Комант або Скоманд, Скаламенд (ням.: Skumand, літ.: Gomants/Gomantas, Komants/Komantas, Skomantas; ~1225 — кан. 13 ст.) — князь судаўскі, кіраўнік супраціўлення судаваў і іншых прусаў агрэсіі Тэўтонскага ордэна ў 1277—1283 гадах.

Комант
Нараджэнне 1225
Смерць XIII стагоддзе[1]
Род Гедзімінавічы
Дзеці Еўна
Дзейнасць феадал

ІмяПравіць

Імя "Скаламенда", які ў "Задоншчыне" згадваецца як продак Гедзімінавічаў, складаецца з дзвюх асноў: skal- i mant-. З іх першая звязаная з літ. skalsus "багаты, шматлікі; сытны, шчодры", skalti "расці, цвісці", другая - з mantus "кемны; прыдатны". Імя, такім чынам, нясе значэнне кшталту "Мнагадумны" (тыпалагічна - як польскі "Балемысл") і мае аналаг у імені Доўмант-Daumantas (першая аснова - ад daug "шмат"). Побач з іменнай асновай Skal- ёсць асновы Go-, Ko-, Sko-, якія адна з адной не атаясамляюцца.[2]

БіяграфіяПравіць

Лічыцца, што валодаючы Судавай Комант меў рэзідэнцыю на гарадзішчы, якое знаходзіцца ў наваколлі сучаснага горада Элк (Польшча), каля Скамацкага возера (польск.: Skomęckie jezioro) і атаясняецца гісторыкамі з замкам Скомандбург (літар. Комантаў замак). Паблізу гарадзішча ёсць і вёска Скоманты (ням.: Skomentnen, Skomanten, польск.: Skomęntno Wielkie).

У 1273 і 1278 годах Комант на чале судаўскага войска пры падтрымцы войска ВКЛ («русінаў»[3]) спустошыў Кульмскую зямлю ва ўладаннях Тэўтонскага ордэна, ваяваў каля гарадоў Кульма і Торна, замкаў Вельсайс, Граўдэнц, Зантыр, Клемент, Ліпу, Марыенвердэр, Пловіст, Рэдзін, Турніц і Хрыстбург. У 1280 годзе немцы спалілі рэзідэнцыю Команта, у адказ ён уварваўся і парабаваў Самбію, дзе ўзяў у палон Людвіга фон Лібенцэля, але праз нейкі час вызваліў яго. Каля 1281 года, унікаючы ціску Ордэна Комант з Судавіі перасяліўся на Русь — у тую яе частку, што належала ВКЛ, напэўна ў Гародню. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што у часы кіравання Трайдзеня, Комант быў другім чалавекам у ВКЛ пасля вялікага князя.

Магчыма, неўзабаве па сваім пераездзе ў ВКЛ Комант быў пераведзены ў заходнюю Жамойць, — так дазваляе думаць назва вёскі Скомантай (літ.: Skomantų; паблізу Вейвіржэнаў) і вялізнае гарадзішча побач, выдатна ўмацаванае ў XIII ст., якое размешчана паблізу колішняга замка Гедзіміна. З гэтым перыядам жыцця Команта, магчыма, звязана і назва вёскі Гомантлаўкіс («Комантава поле») паблізу Рэтавы ў Жамойці (цяпер Рэтаўскае староства Літвы), а таксама вёскі Каманцішкі (Kamantiškių <*Komantiškių; цяпер у Мяркінскім старостве Літвы) і Коматава (Гродзенскі раён, цяпер затоплена вадасховішчам Гродзенскай ГЭС). Магчыма, менавіта ў Коматава знаходзілася сядзіба Команта, пра якую вядома толькі тое, што заходзілася паблізу Гродна.

У 1282 або 1283 годзе Комант, магчыма, незадаволены сваім статусам у ВКЛ пасля смерці Трайдзеня (1282), перабег да немцаў, быў імі ахрышчаны і пэўны час жыў у замку Балга. У 1284 годзе Комант быў правадніком і начальнікам прускага атраду ў складзе ордэнскага войска падчас паходу на Гародню, а вясной 1285 года атрымаў невялікі надзел зямлі ў Натангіі і разам з трыма сынамі пасяліўся ў тамтэйшай вёсцы Сцігены (ням.: Stegen, польск.: Stegny; ад пруск.: steegeадрына; цяпер Эльбінгскі павет Польшчы). Там ён неўзабаве і памёр. Неўзабаве па 1285 годзе (можа ў 1289) нехта з пражываючых у Сцігенах сыноў Команта мог вярнуцца ў ВКЛ.

Некаторыя гісторыкі, напрыклад, брытанец Стывен Роўвел, атаясняць Команта са згаданым у «Задоншчыне», аповесці канцы XIV ст., бацькам ці цесцем Гедзіміна Скаламендам[4]. Паводле «Задоншчыны», удзельнікі Кулікоўскай бітвы (1380) Андрэй і Дзмітрый Альгердавічы называюць сябе праўнукамі Скаламендавымі — «Брате Дмитрей, сами есмя собе два браты, сынове Олгордовы, а внуки есмя Едимантовы, а правнуки есми Сколомендовы». Польскі гісторык Ежы Ахманьскі мяркуе, што «праўнукі» трэба разумець ў больш шырокім сэнсе — «нашчадкі», і лічыць Команта дзедам Гедзіміна. Літоўскі гісторык Томас Баранаўскас не згаджаецца такой інтэрпрэтацыяй і лічыць, што Альгердавічы дакладна і паслядоўна называюць спачатку свайго бацьку Альгерда, пасля дзеда Гедзіміна, прадзеда — Скаламенда, і ў гэтым кантэксце пераскок праз адну прыступку дынастыі надуманы Е. Ахманьскім.

Такім чынам, Комант, калі ён тоесны Скаламенду, быў або бацькам, або цесцем Гедзімінам, і другое больш слушна зыходзячы з іншых вядомых крыніц.

Паводле сведчання беларускага этнографа Паўла Шпілеўскага, жыхары Гродзенскай і Ковенскай губерняў яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. спявалі гістарычныя песні пра паходы ятвяжскага князя Команта («Комата»).

Зноскі

  1. (unspecified title) Праверана 27 лістапада 2018.
  2. Zinkevičius Z. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. Стар. 95, 103, 134, 136.
  3. Паводле П. Дусбурга; SRP. Bd.I. Nr. 211. (SRP. T. I. — S. 162 (166).)
  4. Rowell S. C. Iš viduramžių ūkų kylanti Lietuva. — V., 2001. — P. 58.

ЛітаратураПравіць

  • Охманьски Е. Гедеминовичи — «правнуки Сколомендовы» // Польша и Русь: Черты общности и своеобразия в историческом развитии Руси и Польши XII—XIV вв. М., 1974. С. 358—364.
  • Ochmański J. Gedyminowicze — «prawnuki Skolomendowy» // Ars historica. Poznań, 1976. S. 252—258.
  • Ochmański J. Gedyminowicze — «prawnuki Skolomendowy» // Ochmański J. Dawna Litwa. Studia historyczne. Olsztyn, 1986. S. 358—364.
  • Rowell S.C. Iš viduramžių ūkų kylanti Lietuva. — V., 2001.
  • Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорускому краю, Минск, 1992, c. 40.
  • Baranauskas T. Gedimino kilmė Архівавана 6 кастрычніка 2007. // Voruta № 44(278), 1996.11.23;
  • William L. Urban. The Prussian Crusade, 2nd, Chicago, Illinois: Lithuanian Research and Studies Center, 315, 342, 366. ISBN 0-929700-28-7.