Калдычэўскі шчупак

«Калдычэўскі шчупак» (польск.: Szczupak Kołdyczewski) — балада Яна Чачота, напісаная каля 1819 года, прысвечаная Міхалу Верашчаку.

Калдычэўскі шчупак
Szczupak Kołdyczewski
Жанр балада
Аўтар Ян Чачот
Мова арыгінала польская
Дата напісання 1819
Перакладчык Кастусь Цвірка
Электронная версія

Апісанне правіць

Прадмова правіць

Балада складаецца з 48-радковай прадмовы, адрасаванай Міхалу Верашчаку, брату Марылі Верашчакі, каханай Адама Міцкевіча, і 296-радковай, уласна, балады.

У прадмове да свайго сябра Міхала Яна Чачот наракае на яго за бяздзейнасць і гультайства і супрацьпастаўляе яму чалавека дзеяння, жывога Яна Верашчаку, які імкнецца чыніць на карысць людзям і ўсяму свайму краю:[1]

А што ты раскажаш, Міхал, сваім дзецям!
Сядзіш, не вылазячы з дому...
У святах, забавах бясконцых, гуляка,
Ты ўвесь з галавой патанаеш.
А мог быць славутым, як той Верашчака, —
Ты ж сэрца цудоўнае маеш.

На думку Кастуся Цвіркі, аўтар выступае ў сваёй прадмове супраць так званых «лішніх людзей», увасобіўшы іх у вобразе разумнага, але бяздзейнага Міхала Верашчакі[1].

Сюжэт правіць

Дзеянне адбываецца ў Жыгімонтавыя часы. Балада апавядае пра тое, як Анцута, багаты наваградчанін, жывучы ў сваім замку, дзе на абшары раскінулася Калдычэўскае возера, прагнучы надаць урачыстасці народзінам дачкі, запрасіў шмат гасцей і даў пышны баль. Да яго прыехаў і Ян Верашчака, які жыў у Пясчанцы ля Свіцязі. Будучы адмысловым рыбаком, ён падахвоціў гасцей пасля гутаркі пайсці на возера. Пасля таго, як кінулі невады і выцягнулі агромністага шчупака, Анцута прапаноўвае панству адпусціць рыбіну, але папярэдне ўздзеўшы яму ў хрыбет стальное кольца з выбітым залатымі літарамі надпісам: «Той, хто шчупака таго дзе-небудзь зловіць, Дасць баль мне, Анцуту, шыкоўны». Ад гэта пары шмат прайшло гадоў і Анцутава дачка вырасла ў статную паненку, а пра шчупака забылі назусім. Аднак у пэўны дзень стары Верашчака ловіць у Свіцязі таго акальцаванага шчупака. Назаўтра прыязджае Анцута і ў часе вясёлага балю ён дамаўляецца выдаць сваю дачку за Верашчакавага сына, якія ўжо даўно былі закаханы.

Аўтарства правіць

Калі ў 1905 годзе Ян Квятнеўскі ўпершыню знайшоў на Наваградчыне рукапіс балады, аўтарства яе ён прыпісаў Адаму Міцкевічу[1]. У сваю чаргу Леапольд Мее[pl], які амаль адначасова знайшоў яшчэ адзін рукапіс гэтай самай балады (толькі без уступу, з дароўным надпісам Міхалу Верашчаку), выказваў меркаванне, што яна належыць пяру Яна Чачота[2]. Гэтай жа ідэі прытрымліваўся і член Літаратурнага таварыства Адама Міцкевіча Тадэвуш Піні[3]. Разам яны ўсебакова давялі, што А. Міцкевіч не мог быць аўтарам балады, і што, мяркуючы па шматлікіх прыкметах, яго трэба прыпісаць Яну Чачоту, што паклала пачатак вялікай дыскусіі на старонках польскага друку[4]. У адказ на довады апанентаў Ян Квятнеўскі ў 1911 годзе надрукаваў брашуру «Праўда пра „Шчупака“», у якой упарта імкнуўся замацаваць свой ранейшы погляд[4]. Дыскусія працягвалася некалькі гадоў, пакуль не было даказана, што аўтар «Калдычэўскага шчупака» — Ян Чачот[1].

