Д’юла (саманазва: Dioula, літаральна «гандляры») — народ, карэнныя насельнікі Заходняй Афрыкі. Жывуць у Буркіна-Фасо, Кот-д’Івуар, Малі, Гане. Агульная колькасць (2024 г.) — 4 581 100 чалавек[1].

Д’юла
(Dioula)
Агульная колькасць 4581100 (2024 г.)
Рэгіёны пражывання Заходняя Афрыка:

 Буркіна-Фасо — 2372000
 Кот-д’Івуар — 1968000
 Малі — 132000
 Гана — 91000

Мова д’юлакан
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы мандынка, бамбара

Гісторыя правіць

Відавочна, д’юла з'яўляюцца нашчадкамі мандынка, якія перасяляліся на поўдзень ад асноўнага месца рассялення для занятку гандлем. Яны стварылі сярод іншых народаў сетку разрозненых паселішчаў, што выконвалі функцыю пасрэднікаў у абмене соллю, золатам, арэхамі кола, тканінамі і іншымі таварамі. Выразным адрозненнем ад тубыльцаў было тое, што д’юла спавядалі іслам.

З цягам часу прадстаўнікі д’юла засноўвалі дзяржаўныя ўтварэнні. Найбольш вядомымі з іх з'яўляюцца Гонджа (Нгбанья, канец XVII ст.) на поўначы сучаснай Ганы і Конг (пачатак XVIII ст.) на поўначы Кот-д’Івуар. У другой палове XIX ст. мусульманскі дзеяч Саморы Турэ (18281900 гг.), па паходжанню д’юла, стварыў у верхняй плыні ракі Нігер буйное дзяржаўнае ўтварэнне, захопленае ў 1898 г. французамі.

У канцы XIX — пачатку XX ст. землі, дзе месціліся паселішчы д’юла, былі далучаны да французскіх каланіяльных валоданняў у Заходняй Афрыцы. У некаторых выпадках яны актыўна супрацоўнічалі з каланіяльнай адміністрацыяй, але многія д’юла таксама ўдзельнічалі ў антыкаланіяльнай барацьбе. У 1960-х гг. яны апынуліся ў межах некалькіх незалежных дзяржаў (Буркіна-Фасо, Кот-д’Івуар, Малі, Гана).

Культура правіць

У мінулым гандаль на далёкія адлегласці ажыццяўляўся з дапамогай сямейных саюзаў лу, што аб'ядноўвалі сваяцкія групы з розных мясцовасцей. Такія саюзы ўзнікалі ў выніку шлюбаў паміж іх прадстаўнікамі або міграцыі малодшай сям'і ў іншую мясцовасць. Яны маглі ўтвараць шырокую сетку, у межах якой ажыццяўляліся абмен таварамі, гасціннасць для сваякоў-гандляроў, унутраная падтрымка асобных сем'яў і чальцоў. У месцах, дзе гандлёвыя аперацыі толькі наладжваліся або мелі часовы характар, шукалі сталых пасяленцаў, што выступалі ў якасці гаспадароў д’ятыгі да «гасцей» лунан. Калі справы наладжваліся, лунан мелі права застацца назаўсёды.

Д’юла не грэбвалі займацца дробным гандлем у месцы свайго жыхарства. У такім разе гандлярамі часцяком выступалі жанчыны і нават рабы. Акрамя таго, яны здаўна займаліся сельскай гаспадаркай і рамёствамі. Для сельскай гаспадаркі характэрна арыентацыя на камерцыйныя культуры (тытунь, бавоўнік, кава і г. д.). Мужчыны і жанчыны апрацоўваюць зямлю разам. Падобна іншым мандэ, д’юла традыцыйна вылучаюць рамеснікаў у асобныя спадчынныя групы. Найбольш устойлівай аказаліся ткачы. Нягледзячы на канкурэнцыю з боку прамысловасці, яны стварылі кааператыўныя аб'яднанні, займаюцца кравецкай справай і гандлем вопраткай.

Традыцыйная вопратка шыецца з рознакаляровых палосак тканін, якія потым злучаюцца ва ўзорыстыя лапікі. Адзежа жанчын складаецца з трох такіх лапікаў. Адзін выкарыстоўваюць як саронг. Другі накідваюць на галаву і плечы. Трэці носяць за плячыма, у мінулым ён служыў для пераноскі дзяцей. Мужчынская вопратка болей разнастайная, але заўсёды рознакаляровая.

Прынята есці тройчы на дзень: з раніцы — кашу, на абед — кашу з падлівамі, мяснымі і бабовымі дадаткамі, на вячэру — аладкі, дэсерты і іншыя прымакі. Аснову харчавання звычайнай сям'і складаюць рыс, маніёк, у меньшай ступені — проса і кукуруза.

