Гісторыя Венесуэлы

Тэрыторыя сучаснай Венесуэлы была заселена чалавекам каля 15 000 кадоў таму. У ХVI—XVIII ст. гэтая зямля была іспанскай калоніяй. З іспанскай спадчынай звязаны асаблівасці сучаснага насельніцтва Венесуэлы: іспанская мова, перавага ў этнічным складзе метысаў, каталіцтва як асноўная канфесія, размяшчэнне насельніцтва ўздоўж узбярэжжа. У 1811 Венесуэла дэкларавала незалежнасць, у 1821—1830 уваходзіла ў склад федэрацыі Вялікая Калумбія. У 1830 атрымала поўную незалежнасць. Наступныя 130 гадоў прайшлі ў чаргаванні ваенных дыктатараў і хунт, грамадзянскіх войнах і крызісах. Адкрыццё радовішчаў нафты у 1918 зрабіла Венесуэлу самай паспяховай краінай Лацінскай Амерыкі. У 1958 была ўсталявана шматпартыйная дэмакратычная сістэма. У 1999 новы прэзідэнт Уга Чавес абвясціў «Баліварыянскую рэвалюцыю». У другой палове 2010-х Венесуэла зазнала найгоршы за апошнія 100 год эканамічны крызіс.

Дакалумбавая Венесуэла правіць

 
Так сёння выглядае месца аднаго з паселішчаў Цімота-Куіка

Першыя сляды чалавека на зямлі сучаснай Венесуэлы датуюцца 15 тысячамі гадоў. Каменныя скрабкі, вастрыі коп’яў і іншыя прадметы старажытнага ўжытку такога ўзросту былі знойдзены на тэрасах ракі Рыа Педрэгал і ў іншых месцах заходняй Венесуэлы. Найбольш развітай дакалумбавай культурай у паўночных Андах лічыцца гістарычная супольнасць Цімота-Куіка (ісп.: Timoto-cuicas), для якой была характэрна складаная арганізацыя грамадства, а збудаваныя згодна з планам мураваныя паселішчы былі абкружаны тэрасаванымі палямі — вырошчвалі кукурузу, бульбу і ўлюка (таксама клубняплод) — з сістэмай ірыгацыі. Індзейцы пралі ніткі з раслінных валокнаў і ткалі з іх адзенне ды кілімчыкі для жытла. Аднак на памяць чалавецтву ад іх засталася ў першую чаргу антрапаморфная кераміка. Таксама ім прыпісваюць вынаходніцтва ляпёшак арэпа — асноўнага прадукта венесуэльскай кухні. Лічыцца, што напярэдадні прыбыцця Калумба на зямлі сённяшняй Венесуэлы жыло каля 1 млн. чал.

Каланіяльны час правіць

У 1498 годзе Калумб падчас свайго трэцяга падарожжа праплыў уздоўж дэльты Арынока і трапіў у заліў Парыя. Уражаны магутнай прэснаводнай плынню, што адносіла яго на ўсход, Калумб у захапленні пісаў Ізабэле і Фердынанду што, маўляў, дасягнуў брамы «нябёсаў на зямлі», бо толькі з нябёсаў можа плыць такая магутная рака. У 1499 узбярэжжа Венесуэлы наведаў больш празаічны Алонса дэ Ахеда з Амерыга Веспучы на борце, які і даў краіне сучасную назву. Іспанская каланізацыя Венесуэлы, тады больш вядомай назвай Новая Андалузія, пачалася ў 1522 годзе з заснаваннем пасялення на месцы сучаснай Куманы. Праз некалькі гадоў кароль Іспаніі на непрацяглы тэрмін перадаў гэтую зямлю нямецкай банкірскай сям’і Вельзераў паводле канцэсіі. У 1567 іспанцы заснавалі Каракас, і горад ва ўрадлівай прахалоднай даліне, захінуты сцяной гор ад узбярэжнай спякоты і піратаў, хутка набыў сталічнае значэнне. Заваёўнікі сутыкнуліся з адпорам з боку індзейцаў, якіх павялі за сабой правадыры Гуаікайпура і Таманака. Індзейцы ж сутыкнуліся не толькі з тэхнічнай перавагай прыхадняў, але і з еўрапейскімі хваробамі, што былі яшчэ няўмольнейшымі за сваіх носьбітаў. Тубыльцы годна загінулі за сваю зямлю і іх імёны ўвекавечаны ў такіх назвах як Каракас, Чакаа, Лос-Тэкес. У XVIII стагоддзі пачалося пранікненне каланістаў, што дагэтуль сяліліся выключна на ўзбярэжжы, углыб калоніі. З 1718 Венесуэла, стала часткай віцэ-каралеўства Новая Гранада.