Фальклорны матэрыял правіць

Асноваю балады паслужыла мясцовае паданне пра тое, як некалі ў Свіцязі быў злоўлены шчупак, акальцаваны ў Калдычэўскім возеры, які быццам бы трапіў з аднаго возера ў другое падземнай ракой[5]. Пра гэта паданне згадвае некалькімі словамі таксама і Міхал Федароўскі[6]. Выкарыстаны Я. Чачотам фальклорны матыў шырока распаўсюджаны на Наваградчыне[7]. Доктар філасофіі ў галіне польскай і славянскай літаратур Станіслаў Станкевіч у часе сваіх росшукаў на гэтай тэрыторыі занатаваў ажно шэсць варыянтаў гэтага падання:

  Рыбакі лавілі ў Кадлычэўскім[8] возеры рыбу і аднаму шчупаку прывязалі да пашчэнкі кальцо і напісалі: «Хто гэтага шчупака зловіць, няхай мяне запросіць на абед» дый пусцілі назад у возера таго шчупака. То потым праз некулькі год злавіў гэтага шчупака ў Свіцянцы (г. зн. у Свіцязі) міратыцкі пан Война і запрасіў пана кадлычэўскага на абед. А гэты шчупак прайшоў падземнымі норамі з Кадлычэўскага возера ў Свіцянку
Занатаваў ад Лявона Дудара з вёскі Мядзеневічы Баранавіцкага павета[7]
 

Апроч таго, Ян Чачот уводзіць у сваю баладу некаторыя народныя прымхі. Верашчака, ловячы ўначы рыбу ў Свіцязі, загадаў запаліць вязанкі лучыны, каб такім чынам яе цікаваць:

Агонь гэты бачыцца людзям са шляху.
З таго, што вядзе ў Гарадзішча.
Мо гэта нячысцік, гадаюць у страху,
Там сушыць свой скарб, што так блішча.

—Калдычэўскі шчупак, 213—216

Паводле гэта прымхі, задакументаванай М. Федароўскім, люд верыць, што калі ўначы зяхцяць мігатлівыя агеньчыкі, то гэта д’ябал перасушвае заклятыя ў зямлі скарбы альбо пераносіць іх у больш бяспечнае месца[9].

Геаграфія правіць

На думку Станіслава Станкевіча, у сваёй баладзе Ян Чачот падае дакладную лакалізацыю ўсяго дзеяння. Тут згадваюцца такія населеныя пункты як Цырын, Слонім, Брэст, «Пінскі край», Прыпяць, Мазыр, рака Сэрвач, якая плыве цераз Навагрудскі павет, Нёман, Плужыны, Туганавічы і Гарадзішча[10].

Зноскі

  1. а б в г Чачот Я. Наваградскі замак: Творы / Уклад., пер. польскамоўн. твораў, прадм. і камент. К. Цвіркі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — С. 294. — 327 с.
  2. Meyet L. Szczupak Kołdyczewski // Kurjer Warszawski. — 1905. — С. 289.
  3. Pini T.O Szczupaka Kołdyczewskiego // Pamietnik Literacki. — 1906. — Т. V. — С. 359.
  4. а б Станкевіч, С. Ян Чачот // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валерый Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С. 52. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6.
  5. Чачот Я. Наваградскі замак: Творы / Уклад., пер. польскамоўн. твораў, прадм. і камент. К. Цвіркі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — С. 293. — 327 с.
  6. Federowski M. Op. cit. T. III. S. 20
  7. а б Станкевіч, С. Ян Чачот // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валерый Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С. 53. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6.
  8. Раней на Наваградчыне мясцовыя жыхары вымаўлялі «Кадлычэўскі» замест «Калдычэўскі»
  9. Federowski M. Op. cit. T. I. S. 42, 43, 240
  10. Станкевіч, С. Ян Чачот // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валерый Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С. 54. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6.

Спасылкі правіць