Культ жывёл

(Пасля перасылкі з Заалатрыя)

Культ жывёл — рэлігійнае шанаванне жывёл, вера ў тое, што яны альбо пэўныя часткі іх цела, альбо маюць магічныя ўласцівасці. Узнікненне культу жывёл звязана з татэмізмам і магіяй. Напрыклад, дзеля таго, каб набыць пэўныя ўласцівасці жывёл (іх сілу, спрыт і інш.), з іх касцей і зубоў людзі рабілі амулеты. Магічнымі лічыліся і выявы жывёл. У старажытныя часы культ жывёл быў распаўсюджаны практычна ва ўсіх народаў свету.

Культ жывёл на беларускіх землях правіць

Сляды культа жывёл захаваліся і ў назвах гарадзішчаў (Змяёўка, Змеева гара, Турава гара, Валова гара) і камянёў (Змееў камень, які, верагодна, быў месцам пакланення). На некаторых камянях-следавіках ёсць прыродныя ці штучныя паглыбленні, якія нагадваюць сляды лася, аленя, мядзведзя і інш. жывёл. Лічылася, што вада з гэтых паглыбленняў дапамагае пры розных захворваннях. Існавалі шматлікія павер’і, звязаныя з бусламі, дзятламі, жабамі, змеямі, пеўнямі і інш. жывымі істотамі. Для беларусаў характэрнымі з’яўляюцца легенды пра пярэваратняў-ваўкалакаў, якія нібыта могуць ператварыцца на пэўны час з людзей у ваўкоў. Падобную легенду пра племя неўраў, якое некаторыя археолагі атаясняюць з мілаградскай культурай, запісаў яшчэ ў V ст. да н.э. Герадот

Каменны, бронзавы і жалезны вякі правіць

На Беларусі найбольш раннімі знаходкамі, якія сведчаць пра культ жывёл, з’яўляюцца амулеты-падвескі з іклаў сабакі і мядзведзея (группа стаянак Камень у Пінскім раёне). На паселішчах Крывінскага тарфяніку знойдзены выразаныя з зуба жывёлы фігуркі чаплі, зробленыя з рога скульптурныя выявы лася і змяі, а таксама прасвідраваныя зубы ваўка, мядзведзя, бабра, лася. У могільніках плямён культуры шарападобных амфар побач з рэшткамі людзей выяўлены шкілеты свойскіх жывёл (быкоў, свіней, авечак, коней). На поўдні Беларусі на гарадзішчах мілаградскай культуры ранняга жалезнага веку трапляецца шмат гліняных фігурак коней (гарадзішчы Гарошкаў Рэчыцкага раёна), радзей — буйной рагатай жывёлы і сабак. Вядомы ахвярныя пахаванні сабак, баброў, свіней, а ў адным пахаванні сабакі выяўлена разбітая пасудзіна. На помніках мілаградскай і зарубінецкай культур выяўлены амулеты-падвескі з прасвідраваных зубоў мядзведзя, бабра, ікла ваўка, у могільніках Чаплін і Атвержычы — асобныя косці і зубы свойскіх і дзікіх жывёл. У насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай культуры у пашане былі амулеты з іклаў звяроў. У насельніцтва культуры ўсходнелітоўскіх курганоў былі пашыраны пахаванні нябожчыкаў разам з коньмі. У славянскіх курганах 2-й паловы I-га тыс. н. э. знаходзяць чарапы свойскіх жывёл, косці свіней і птушак, амулеты-падвескі з іклаў і зубоў жывёл.

Культ жывёл у сярэднявеччы правіць

У раннім сярэднявеччы нашы продкі ўшаноўвалі бога жывёлагадоўлі Вялеса тым, што выраблялі круглыя металічныя падвескі з выявай галавы быка. У XXIII стст. былі пашыраны зааморфныя бранзалеты. У курганах радзімічаў знаходзяць амулеты з зубоў лісы, выявы каня на донцы пасудзіны. Пры раскопках Верхаўлянскага свяцілішча на каменнай вымастцы, дзе знаходзіўся «вогненны ахвярнік», выяўлены косці свінні. Сляды культу жывёл захаваліся і ў раннефеадальных гарадах: шматлікія падвескі-амулеты з зубоў і іклаў жывёл, падвескі ў выглядзе «конікаў», манетападобныя падвескі з выявай галавы быка і інш. У духоўнай культуры беларусаў з глыбокай старажытнасці і амаль да нашага часу захаваўся звычай ушанавання вужоў. У старажытнасці многія жыхары гарадоў і вёсак насілі амулеты-змеевікі, на адным баку якіх была хрысціянская сімволіка, на другім — змяінае гняздо і кругавы надпіс з заклінаннем ад няшчасцяў і хвароб.

Літаратура правіць

  • Зайкоўскі, Э. М. Культ жывёл / Э. М. Зайкоўскі // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 355. — ISBN 5-85700-077-7.
  • Нікольскі, Н. М. Жывёлы ў звычаях, абрадах і вераннях беларускага сялянства / Н. М. Нікольскі. — Мн.: [б. в.], 1933. — 136, [1] с. — (Працы секцыі этнаграфіі; Вып. 3).