Шлях да незалежнасці правіць

 
Нацыянальны герой Венесуэлы Сімон Балівар

5 ліпеня 1811 года — пасля некалькіх антыіспанскіх паўстанняў пад кіраўніцтвам Франсіска Міранды, папярэдніка Сімона Балівара, — Венесуэла, адной з першых у Лацінскай Амерыцы, абвясціла незалежнасць. Разбуральнае каракаскае землетрасенне 1812 года разам з паўстаннем арыноцкіх льянера дапамаглі іспанцам аднавіць уладу. Спатрэбілася яшчэ дзесяцігоддзе вайны з іспанскімі каланіяльнымі войскамі, каб у 1821 Венесуэла стала часткай насамрэч незалежнай Вялікай Калумбіі. У гэтым годзе адбылася бітва пры Карабоба, у якой Сімон Балівар, Хасэ Паэс і Антоніа Сукрэ разбілі іспанцаў. Аднак неўзабаве шляхі генералаў разышліся. У 1830 незадаволены федэральным урадам Хасэ Паэс узняў паўстанне, у выніку якога Венесуэла аддзялілася ад федэрацыі і стала самастойнай дзяржавай, а Паэс стаў яе першым прэзідэнтам. Паводле розных ацэнак, за час рэвалюцыйнага ліхалецця Венесуэла згубіла кожнага трэцяга (або чацвёртага) жыхара.

Недэмакратычнае ХІХ стагоддзе правіць

ХІХ і першая палова ХХ стагоддзя прайшлі ў чаргаванні перыядаў палітычнага хаосу і дзяржаўных пераваротаў ды аўтакратычных рэжымаў ваенных-каўдыльё, першым сярод якіх стаў якраз генерал Паэс, што быў прэзідэнтам у (1830–1835; 1839–1843; 1861–1863). У 1854 годзе было адменена рабства. Палітычны хаос прывёў да крывавай грамадзянскай вайны 1859—1863 гадоў паміж кансерватарамі і лібераламі (Федэральная вайна), у якой загінула некалькі сотняў тысяч чалавек — недаравальныя страты для мільённай Венесуэлы. Найбольш вядомым пасляваенным каўдыльё стаў генерал лібералаў Антоніа Гузман Бланка, што кіраваў Венесуэлай у 1870—1887, таксама як і Паэс, з перапынкамі. 1895 год адзначыўся канфліктам з Вялікабрытаніяй (так званы Венесуэльскі крызіс 1895) за тэрыторыю Гаяна-Эсекіба, на якую прэтэндавалі абедзве дзяржавы. Венесуэльскі лабіст у ЗША Уільям Скрагс нагадаў прэзідэнту Кліўленду аб дактрыне Манро, і ЗША сталі на венесуэльскі бок. Тым не менш, цягам перамоў брытанцы пераканалі паўночнаамерыканцаў у сваёй рацыі, і парыжскі трыбунал у 1899 годзе прызнаў спрэчную зямлю за Вялікабрытаніяй.

