшыя рамонт і рэстаўрацыя былых езуіцкіх муроў з прыстасаваннем іх пад патрэбы сучаснай вышэйшай навучальнай установы працягваліся амаль увесь наступны час існавання гісторыка-філалагічнага факультэта.

Зноскі