Дом па Савецкай вуліцы, 14 (Гродна)

Гродна

Дом па Савецкай вуліцы, 14 — будынак у Гродне, размешчаны ў гістарычным цэнтры горада, на рагу вуліц Савецкай і Найдуса.

Славутасць
Дом па Савецкай вуліцы, 14
Забудова вул. Савецкай Горадня (№ 14).jpg
53°40′53″ пн. ш. 23°49′52″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Канфесія каталіцтва
Архітэктурны стыль рэнесансная архітэктура і барока
Заснавальнік Бона Сфорца
Дата заснавання 1550
Дата пабудовы XVI ст.
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000665шыфр 412Г000665
Commons-logo.svg 14 Дом па Савецкай вуліцы на Вікісховішчы

ГісторыяПравіць

 
Касцёл і прытулак Святога Духа. 1817

На месцы будынка стаялі касцёл і бальніца Святога Духа, які быў пабудаваны на ўклад каралевы Боны ад 9 кастрычніка 1551 г. Касцёл узводзіўся на так званым Пушкарскім месцы, абарончай мяжы горада 16 ст. З 17 ст. ён выконваў ролю прытулка для галечных і бяздольных. Касцёл праіснаваў да пачатку 19 ст., пасля чаго яго перабудавалі ў Дом міласэрнасці[1]. Будынак меў нехарактэрныя для беларускай архітэктуры рысы — чатыры круглых калоны, прыкметны ўплыў італьянскага дойлідства. Вядома, што касцёл меў невялікія памеры, знаходзіўся ў сярэдзіне комплексу. Першы раз касцёл перабудоўваўся ў 1792, тады па фундацыі віленскага біскупа Ігнацыя Масальскага быў дабудаваны другі паверх, пасля яшчэ ў 1802, 1817, 1843, 1890.

 
Дом у забудове вуліцы ў 1902 годзе

Пасля канфіскацыі касцёла пасля паўстання 1863—1864 гадоў, будынак набыў купец Абель Тарлоўскі, які пасля пажару 1885 года перапрадаў дом Іоўну Хозэ. Пасля смерці Хозэ ў 1896 яго сын Альтэрам-Шмуэль перарабіў будынак пад гатэль «Славянскі» на 25 нумароў. Акрамя гатэлю ў будынку Хозэ-малодшага знаходзіўся шырокі спектр устаноў: гэта і пякарня Салавейчыка, і дробны гандаль садавінай Цывы Мышкоўскай, і цырульня Фрэнкеля, і мэбельная крама Урансона, і галантарэйная крама крама Смажановіча, і суконная крама разам з кравецкай майстэрняй Маркуса Прэнскага, і нават крама пахавальных прынадлежнасцей Г. Баўма. У 1910 у доме працавала «хуткапячатная» Сары Ган, а таксама жыў урач М. Хлявінскі. У 1928 годзе ў якасці ўласнікаў будынка выступаюць тры асобы: Філійс Назарко, Хоша Фрукт і Самуэль Хозэ, у будынку працавала сталоўка «Cynke». Самуэль Хозэ пашырыў гатэль, першы паверх дома здаў «Polski Bank Kresowy», гандлёвы дом «Палонія», рэдакцыя газеты «Grodner moment», гарнізоннае казіно, рэстаран Райнера і кандытарская, выдавецтва Гана і кніжная крама. У канцы 30-х гадоў працавала вінна-гастранамічная крама Мухенберга. Падчас другой сусветнай вайны ў будынку змяшчаўся нямецкі ваенны пансіянат «Стары Сябра», сталоўка якого знаходзілася ў касцёле. У гэты ж час была зруйнавана апсіда касцёла[2].

Пасля 1944 г. будынак займаў абласны камітэт КПБ, які, перасяліўшыся ў Новы замак, вызваліў яго пад Гродзенскі гарвыканкам у снежні 1952 года. На першым паверсе ў 1945 годзе была адчынена кнігарня «Навука», якая мела гандлёвую плошчу 119 м² і займалася продажам навукова-тэхнічнай літаратуры, букіністычных кніг[3]. Таксама ў савецкі час у будынку знаходзіўся савет Ленінскага раёна таварыства барацьбы за цвярозасць[4]. У канцы XX ст. — выканкам Ленінскага райсавета народных дэпутатаў[5].

Цяпер будынак займае Аддзел адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна, крама «Мэбля», з боку вуліцы Найдуса — аптэка.

АрхітэктураПравіць

 
Фрагмент фасада

Двухпавярховы Т-падобны ў плане будынак. Кампазіцыя галоўнага фасада ярусная, сіметрычная. Паверхі аддзелены фрызамі. Цэнтральная частка вылучана 4 пілястрамі, завершана трохвугольным франтонам. Паміж пілястрамі на 2-м паверсе паўцыркульныя аконныя праёмы ў ліштвах, у цэнтры — балкон. Бакавыя часткі вылучаны здвоенымі пілястрамі, паміж якімі размешчаны па 2 збліжаныя акны, і завершаны паўкруглымі франтонамі. Праёмы 1-га паверха прамавугольныя. Завяршальны карніз прафіляваны, з невялікім вынасам. Цокаль абліцаваны керамічнай пліткай[5].

Зноскі

  1. Семенчук А. А., Гостев и др. Королевский город Гродно. — Рифтур, 2010. — С. 45. — 70 с. — ISBN 9-78956-919230.
  2. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 293. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  3. Гродно. Энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с., [12] л. ил.: ил., с. 286
  4. Гродно. Энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с., [12] л. ил.: ил., с. 107
  5. 5,0 5,1 29. Забудова вуліцы Савецкай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Гродзенская вобласць. — 371 с., іл.

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць