Калінга
Калі́нга (орыя କଳିଙ୍ଗ) — старажытная дзяржава на ўсходзе Паўднёвай Азіі. Калінга ўпершыню ўзгадваецца ў старажытным індыйскім эпасе Махабхарата. Каля 261 г. да н. э. была заваявана валадаром Ашокам.
Гістарычная дзяржава | |
Калінга | |
---|---|
କଳିଙ୍ଗ | |
канец 2 тысячагоддзя да н.э. — 261 да н.э.
|
|
Сталіца | Калінганагара |
Форма кіравання | манархія |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
У нашы дні Калінга вызначаецца як гістарычны рэгіён у індыйскім штаце Адыша.
Гісторыя
правіцьКалінга, як народ на чале з правадыром Шрутаюдхі з усходу паўвострава Індастан, упершыню ўзгадваецца ў эпасе Махабхарата, што апавядае пра падзеі прыкладна XI ст. да н. э. Першасным геаграфічным рэгіёнам, які вызначаўся як Калінга, відавочна, былі землі каля сучаснага горада Пуры. У пазнейшых крыніцах V ст. Калінгай называлі ўзбярэжную вобласць паміж рэкамі Маханадзі і Крышна. У XII ст. паўночна-усходняй мяжой Калінгі лічылася рака Ганг.
Згодна з Махабхаратай, войска Калінгі цалкам загінула ў бітве паміж Пандавамі і Каўравамі. Сярод загінулых былі Шрутаюдхі і яго 2 сыны. Пасля іх смерці ў Калінзе ўсталявалася дынастыя кшатрыяў. Пураны звязваюць яе паходжанне са сляпым пустэльнікам Дыргхатамасам, які быў выгнаны сваім малодшым братам і спусціўся ўніз па Гангу на плыце. Яго сыны ад мясцовай жанчыны заснавалі 5 княстваў, кожнае з якіх было названа ў гонар заснавальніка. Такім чынам, першым валадаром-кшатрыем Калінгі быў трэці сын Дыргхатамаса, князь Калінга. Да 326 г. да н. э. на троне змянілася 32 прадстаўнікі гэтай дынастыі.
Першае ўзвышэнне Калінгі адбылося каля VIII ст. да н. э., калі тут кіравалі валадары Сатабху і Караканду. Сатабху пашырыў межы дзяржавы. Караканду прыняў джайнізм і садзейнічаў пашырэнню ўплыву гэтай рэлігіі ў Паўднёвай Азіі. Старажытная Калінга адыгрывала выключную ролю ў марскім гандлі ў Бенгальскім заліве. Яе прадстаўнікі гандлявалі з паўднёвымі раёнамі паўвострава Індастан, Шры-Ланкай і краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі, стваралі паселішчы-калоніі. Па адной з версій, з тэрыторыі Калінгі паходзіў Віджая, першы легендарны валадар сінгалаў. Паходжанне значнай часткі насельніцтва Шры-Ланкі з паўночна-усходняга ўзбярэжжа Індыі пацвярджаюць сучасныя генетыкі.
Росквіт Калінгі адбыўся ў пачатку другой паловы 1 тысячагоддзя да н. э. На яе ўзбярэжжы дзейнічала некалькі буйных портаў, адкуль вывозілі жалеза, каштоўныя камяні, плады арэкавай пальмы, тканіны. У старажытным Кітаі выхадцы з Калінгі сталі вядомы як куньлунь. Пліній Старэйшы са спасылкай на Мегасфена, грэчаскага дыпламата канца IV ст. да н. э., паведамляў, што ў манарха Калінгі было значнае войска з 60 тысяч пяхотнікаў, 1 тысячы коннікаў і 700 сланоў. Тым не меней, у IV ст. да н. э. гэта дзяржава на кароткі перыяд была падпарадкавана імператарамі Нанда. Няўдалую спробу заваяваць Калінгу здзейсніў Чандрагупта, заснавальнік імперыі Маўр’яў.
Канец незалежнасці Калінгі паклаў валадар Ашока, нашчадак Чандрагупты. На 8 год свайго кіравання ён заваяваў Калінгу. Крывавая вайна моцна змяніла яго светапогляд, так што ён прыняў будызм.
Спадчына
правіцьНягледзячы на знікненне дзяржавы Калінга ў III стагоддзі да н. э., яе назва перыядычна ўзнікала ў пазнейшых крыніцах як найменне гістарычнай вобласці каля Бенгальскага заліва. У нашы дні назва Калінга нададзена некалькім навуковым і адукацыйным установам у Адышы, спартыўнаму стадыёну ў Бхубанешвары. Калінгай таксама называюць адзін са стыляў пісьма брахмі, які выкарыстоўваецца ў мове одыя, і архітэктурны стыль пабудовы індуісцкіх храмаў, вызначаны наяўнасцю 4 вежаў розных памераў і ўнутраным дваром.
Літаратура
правіць- Sircar, D.C. Studies in the Geography of Ancient and Medieval India — Delhi: Motilal Banarsidass, 1990 ISBN 9788120806900
Спасылкі
правіць- Ancient Kalinga — India Map
- Kalinga After Mahabharata War
- Prafulla Chandra Mohanty, Maritime Trade of Ancient Kalinga Архівавана 5 снежня 2021.
- Jimuta Naik, HISTORICAL GEOGRAPHY OF KALINGA(недаступная спасылка)
- Benudhar Patra, Role of Kalinga in the Process of Ancient Indian Colonization in South-East Asia(недаступная спасылка)
- Michael Skinner, Kalinga: Reconstructing a Regional History from the 6th century BCE to the 1st Century BCE