Дубі́скі дагавор (літ.: Dubysos sutartys) — дагавор, які складаўся з трох прававых актаў, сфармуляваных 31 кастрычніка 1382 года вялікім князем літоўскім Ягайлам, яго братам Скіргайлам і Конрадам фон Валенродам, маршалам тэўтонскіх рыцараў. Цягам грамадзянскай вайны ў ВКЛ у 1381—1384 гадах тэўтонскія рыцары дапамаглі Ягайлу і Скіргайлу перамагчы іх дзядзьку Кейстута і яго сына Вітаўта. Намагаючыся ажыццявіць абяцанні, дадзеныя Ягайлам падчас вайны, тэўтонскія рыцары арганізавалі перамовы аб заключэнні пагаднення[1]. Дакументы былі падпісаны пасля шасцідзённых перамоў на востраве ракі Дубісы[2]. Дагавор не быў ратыфікаваны і ніколі не ўступаў у моц. Вайна працягнулася ўлетку 1383 года.

Дубіскі дагавор
Тып дагавора палітычнае пагадненне
Дата падпісання 31 кастрычніка 1382
Месца падпісання востраў ракі Дубісы
Набыў моц ніколі
Бакі Тэўтонскі ордэн
Ягайла, Скіргайла

Умовы правіць

  • У першым акце Ягайла абяцаў ахрысціць сябе і перавесці Вялікае Княства Літоўскае ў хрысціянства цягам чатырох гадоў[3].
  • Паводле другога акту жамойцкая зямля, якая адасабляла Тэўтонскі ордэн у Прусіі ад яго адгалінавання ў Лівоніі, перадавалася крыжакам наўпрост да ракі Дубісы[3]. Цягам ужо 100-гадовага крыжацкага паходу гэта было ўпершыню, калі Літва адмаўлялася ад Жамойці[4].
  • Паводле трэцяга акту фарміраваўся чатырохгадовы ваенны альянс — абодва бакі паабяцалі дапамагаць адзін аднаму супраць агульных ворагаў. Ягайла таксама пагадзіўся не пачынаць вайну без дазволу ордэнскай краіны[2]. Такія ўмовы абмяжоўвалі суверэнітэт Ягайлы. Некаторыя гісторыкі выказваліся, што такога кшталту пагадненне ўсталёўвала лорд-васальскія ўзаемаадносіны[1].

Усе тры акты (захаваліся арыгіналы толькі двух, трэці вядомы толькі з перапісанага рукапісу 1410 года[1]) былі падпісаны ўсімі сынамі Альгерда і Юліяны Цвярской (Ягайлам, Скіргайлам, Карыбутам, Кірыгайлам, Вігунтам і Свідрыгайлам), і Ганулам[2], віленскім купцом, які ў чэрвені 1382 года адчыніў гарадскую браму, даючы магчымасць Ягайле звергнуць Кейстута. Юліяна падпісала толькі той акт, паводле якога Жамойць адыходзіла Ордэну[1]. Літоўскія гісторыкі Данілевічус і Ёнінас паставілі аўтэнтычнасць гэтага акту пад пытанне, разглядаючы яго як падробку 1410-х гадоў, але іх навуковыя меркаванні не з'яўляюцца шырока распаўсюджанымі[1].

Спробы ратыфікацыі і наступствы правіць

Кейстут памёр у Крэўскай турме 15 жніўня 1382 года. Вітаўту некалькімі месяцамі раней удалося ўцячы ў крыжацкі ордэн, дзе ён прасіў пратэкцыі і дапамогі[5]. Гэта дало дадатковую перавагу крыжакам, якія настойвалі на ратыфікацыі пагаднення. Пяць разоў вялікі магістр прапаноўваў дату, але Ягайла няўхільна адмаўляўся[6]. Заключная сустрэча была прызначана на 19 ліпеня 1383 на той самым востраве, дзе праводзілася першае паседжанне. Ягайла прыбыў як было дамоўлена, але крыжацкая дэлегацыя на чале з вялікім магістрам Конрадам Зёльнерам фон Ротэнштайнам затрымалася каля Хрыстмемеля ў некалькіх мілях ад прызначанага месца сустрэчы з-за мелкаводдзя Нёмана[6][7]. Пакрыўджаны Ягайла не збіраўся сыходзіць са свайго месцапалажэння, каб сустрэць вялікага магістра. Дэлегацыі раздзяліліся.

Тэўтонскія рыцары абвясцілі вайну 30 ліпеня[2]. Яны ахрысцілі Вітаўта і падтрымалі яго барацьбу супраць Ягайлы за вяртанне сваёй вотчыны. Урэшце, улетку 1384 года Вітаўт і Ягайла замірыліся: Вітаўт вярнуў сабе бацькоўскія землі (акрамя Трокаў), а Ягайла ў 1386 годзе быў каранаваны як кароль Польшчы. Да канца невядома, чаму дыпламатычныя перамовы паміж Ягайлам і крыжакамі праваліліся. Некаторыя сцвярджаюць, што Ягайла ўжо ведаў пра магчымасць шлюбу з польскай каралевай Ядвігай і ўзыходу на польскі сталец[1]. Іншыя сцвярджаюць, што Юліяна, маці Ягайлы, адмовілася хрысціцца ў каталіцтва з-за свайго праваслаўнага веравызнання[2].

Зноскі

  1. а б в г д е Ivinskis, Zenonas (1933—1944). «Dubysos sutartys». in Vaclovas Biržiška. Lietuviškoji enciklopedija. 7. Kaunas: Spaudos Fondas. pp. 94-96. LCC 37032253 (літ.)
  2. а б в г д Ivinskis, Zenonas (1978). Lietuvos istorija iki Vytauto Didžiojo mirties. Rome: Lietuvių katalikų mokslo akademija. pp. 276—277. LCC 79346776 (літ.)
  3. а б Kiaupa, Zigmantas; Jūratė Kiaupienė, Albinas Kunevičius (2000) [1995]. The History of Lithuania Before 1795 (English ed.). Vilnius: Lithuanian Institute of History. pp. 127 ISBN 9986-810-13-2. (англ.)
  4. Jonas Zinkus, et al., ed (1985—1988). «Dubysos sutartys». Tarybų Lietuvos enciklopedija. I. Vilnius, Lithuania: Vyriausioji enciklopedijų redakcija. pp. 463. LCC 86232954
  5. Kiaupa, Zigmantas; Jūratė Kiaupienė, Albinas Kunevičius (2000) [1995]. The History of Lithuania Before 1795 (English ed.). Vilnius: Lithuanian Institute of History. pp. 125—126. ISBN 9986-810-13-2. (англ.)
  6. а б Ivinskis, Zenonas (1988) [1930]. «Vytauto jaunystė ir jo veikimas iki 1392 m.». in Paulius Šležas. Vytautas Didysis. Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija. pp. 20-22. OCLC 25726071 (літ.)
  7. Urban, William (2006). Samogitian Crusade. Chicago: Lithuanian Research and Studies Center. pp. 174. ISBN 0-929700-56-2. «Праз два месяцы, калі вялікі магістр адплыў па Нёману, ён узяў з сабой біскупаў Эрмланда і Памезаніі, мерачыся ахрысціць Ягайлу. Мелкаводдзе вымусіла яго прыпыніць свае караблі ля Хрыстмемеля, дзе іх сустрэў Скіргайла і патлумачыў, што Ягайла чакаў іх за пятнаццаць міляў ад мяжы.» (англ.)