Дзмітрый Мікалаевіч Полазаў

Дзмітрый Мікалаевіч Полазаў (23 студзеня 1875, Рослаўль, Смаленская губерня, Расійская імперыя — красавік 1953, Ленінград, РСФСР, СССР) — рускі і беларускі культурны дзеяч, мастак.

Дзмітрый Мікалаевіч Полазаў
Фатаграфія
Дата нараджэння 23 студзеня 1875(1875-01-23)
Месца нараджэння
Дата смерці красавік 1953 (78 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак
Вучоба
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць
 
Партрэт Янкі Купалы, 1923

Нарадзіўся 23 студзеня 1875 у Раслаўлі ў купецкай сям’і. Скончыў чатырохкласнае гарадское вучылішча (1890), Маскоўскае вучылішча жывапісу, разьбярства і дойлідства (1899), вышэйшае мастацкае вучылішча і педагагічныя курсы пры Імператарскай Акадэміі мастацтваў (1902). У Акадэміі мастацтваў вучыўся ў Уладзіміра Макоўскага.

 
Партрэт Янкі Купалы (1921, II)

З 1903 Д. М. Полазаў жыў у Смаленску, працаваў выкладчыкам малявання і чыстапісання ў мужчынскай гімназіі, браў удзел у працы Смаленскага гарадскога музея. У лютым 1914 Д. М. Полазаў пераехаў у Мінск, атрымаў пасаду выкладчыка Мінскага рэальнага вучылішча, дзе працаваў да 1920. З верасня 1914 па чэрвень 1915 выкладаў маляванне і сацыялогію мастацтва ў настаўніцкім інстытуце. Прымаў удзел у працы Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў.

У 19191920 чытаў лекцыі на Мінскіх вышэйшых універсітэцкіх курсах. Са жніўня 1920 працаваў у інстытуце народнай адукацыі, мінскай чыгуначнай школе № 5, Беларускім політэхнічным інстытуце. Член Мінскага таварыства гісторыі і старажытнасці, арганізатар літаратурна-мастацкіх вечарын, прысвечаных творчасці Джорджа Байрана, Оскара Уайльда, Шарля Бадлера. Прыхільна ставіўся да хору Міколы Равенскага і быў адным з першых папулярызатараў яго творчасці. У 1921 сумесна з мастакамі К. Елісеевым і К. Ціханавым адкрыў у Мінску (вул. Вясёлая, дом Снітко) мастацкую студыю, якую праз нейкі час улады збіраліся пераўтварыць у мастацкае вучылішча, але гэта не адбылося. У студыі Д. М. Полазаў працаваў з вучнямі, ужо маючымі першасныя веды прыёмаў малявання і жывапісу.

Уваходзіў у Акадэмічны цэнтр Наркамата асветы БССР, стварыў даследчую групу па вывучэнню беларускага народнага мастацтва. У верасні 1921 узначаліў этнаграфічную экспедыцыю, накіраваную ў Слуцкі і Мазырскі паветы для вывучэння фальклору і ўзораў традыцыйнага народнага беларускага мастацтва. У экспедыцыі бралі ўдзел Янка Купала, Міхаіл Філіповіч, Янкель Кругер, Канстанцін Елісееў, Уладзімір Тэраўскі, Фларыян Ждановіч і М. Шкляеў. Вынікам працы экспедыціі сталі альбомы замалёвак скарбаў беларускай народнай культуры, якія былі перададзены ў Дзяржаўны Беларускі музей[1].

У сярэдзіне 1920-х Д. М. Полазаў пераехаў у Ленінград.

Сумесны ўдзел ў экспедыцыі паспрыяў блізкаму знаёмству з Янкам Купалам. Шматлікія рэліквіі, звязаныя з народным паэтам Беларусі, якія захоўваліся ў сям’і Полазавых, карціны мастака, частка яго асабістага архіва былі перададзены музею Янкі Купалы ў Мінску.

Творчая спадчына

правіць

Працаваў у галіне кампазіцыйнага партрэта, архітэктурнага пейзажа (выканаў віды даваеннага Мінска), валодаў тэхнікай станковага малюнка і станковага алейнага жывапісу.

У верасні 1921 карціны Д. М. Полазава былі паказаны на 1-й Мінская мастацкай выстаўцы, дзе дэманстраваліся партрэты беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы (1921), Якуба Коласа, Змітрака Бядулі. Д. М. Полазаў браў удзел у Першай Усебеларускай выстаўцы (1925), на якой былі прадстаўлены яго партрэты Янкі Купалы (1923), Уладзіміра Самойлы і інш.

Выканаў каля 50 жывапісных і графічных работ. Многія творы мастака загінулі ў час блакады Ленінграда, у тым ліку партрэты Якуба Коласа і Змітрака Бядулі.

Творчая спадчына Д. М. Полазава ў асноўным захоўваецца ў фондзе Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы (Мінск).

Зноскі

Літаратура

правіць
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. 2. — Мн., 2003. — С. 424.
  • Ваданосава Ф. і інш. Забытае імя: нарыс пра жыццё і творчасць мастака Дзмітрыя Полазава / Ф. Ваданосава // Мастацтва. — 2003. № 3 — 4.

Спасылкі

правіць