Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Жалудок)
Жалудоцкі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі — помнік архітэктуры позняга класіцызму.
Каталіцкі храм | |
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі | |
---|---|
53°36′08″ пн. ш. 24°58′33″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Гарадскі пасёлак | Жалудок |
Канфесія | Рымска-каталіцкая царква |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | позні класіцызм |
Архітэктар | Караль Падчашынскі |
Дата пабудовы | 1853 год |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000717 |
Стан | дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьКаталіцкая абшчына ў Жалудку з'явілася ў 1490 годзе[1]. У той жа час тут быў пабудаваны першы касцёл па ініцыятыве Казіміра IV. Сучасны будынак у стылі Касцёл пабудаваны ў 1853 г. з бутавага каменю і цэглы паводле праекта архітэктара К. Падчашынскага — вучонага і тэарэтыка позняга класіцызму.
Архітэктура
правіцьПрамавугольны ў плане аб'ём з паўкруглай апсідай, сакрысціямі і крыламі трансепта па баках. Накрыты 2-схільным дахам з 3-вугольным франтонам на галоўным фасадзе, вуглы якога ўвенчваюць скульптуры-пінаклі з Хрыстом. З франтонам галоўнага фасада рытмічна спалучаецца франтон масіўнага 4-калоннага дарычнага порціка, якім аформлены партал увахода, і бакавыя арачныя нішы-экседры са скульптурамі евангелістаў. Тымпаны абодвух франтонаў запаўняюць гарэльефныя кампазіцыі. Сцены апяразвае масіўны антаблемент, расчлянёны шырокімі пілястрамі з перакінутымі паміж імі аркамі над арачнымі аконнымі праёмамі ў прафіляваных ліштвах — павапнаваныя і атынкаваныя, яны кантрастна вылучаюцца на паліхромнай бутавай муроўцы. Да пачатку 20 ст. над галоўным фасадам узвышалася 8-гранная шатровая званіца і такая ж па форме сігнатурка над алтарнай часткай.
На паўднёвай сцяне побач з уваходам захаваўся сонечны гадзіннік.
Побач з касцёлам — 2-ярусная 4-гранная бутавая званіца.
Крыпта
правіцьПад алтаром знаходзіцца крыпта з пахаваннямі, сярод іх пахаванне падскарбія надворнага Антонія Тызенгаўза — уладальніка Жалудка. На бакавых сценах прэсбітэрыя 2 белыя мармуровыя мемарыяльныя дошкі з барэльефнымі выявамі графіні Г. Тызенгаўз (1822 — 91) і графа С. Урускага, маршалка шляхты Варшаўскай губерні (1817—1890).
Зноскі
Літаратура
правіць- Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — Мінск: Беларус. Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2008. 488 с.: іл.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Жалудок)
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Жалудок) на сайце Catholic.by (бел.)
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Жалудок) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Жалудок) на сайце Radzima.org