Мальёрка (каралеўства)

(Пасля перасылкі з Каралеўства Маёрка)

Каралеўства Мальёрка (катал.: Regne de Mallorca, ісп.: Reino de Mallorca, фр.: Royaume de Majorque) — сярэдневяковае каралеўства, васальнае каралеўству Арагон, створанае каралём Арагона Хаймэ I Заваёўнікам пасля заваявання Балеарскіх астравоў у час Рэканкісты ў паўночна-заходнім Міжземнамор'і. Сталіцай дзяржавы быў Перпіньян у вобласці Русільён.

Каралеўства
Каралеўства Мальёрка
катал.: Regne de Mallorca
ісп.: Reino de Mallorca
Герб Сцяг
Герб Сцяг
< 
 >
1231 — 1344 (1707)

Сталіца Перпіньян
Мова(ы) Каталанская
Афіцыйная мова каталанская мова
Рэлігія Каталіцтва
Плошча 4992 км2
Насельніцтва 50000 (1239)
Форма кіравання Манархія
Дынастыя Барселонскі дом, Мальёркская галіна
Сюзерэн Каралеўства Арагон
Гісторыя
 • 1231 Заваяванне Мальёркі Хаймэ I Заваёўнікам
 • 1276 Вылучэнне Мальёркі ў васальнае каралеўства
 • 1344 Далучэнне каралеўства да Арагона
 • 1403 Смерць Ізабелы, апошняй прадстаўніцы дынастыі
 • 1616 Мальёрка разам з Арагонам становіцца часткай каралеўства Іспанія
 • 1716 Мальёрка ператворана ў правінцыю Балеарскія астравы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Утварэнне правіць

 
Заваяванне Мальёркі каралём Арагона Хаймэ I Заваёўнікам (1229).

Мальёрка была адваявана Хаймэ I у дынастыі Альмахадаў у 12291232 гадах. Яшчэ не да канца авалодаўшы востравам, Хаймэ ў 1231 годзе абвясціў Мальёрку каралеўствам, якое знаходзіцца ва уніі з Арагонам. Тады ж ён перадаў права сеньёра вострава Мальёркі свайму кузену, партугальскаму інфанту Педру Урхельскаму ў абмен на графства Урхель.

У 1235 годзе арагонцамі былі заваяваны астравы Івіса (Ібіца) і Фарментэра, далучаныя да Мальёркі.

У 1244 годзе Педру абмяняў права сеньёра Мальёркі на ўладанні ў Валенсіі, але ў 1254 годзе ён ізноў атрымаў Мальёрку. Педру памёр у 1256 годзе, пасля чаго Мальёрка зноў вярнулася пад прамое кіраванне караля Хаймэ.

У 1260 годзе памёр старэйшы сын караля Хаймэ I, Альфонса. У 1262 годзе Хаймэ напісаў завяшчанне, паводле якога пасля яго смерці каралеўскі дамен павінен быць падзелены паміж яго сынамі. Інфант Педра павінен быў атрымаць Арагонскае каралеўства, куды ўваходзілі ўласна Арагон, Валенсія і Барселона. А для іншага сына, Хаймэ (12431311), бацька рэструктураваў каралеўства Мальёрка, якому цяпер быў дадзены васальны статус. Акрамя Балеарскіх астравоў у яго ўвайшлі каталонскія графствы Русільён і Сердань, а таксама ўладанні ў Аксітаніі — сеньярыя Манпелье, віконцтва Карла ў Аверні і баронства Амела каля Манпелье. Спадчына Хаймэ II была невялікай і слабай, але значнай, паколькі маладое каралеўства размяшчалася ў міжземнаморскім стратэгічным анклаве паміж двума вялікімі каралеўствамі — Францыяй і Арагонам, якія ўвесь час ваявалі. Усведамляючы ўразлівасць каралеўства Мальёрка, Хаймэ I планаваў заваяванне Сардзініі, каб далучыць і яе да новага каралеўства. Таксама ён вёў перамовы пра шлюб сына Хаймэ з Беатрысай, дачкой графа Амадэя V Савойскага, але гэтыя планы не былі рэалізаваны.

Кіраванне Хаймэ II правіць

 
Герб каралёў Мальёркі

Хаймэ II атрымаў у спадчыну каралеўства пасля смерці бацькі ў 1276 годзе. Сталіцай каралеўства стаў Перпіньян у Русільёне.

Стаўшы каралём, Хаймэ адмовіўся плаціць даніну старэйшаму брату, Педра III, каралю Арагона. Заняты рознымі ўнутранымі праблемамі каралеўства, ён толькі ў 1279 годзе ўрэгуляваў адносіны з Арагонам прызнаўшы сябе васалам Педра. У тым жа годзе манархі ў Перпіньяне заключылі дагаворы, паводле якіх адраджаўся палітычны і эканамічны кантроль каралёў Арагона над Мальёркай, аднавіўшы аб'яднаную юрысдыкцыю Арагонскай кароны. Гэта пагадненне мусіла стварыць трывалую сувязь паміж каралеўствамі.

Пасля заваявання ў 1282 годзе каралём Педра III Арагонскім Сіцыліі, якая належала Карлу I Анжуйскаму, Папа Рымскі Марцін IV адлучыў Педра ад царквы, што аўтаматычна рабіла яго ізгоем сярод еўрапейскіх манархаў і вызваляла яго падданых ад прысягі. Хаймэ вырашыў скарыстацца гэтым, каб выйсці з падпарадкавання Арагону. У 1283 годзе ён прызнаў французскага караля Філіпа III Смелага сеньёрам графства Манпелье, а таксама дазволіў французскім арміі і флоту свабодны праход праз Русільён.

У маі 1284 года папа Марцін абвясціў пра звяржэнне Педра III і падаў арагонскую карону Карлу Валуа, другому сыну Філіпа III Французскага[1]. Паколькі Педра III не збіраўся падпарадкоўвацца вердыкту Папы і не адмаўляўся ад арагонскай і сіцылійскай карон, Марцін IV абвясціў супраць караля крыжовы паход. Армія Філіпа III і Карла Валуа, прайшла Русільён і Пірэнеі, уварваўшыся ў Каталонію. У 1285 годзе французы пасля доўгай аблогі ўзялі Жырону — першы буйны горад Каталоніі. Тут папскі легат каранаваў Карла Валуа як караля Арагона. Паколькі далёка не ўсе васалы падтрымалі Педра III, яго становішча было крытычным. Але неўзабаве ход вайны змяніўся: сіцылійскі флот пад камандаваннем Ражэра дэ Лорыя разбіў французаў, што пазбавіла Філіпа III магчымасці атрымліваць падмацаванні і харч з Францыі, а ў лагеры самой французскай арміі пачалася эпідэмія дызентэрыі. Французы прасілі ў Педра III перамір'я, каб мець магчымасці адступіць за Пірэнеі. Але Педра III адмовіў у перамір'і і арганізаваў засаду каля перавала Панісар (Panissars), у якой французы былі разбіты. 5 кастрычніка 1285 года Філіп III памёр у Перпіньяне, яго сын Філіп IV Прыгожы вырашыў спыніць баявыя дзеянні. Цяпер ужо Педра перайшоў Пірэнеі і заняў Русільён, а Хаймэ зноў прызнаў сябе васалам Арагона і, асцерагаючыся брата, бег пад абарону французаў у Нарбону, — аднак, яго дзеці патрапілі ў рукі Педра. Педра пачаў падрыхтоўку да экспедыцыі на Мальёрку, але ў час яе падрыхтоўкі памёр.

Паход ажыццявіў старэйшы сын Педра, Альфонса III Арагонскі. У 1285 годзе ён захапіў Мальёрку, а ў 1286 годзе — Івісу. Акрамя таго, у 1287 годзе ён канчаткова адваяваў у арабаў апошні з Балеарскіх астравоў — Менорку. Балеарскія астравы знаходзіліся пад кантролем Альфонса аж да яго смерці ў 1291 годзе. Пад кіраваннем Хаймэ заставаліся толькі Русільён, Сердань і Манпелье.

Новы кароль Арагона, Хаймэ II Справядлівы, прызнаў рашэнне Папы Рымскага Баніфацыя VIII аб вяртанні Балеарскіх астравоў Хаймэ II Мальёркскаму (дагавор у Анагні, 1285 год). Таксама паводле дагавора ён вызваліў дзяцей Хаймэ Мальёркскага, якія знаходзіліся пад вартай. У 1298 годзе Хаймэ II Арагонскі дамогся таго, каб Хаймэ II Мальёркскі прызнаў сябе васалам караля Арагона. Пасля чаго Хаймэ II больш не ваяваў.

За час свайго кіравання Хаймэ II Мальёркскі паспрабаваў умацаваць сваё каралеўства. Ён правёў палітыку сельскагаспадарчай каланізацыі, стварыў грашовую сістэму, наладзіў вытворчасць тканін. Ён пачаў будаўніцтва палацаў і замкаў. У Перпіньяне Хаймэ пабудаваў каралеўскі палац, а ў Пальме-дэ-Мальёрка — палац Альмудэну.

Кіраванне Санча I Ціхага правіць

Пасля смерці Хаймэ II у 1311 годзе яго спадчыннікам стаў другі сын, Санча II Ціхі (12771324). Ён стаў спадчыннікам прастола ў 1299 годзе, калі яго старэйшы брат Хаймэ стаў францысканцам і адрокся ад правоў на трон. У 1302 годзе ён ажаніўся з Марыяй, дачкой караля Неапаля Карла II, што ўмацавала нядаўна заключаны мір паміж Анжуйскім і Арагонскім дамамі.

Першую палову свайго кіравання ён працягваў палітыку бацькі, умацоўваючы стабільнасць каралеўства. Аднак ён сутыкнуўся з цяжкасцямі праз патрабаванні горада Пальма-дэ-Мальёрка аб большай аўтаноміі.

Пасля скасавання ордэна Тампліераў Санча далучыў іх уладанні ў каралеўстве. Аднак ён не пераследваў тампліераў, якія жылі ў яго землях.

Санча таксама паспрабаваў утаймаваць апазіцыйных арыстакратаў Русільёна, якія паўсталі супраць яго бацькі ў час крыжовага паходу на Арагон. Так, у 1321 годзе ён пазбавіў большай часткі ўладанняў віконта Кастэльну Жаспэ V. Пры гэтым арыстакратыя, якая падтрымала бацьку, змагла павялічыць свае ўладанні за кошт тых, хто трапіў у няміласць.

Пачынаючы з 1315 года Санча, які не меў дзяцей, сутыкнуўся з прэтэнзіямі караля Арагона Хаймэ II, які жадаў пасля смерці Санча далучыць Мальёрку да Арагона. У сваім завяшчанні Санча прызнаў спадчыннікам свайго пляменніка Хаймэ. Гэта завяшчанне было прызнана каралём Арагона ў абмен на выплату вялікага доўгу, які Санча набыў у час уварвання ў Сардзінію, што пагрузіла каралеўства ў сур’ёзны фінансавы крызіс.

 
Перпіньянскі сабор — галоўны храм Мальёркскага каралеўства.

Далучэнне каралеўства да Арагона правіць

Хаймэ III Смелы (13151349) быў сынам інфанта Фернанда (1278—1316), князя Ахейскага з 1314 года. Пасля гібелі бацькі Хаймэ атрымаў у спадчыну правы на княства Ахейскае. Пасля смерці караля Санча ў 1324 годзе Хаймэ атрымаў у спадчыну яго каралеўства. Рэгентам пры малалетнім каралі стаў малодшы брат Санча, Філіп. Аднак ён, быўшы духоўнай асобай, не карыстаўся падтрымкай арыстакратыі. На апякунства выказаў прэтэнзіі граф Гастон II дэ Фуа, стрыечны брат Філіпа і Санча, якога падтрымалі былыя саветнікі Санча. Гэта заблытаная сітуацыя была вырашана толькі пасля таго, як Хаймэ III стаў паўналетнім.

