Касцёл Святога Міхаіла (Смаргонь)
Касцё́л Свято́га Міхаі́ла (колішні кальвінскі збор) у Смаргоні — выдатны помнік мураванай архітэктуры Беларусі эпохі Рэнесансу. Размяшчаецца ў цэнтры горада, на вул. Савецкай.
Касцёл | |
Касцёл Святога Міхаіла | |
---|---|
| |
54°28′51″ пн. ш. 26°24′13″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Смаргонь |
Канфесія | Каталіцызм |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Тып будынка | касцёл |
Архітэктурны стыль | рэнесанс |
Будаўніцтва | 1606—1612 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000585 |
Стан | дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіць- 1503 ці 1505 — узведзены драўляны касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі слонімскім старастам Юрыем Зяновічам.
- 1552—1553 — драўляны касцёл перароблены ў збор па загадзе берасцейскага ваяводы Хрыстафора Зяновіча.
- 1606—1612 — узведзены мураваны кальвінскі збор на сродкі Мікалая Багуслава Зяновіча.
- 1621 — мураваны збор пераасвечаны ў Троіцкі касцёл.
- 1655 — моцна пашкоджаны, аднак неўзабаве быў адноўлены.
- 1858 — рэстаўрыраваны.
- 1866—1918 — перададзены праваслаўным і перайменаваны ў Міхайлаўскую царкву. Аздобы касцёла былі ліквідаваны, фрэскі забелены, зроблены шатровы дах з макаўкай у рускім стылі. У час 1-й сусветнай вайны службы не адбываліся.
- 1918—1946 — зноў дзейнічае як касцёл.
- 1947 — храм зачынены ўладамі.
- 1970 — рэстаўрыраваны (архітэктары В. Сахно, П. Седляроў, С. Друшчыц) і прыстасаваны пад выставачную залу.
- 1990 — вернуты вернікам.
Архітэктура
правіцьХрам у Смаргоні з'яўляецца выдатным помнікамі архітэктуры рэнесансу ў Беларусі XVI—XVII cтагоддзяў. Цэнтрычны васьмігранны храм мае крыху выцягнутыя па падоўжанай восі прапорцыі. Унутранае памяшканне перакрытае мураваным упрыгожаным фрэскамі купалам, які звонку накрыта шатровым дахам і прыхавана высокім атыкам. Да галоўнага фасада далучаецца двух'ярусная вежа-званіца, васьмярык на чацвярыку, завершаная шатровым дахам. У ніжнім ярусе вежы размяшчаецца ўваход у храм. На ўзроўні ніжняга яруса сцены пазбаўлены дэкору. Пластыку вызначаюць праёмы акон, плоскія нішы. Другі ярус аздоблены плоскімі арачнымі нішамі і арачнымі праёмамі ў гранях вежы. У месцы злучэння званіцы і асноўнага аб'ёму пастаўлена цыліндрычная вежачка з вітымі ўсходамі ўнутры. Надзвычай магутныя сцены храма прарэзаны выцягнутымі вокнамі з паўцыліндрычным завяршэннем. Над сценамі ўзвышаецца высокі рэнесансны атык.
Пад асноўным аб'ёмам храма размяшчаецца крыпта.
Галерэя
правіцьЛітаратура
правіць- Габрусь, Т. В. Мураваныя харалы: сакральная архітэктура беларускага барока. — Мн., 2001.
- Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.
- Республика Беларусь : энциклопедия. [В 7 т.]. Т. 6. — Минск, 2008.
- Маркава Н. Е., Міцянін А. А. Смаргонскі кальвінскі збор // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 50. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Смарго́нскі ка́львінскі збор // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 674. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Святога Міхаіла (Смаргонь)
- Касцёл Святога Міхаіла (Смаргонь) на сайце Radzima.org
- Касцёл Святога Міхаіла (Смаргонь) на сайце Глобус Беларусі (руск.)