Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла (Капыль, 1864)

Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла — колішні рымска-каталіцкі касцёл у Капылі.

Сакральнае збудаванне
Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла
Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ў 1914 годзе
Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ў 1914 годзе
53°09′04,58″ пн. ш. 27°05′30,82″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Капыль
Дата заснавання 1439
Будаўніцтва 18591864 гады
Статус Ахоўная зона

ГісторыяПравіць

Касцёл у Капылі пабудаваў з дрэва ў 1439 годзе Міхал, сын Жыгімонта Кейстутавіча, вялікага князя літоўскага. Фундатар і пазнейшыя спадкаемцы адорвалі касцёл багатымі ахвяраваннямі так, што ў 1842 годзе, на хвалі касацыі касцёльных маёнткаў, капыльская парафія мела 4 валокі зямлі і 280 рублёў ануаты. У 1856 годзе будынак касцёла згарэў, а новы пачалі будаваць у 1859 годзе на ахвяраванні памешчыка Рэйтана і парафіян[1].

 
Мураваная капліца ў в. Вусава, 2009 год.
 
Рэстаран «Колас» у Капылі на месцы зруйнаванага будынка касцёла

Новы мураваны Капыльскі рымска-каталіцкі касцёл Магілёўскай архідыяцэзіі Слуцкага дэканата Мінскай губерні быў пабудаваны на сродкі парафіян з дазволу дыяцэзіяльнага начальства. Вуглавы камень быў закладзены 29 чэрвеня 1859 года, а завершана будаўніцтва было ў 1864 годзе.

У 1908 годзе клопатамі ксяндза Юзафа Зноскі дабудавана званіца ў неагатычным стылі. Вышыня званіцы складала 45 аршынаў. У правай званіцы тры званы: вялікі «Кіпрыян» вагой 25 пудоў, ахвяраваны родзічамі Кіпрыяна і Юзэфы Загорскай у памяць 25-годдзя юбілею замужжа, сярэдні звон «Юзаф» — 14 пудоў і самы малы «Рох» — 7,5 пуда. Званіца была асвечана ксяндзом Янам Сяклюцкім, слуцкім дэканам.

У 1911 годзе дах быў пакрыты ацынкованай бляхай, пад вялікім алтаром была прыстроена невялікая вежа з сігнатуркай, вежа пакрыта ацынкаванай бляхай, на ёй крыж, каваны з жалеза. Вадасцёкі былі з цынкавай 15-фунтавай бляхі. Сярод званіц — фасад з крыжам. Касцельны двор з трох бакоў быў абнесены каменнай агароджай, а з чацвёртага — частаколам.

У парафіі знаходзіліся капліцы: мураваная ў в. Вусава (1863 г.), драўляная ў мястэчку Рымя (пабудавана памешчыкам Аколавым), мураваная ў маёнтку Бабоўня (пабудавана памешчыцай Траскалеўскай), драўляная капліца св. Роха на могілках у Капылі. Адпустовыя касцёльныя святы: Св. Пятра і Паўла, Св. Роха, пяць святаў Дзевы Марыі, Пяцідзесятніца, Усіх Святых. Касцёл меў прывілеі, дадзеныя прэлатам Дзенісевічам і біскупам Унукоўскім. У капліцы св. Роха быў цудадзейны абраз. Колькасць парафіян па стане на 1912 год складала 3830 чалавек.

Мураваны будынак касцёла перажыў першую і другую сусветныя войны і быў знішчаны ў 1950-х гадах. Цяпер на месцы будынка касцёла знаходзіцца рэстаран «Колас». Па словах капыльскіх старажылаў, у другую сусветную вайну касцёл быў прыстасаваны немцамі пад стайню, а ў 1950-х гадах з выкарыстаннем частак сцен храма быў пабудаваны рэстаран, які захаваўся да нашага часу[2].

АпісаннеПравіць

 
Унутранае ўбранства Капыльскага касцёла, 1914 год.

Будынак касцёла звонку і знутры быў тынкаваны. Падлога і столь былі дашчаныя. На хорах — арган. У касцёле тры алтары. Галоўны алтар вялікі, сніцэрскай работы, на чатырох слупах, у алтары крыжы з фігурай Ісуса Хрыста, закрываецца абразом Маці Божай. У самай вяршыні алтара два абразы св. Апосталаў Пятра і Паўла, на палатне. Другі алтар з правага боку, драўляны, з абразом Багародзіцы. Трэці алтар — св. Антонія, драўляны, з двума абразамі на палатне. Пры кожным алтары мармуровыя камяні з мошчамі Святых Мучанікаў. Асаблівую ўвагу звяртаюць на сябе на дзве рызы: адна чырвоная са Слуцкага пояса, другая — з Персідскага.

У касцёле захоўваліся 14 станцый Дарогі Крыжовай Ісуса Хрыста і восем абразоў. Частка маёмасці была атрымана з ліквідаванага Дамініканскага Нясвіжскага рымска-каталіцкага касцёла. У архіве касцёла захоўваліся метрычныя кнігі: Аб нараджэнні і шлюбах з 1700 г. па 1912 г.; Аб шлюбах ІІ частка з 1791 г. па 1912 г.; Аб Дашлюбных экзаменах з 1828 па 1912 г.; Аб памерлых з 1802 г. па 1912 г.

Гаспадарчыя пабудовы пры касцёле: плябанія — дом з сасновых брусоў, пабудаваны ў 1887 годзе даўжынёй — 31, шырынёй 14,5 аршынаў, на каменным падмурку, дах гонтавы, падлога ўсюды падвойная; павець для сена даўжынёй 28, шырынёй 7 аршынаў; карэтная; стайня; хлеў; два невялікія хлеўчукі; дамок для арганіста; свіран на каменным падмурку; ляднік; сарай для паліва; дамок для закрыстыяна.

Сядзіба была агароджана глухім плотам вышынёй 3,5 аршынаў. Сад і агарод, кавалак сенакосу, зямля для касцёла былі ў казённым маёнтку Какорычы. Капыльская парафія межавала з Уздзенскай, Нясвіжскай, Слуцкай і Цімкавіцкай парафіямі.

КсяндзыПравіць

  • Зянькевіч Віктар Віктаравіч (1903—1904)
  • Фама Чайкоўскі (1906)
  • Юзаф Зноска (1907—1916)

Зноскі

  1. Żyskar F. J. Nasze kościoły: opis ilustrowany wszystkich kościołów i parafji znajdujących się na obszarach dawnej Polski i ziemiach przyległych. T. 2: Djecezja mińska. Z. 18: Dekanat słucki. Warszawa — Petersburg, 1914. C. 313.
  2. Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла (Капыль, 1864) на сайце Глобус Беларусі (руск.) 

СпасылкіПравіць