Хаймэ быў вымушаны праводзіць палітыку, якая навязвалася яму Арагонам. Яму навязалі ўдзел у вайне з Генуяй (13291336), якая прывяла да страты многіх эканамічных рынкаў для каралеўства. Для таго, каб кампенсаваць фінансавыя страты, Хаймэ быў вымушаны падняць падаткі.

Акрамя таго новы кароль Арагона Педра IV у 1341 годзе разарваў адносіны з Мальёркай. У маі 1343 года Педра ўварваўся на Балеарскія астравы і заваяваў іх, разбіўшы армію Хаймэ каля Санта-Понсы. У 1344 годзе Педра захапіў Русільён і Сердань, далучыўшы большую частку каралеўства да Арагона. У руках Хаймэ засталіся толькі французскія ўладанні. Але ў 1349 годзе ён прадаў іх каралю Францыі Філіпу VI, каб набраць армію, з якой ён уварваўся на Мальёрку. 25 кастрычніка 1349 года ў бітве пры Льюкмаёры Хаймэ быў разбіты і загінуў, а яго малалетнія дзеці, Хаймэ IV (13371375) і Ізабела (13371403), былі вывезены ў палон у Барселону. Мальёрка канчаткова ўвайшла ў склад Арагона, а затым у склад Іспанскага каралеўства.

Хаймэ IV насіў тытул караля Мальёркі, аднак ніякай магчымасці вярнуць каралеўства ў яго не было. Ён здолеў заваяваць частку Ахейскага княства, правы на якое атрымаў у спадчыну праз сваю бабулю, Ізабелу дэ Сабран. Памёр Хаймэ бяздзетным у 1375 годзе. Яго сястра, Ізабела, выйшла замуж за маркіза Джавані II Манферацкага, перадаўшы Манферацкаму дому правы на Мальёркскае каралеўства.

У 1716 годзе спецыяльным дэкрэтам Мальёрка была абвешчана часткай іспанскай правінцыі Балеарскія астравы.

 
 
 
Каралеўскі палац Альмудэна ў горадзе Пальма Капэла каралеўскага палаца ў Перпіньяне Сабор у Пальме — пахавальня каралеўскай дынастыі

Спіс каралёў Мальёркі правіць

  • 12311276: Хаймэ I Заваёўнік (1208—1276), кароль Арагона, граф Барселоны і сеньёр Манпелье з 1213, кароль Мальёркі з 1231, Валенсіі з 1238, граф Урхеля 12311236
  • 12761311: Хаймэ II (1243—1311), кароль Мальёркі, граф Русільёна і Сердані, сеньёр Манпелье
  • 13111324: Санча I Ціхі (1277—1324), кароль Мальёркі, граф Русільёна і Сердані, сеньёр Манпелье
  • 13241344: Хаймэ III Смелы (1315—1349), кароль Мальёркі, граф Русільёна і Сердані, сеньёр Манпелье, князь Ахейскі з 1316

Тытулярныя каралі Мальёркі правіць

Зноскі

  1. Карл Валуа даводзіўся па сваёй маці Ізабеле Арагонскай пляменнікам Педра III

Літаратура правіць

  • A Mediterranean emporium — The Catalan kingdom of Majorca, by David Abulafia, ISBN 0-521-89405-0
  • Хроника Карденьи I. Хроника Карденьи II. Анналы Толедо I. Анналы Толедо II. Анналы Толедо III. / под ред. С.А. Куприенко. — К.: Blok.NOT, 2011. — 101 с.

Спасылкі правіць