Да каланіяльнага перыяду д’юла будавалі асобныя паселішчы, якія добра ўмацоўваліся. Жылыя пабудовы ўзводзілі з гліны, дах крылі саломай. Жыхары паселішчаў складалі мясцовую абшчыну кабіла. Яна кантралявала навакольныя тэрыторыі і кіравалася старэйшынамі тыгі. У вялікіх паселішчах магло налічвацца некалькі абшчын, што фарміравалі свае кварталы. У каланіяльны перыяд многія сем'і пераехалі ў гарады або ў іншаэтнічныя паселішчы на поўдні Кот-д’Івуар.

Відавочна, першапачаткова перасяленцы-д’юла былі чальцамі адной эндагамнай групы, што адрознівалася ад іншых груп мандынка сваёй гаспадарчай спецыялізацыяй. Некаторыя рысы традыцыйнай эндагаміі бачны і ў наш час. Д’юла імкнуцца заключаць шлюбы толькі знутры сваёй супольнасці, прычым найбольш пажаданыя партнёры — стрыечныя сваякі. Але з XVIII ст. грамадства стала болей распластаваным. Вылучыліся ўнутраныя спадчынныя групы мусульманскіх вучоных моры, воінаў тун-тыгі, прафесійных рамеснікаў, у некаторых мясцовасцях — спадчынная арыстакратыя. Гэтыя групы мелі розны сацыяльны статус адна ў адносінах да іншай. Звычайна рамеснікі разглядаліся ніжэй нават за простых свабодных абшчыннікаў харон. На ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы стаялі рабы. Частка з іх належыла да спадчынных рабоў варасо, што былі набліжаны па статусу да малодшых чальцоў сям'і спадчынніка. Значную частку складалі набытыя рабы сан-джон.

Галоўная сацыяльная адзінка — вялікая пашыраная сям'я. Многія мужчыны карыстаюцца правам палігініі, якое ім дае іслам. У мінулым жанчыны ўступалі ў шлюб у юнацкім узросце, хлопцы — пасля 20 гадоў. Да шлюбу яны з дазволу бацькоў маглі мець сяброўку са сваёй абшчыны. Але сексуальныя зносіны з ёю былі вельмі абмежаваны. Нявест шукалі ў іншых абшчынах, часам аддаленных на сотні кіламетраў. Вяселлю папярэднічалі заручыны, калі сваякі жаніха давалі выкуп за нявесту, а тая выконвала спецыяльны танец. Звычайна суседзі імкнуліся арганізоўваць вяселлі ў адзін дзень. Пасля заключэння шлюбу маладая сям'я пераязджала ў дворагаспадарку бацькі жаніха. У некаторых выпадках маладыя сем'і сяліліся асобна, але пэўны час працягвалі лічыцца малодшай сям'ёй у дачыненні да бацькоўскай.

На чале сям'і заўсёды стаіць мужчына. Адлік сваяцтва і перадача сямейнай спадчыны адбываюцца толькі па мужчынскай лініі. Аднак жанчыны маюць пэўную аўтаномію, займаюцца прыватнай эканамічнай дзейнасцю, часцей дробным гандлем. Муж абавязаны ўтрымоўваць жонку, але не можа прэтэндаваць на яе асабістую маёмасць.

Д’юла падтрымліваюць даволі складаныя сваяцкія адносіны. Сем'і групуюцца па паходжанні, па імю па бацьку, па прозвішчах і г. д. Важная форма сацыяльных аб'яднанняў — патаемныя таварыствы ло, якія ахопліваюць мужчын і жанчын аднаго або некалькіх паселішчаў не залежна ад сваяцтва. Ло займаюцца арганізацыяй абрадаў, святаў, ініцыяцый. Д’юла практыкуюць мужчынскае і жаночае абразанне.

У д’юла няма прафесійных актораў і музыкантаў. Падчас публічных святаў песні і музыку выконваюць маладыя мужчыны і жанчыны. Заахвочваецца імправізацыя. Для старых мужчын удзел у танцах з'яўляецца табу. Жанчыны і дзеці вечарамі пераказваюць народныя казкі. Найбольш папулярныя героі — людзі, якія з дапамогай розуму пазбягаюць небяспек. Папулярны казкі пра ўзаемаадносіны знутры пашыраных сямей, канкурэнцыю паміж жонкамі або іх дзецьмі. На фальклор значны ўплыў аказваюць ісламскія традыцыі.

Мова правіць

Некаторыя даследчыкі лічаць, што мова д’юлакан, на якой размаўляюць д’юла, паходзіць ад піджынаў на аснове моў мандэн. Для яе характэрна высокая колькасць лексічных запазычванняў. У Буркіна-Фасо і Кот-д’Івуар яна выкарыстоўваецца як лінгва франка. З д’юлакан паходзіць назва дзяржавы Буркіна-Фасо.

Рэлігія правіць

Вернікі — мусульмане-суніты. Тым не меней, распаўсюджана вера ў духаў і магію.

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць