Карыбут Альгердавіч
Карыбу́т Альгердавіч, у хрышчэнні Дзмітрый (каля 1350 — пасля 1404) — князь з дынастыі Гедзімінавічаў.
Карыбут Альгердавіч | |
---|---|
| |
Нараджэнне | 1350 |
Смерць | не раней за 1404 |
Род | Гедзімінавічы і Карыбутавічы |
Бацька | Альгерд |
Маці | Ульяна Аляксандраўна |
Жонка | Анастасія Алегаўна[d][1] |
Дзеці | Фёдар Карыбутавіч[1], Жыгімонт Карыбутавіч[1], Алена Карыбутаўна[d][1], Марыя Карыбутаўна[d][1], Іван Карыбутавіч[d][1] і Анастасія Карыбутаўна[d][1] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Імя
правіцьІмя Карыбут — з шэрагу старабалцкіх (старалітоўскіх) двухасноўных імёнаў, што дайшлі з індаеўрапейскай старажытнасці[2].
Першая аснова імені — Kar-, ад літ. karas «вайна»[3] (яе таксама бачым у імёнах Карыят, Карыгайла і інш.). Аснова бытавала і ў прусаў (імя Karioth), так жа сама вытлумачвалася (пруск. *karias «войска»)[4]. Далей ідзе напрамую да індаеўрапейскага *koro-s «вайна»[5].
Аснова But- у літоўскім іменніку ўтварае больш за сто антрапонімаў[6], яна таксама была адна з самых прадуктыўных у старапрускім іменніку[7]. Яе звязваюць з літ. būti, пруск. būton «быць; жыць», літ. butas, пруск. buttan «дом»[8], далей з індаеўрапейскім *bhŏu-, *bhū- «быць, жыць»[9].
Укладзеныя ў імя, гэтыя дзве асновы адлюстроўвалі каштоўнасці раннелітоўскага княска-ваярскага асяроддзя: «вайна» і «дом» як сям’я, найменшая сацыяльная адзінка (затым ішлі Vaiš- вёска і Taut- народ-племя)[10].
Праз аснову Kar- імя Карыбута перагукалася з іменем іншага Альгердавага сына Карыгайлы. У сваю чаргу імя Карыгайлы праз аснову Gail- перагукалася з імёнамі яго братоў Ягайлы, Скіргайлы, Швітрыгайлы (Свідрыгайлы). Гэта можа сведчыць, што ў вялікакняскай сям’і пры імянаданні свядома практыкавалі вар’іраванне асноў для падтрымання цэльнасці і стабільнасці роду[11].
Біяграфія
правіцьТрэці сын вялікага князя літоўскага Альгерда і яго другой жонкі, цвярской княжны Ульяны Аляксандраўны.
Упершыню згадваецца пад 1382 годам, калі разам з братамі Ягайлам, Скіргайлам і іншымі падпісаў дагавор з крыжакамі на Дубісе. У 1386 годзе ў Луцку прысягнуў польскаму каралю Ягайлу, пры гэтым назваў сябе гаспадаром і спадкаемцам Новагародка. Ахвяраваў Лаўрышаўскаму манастыру вёску і возера Морына, у прыпісцы на 1-м аркушы Лаўрышаўскага евангелля названы вялікім князем. У 1390 годзе дапамог Ягайлу пры аблозе Гродна, за гэта атрымаў у дзяржанне Ліду. Адмовіўся прысягаць Вітаўту як вялікаму князю літоўскаму, у 1392 годзе разбіты яго войскам каля Дакудава (Лідскі павет), зачыніўся ў Новагародку, пасля штурму горада ўзяты ў палон з жонкай і дзецьмі. Адпушчаны дзякуючы заступніцтву цесця, разанскага князя Алега Іванавіча, але страціў Новагародскае княства. Неўзабаве памірыўся з Вітаўтам, удзельнічаў у яго паходах. Апошні раз згадваецца пад 1404 годам як удзельнік паходу на Смаленск. Быў жанаты з Настассяй, дачкой разанскага князя Алега Іванавіча, у гэтым шлюбе нарадзіліся сыны Іван, Жыгімонт, Фёдар і дочкі Настасся, Алена і Марыя.
У гістарыяграфіі часта блытаюць Карыбута і яго брата Дзмітрыя Альгердавіча. Некаторыя даследчыкі лічаць Карыбута князем Ноўгарада-Северскага (сучасная Украіна).
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ а б в г д е ё Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 178.
- ↑ T. Milewski. Indoeuropejskie imiona osobowe. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1969. С. 11-13.
- ↑ Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 100—101.
- ↑ В. Н. Топоров. Прусский язык. I-K. М., 1980. С. 216.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 615.
- ↑ Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 80-81.
- ↑ R. Trautmann. Die altpreußischen Personennamen. Göttingen, 1974. С. 134.
- ↑ В. Н. Топоров. Прусский язык. A-D. М., 1975. С. 270.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 146.
- ↑ С. Валянтас. Двусоставные антропонимы — реликты поэзии балтов // Балто-славянские исследования. XVI. Сборник научных трудов. М., 2004. С. 206, 217—218.
- ↑ Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв. Династическая история сквозь призму антропонимики. М., 2006. С. 40.
Літаратура
правіць- Барэйша Юрый. Княжанне Дзмітрыя-Карыбута ў Новагарадку (1382—1393 гг.) па сведчаннях прасапаграфіі і нумізматыкі. — Мінск: УП «Энцыклапедыкс», 2021. — 640 с., іл.