Недэмакратычнае ХХ стагоддзе правіць

 
Сіпрыяна Кастра і Вісентэ Гомес аглядаюць войска, 1902

У 1899 уладу захапіў Сіпрыяна Кастра, што рушыў на Каракас на чале атрада ў 60 чалавек. Яго прыход да ўлады выліўся ў грамадзянскую вайну, другі Венесуэльскі крызіс (1902—03) і канфлікт з Нідэрландамі (1908). Падчас апошняга, знаходзячыся на перамовах у Еўропе, Кастра быў змешчаны сваім паплечнікам і сябрам Хуанам Вісентэ Гомесам. Падчас кіравання Гомеса, калі ў Еўропе сціхалі грымоты Першай сусветнай вайны, былі адкрыты радовішчы нафты ў басейне Маракайба, пасля чаго аграрны эканамічны твар краіны змяніўся на нафтаздабыўны. Дзякуючы нафтаваму буму, папулярны ў народзе Гомес кіраваў Венесуэлай да сваёй смерці ў 1935, а Венесуэла стала самай заможнай дзяржавай Лацінскай Амерыкі. У пачатку 1940-х была праведзена палітычная рэформа, што дазволіла дзейнасць палітычных партый. У 1945 да ўлады, упершыню ў гісторыі краіны, прыйшлі дэмакратычныя сілы на чале з Рамулам Бетанкурам. Дэмакраты ў 1947 годзе правялі першыя дэмакратычныя выбары, пераможца якіх, Ромула Гальегас, неўзабаве быў скінуты ваеннай хунтай. Так пачалося апошняе несвабоднае дзесяцігоддзе. Пасля Другой сусветнай вайны ў Венесуэлу прыбыла шмат мігрантаў з еўрапейскіх краін, што зрабіла венесуэльскае грамадства больш разнастайным.

Дэмакратычнае ХХ стагоддзе правіць

З 1958 на працягу чатырох дзесяцігоддзяў Венесуэлай кіравалі дэмакратычна абраныя ўрады. Шматпартыйная сістэма даволі хутка стала дэ-факта двухпартыйнай: галоўнымі сіламі на палітычным рынгу сталі партыя Дэмакратычнае дзеянне і Сацыяльна-хрысціянская партыя КОПЕІ. Неаліберальныя рэформы прэзідэнта Карласа Андрэса Перэса (Дэмакратычнае дзеянне) і падзенне сусветных цэн на нафту выклікалі эканамічныя цяжкасці, што ў канцы 1980-х і 1990-х выліліся ў палітычныя крызісы, уключаючы сталічны мяцеж 1989 года, вядомы пад назвай Каракаса (паводле розных ацэнак загінула ад 276 да 2000 чалавек); дзве спробы дзяржаўнага перавароту ў 1992 і выніковы імпічмент Перэса ў 1993 за растрату дзяржаўных сродкаў. Далейшае падзенне даверу да існуючых палітычных партый абярнулася абраннем у 1998 на пасаду прэзідэнта палкоўніка Уга Чавеса.

Баліварыянская рэвалюцыя правіць

 
Чавес з сябрамі-сацыялістамі — Нестарам Кіршнерам і Лула да Сілвай

У 1999 годзе Чавес запаліў полымя Баліварыянскай рэвалюцыі, якая пачалася з прыняцця новай канстытуцыі і змянення назвы краіны на «Баліварыянская Рэспубліка Венесуэла». Канстытуцыя дэкларалавала грамадзянскія правы індзейцам, што дало Чавесу падставу правесці новыя выбары ў 2000, на якіх ён быў пераабраны прэзідэнтам, а ягоны палітычны блок атрымаў большасць месцаў у парламенце. У 2007 і 2009 годзе, каб кіраваць краінай «колькі таго пажадае народ і Гасподзь», Чавес ініцыяваў рэферэндумы па змяненні канстытуцыі; першая спроба была няўдалай і Чавес прызаў сваю паразу. Ідэалогія Чавеса — своеасаблівы мікс ідэй Сімона Балівара і сацыялізму. Папулістычная палітыка Уга Чавеса і яго спадкаемцы Нікаласа Мадура прывялі да жудаснага эканамічнага крызісу, што распачаўся ў 2013 і цягнецца па сёння. Спыніўся прыток замежных інвестыцый; узраслі беспрацоўе, беднасць, дзіцячая смяротнасць. У венесуэльскіх крамах даўно няма самых неабходных тавараў. Па выніках 2018 інфляцыя склала 1 370 000%[1]. Усё гэта вылілася ў масавую эміграцыю, грамадзянскае супрацьстаянне з вулічнымі пратэстамі і міжнародны палітычны крызіс.

Зноскі

Спасылкі правіць