Ксенія Дзягілева-Бяляева

Ксенія Дзягілева-Бяляева (1 верасня 1970, Віцебск) — беларуская мастачка, музыкант, педагог. Сябра Беларускага саюза мастакоў (з 1997 г.).

Ксенія Леанідаўна Дзягілева-Бяляева
Дата нараджэння 1 верасня 1970
Месца нараджэння Віцебск, БССР
Грамадзянства  Беларусь
Жанр жывапіс, іканапіс
Вучоба Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў (кафедра жывапісу)
Уплыў Алег Мікалаевіч Маціевіч

Біяграфія правіць

 
Выхавацелі, завадатары і выхаванцы летніка «Грунвальд», 1990 год. Ксенія Дзягілева — у верхнім шэрагу ў цэнтры

Паходзіць з творчай сям'і: мама актрыса, тата — мастак Леанід Дзягілеў[1].

У 1988 годзе паступіла ў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя І. Ахрэмчыка. У канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў была актыўнай удзельніцай таварыства «Талака», якое займалася адраджэннем беларускай культуры. У жніўні 1990 годзе працавала выхавацелем у першым беларускамоўным дзіцячым летніку «Грунвальд». У гэты ж час выканала адну са сваіх прац — партрэт Алега Грушэцкага. У 1996 годзе скончыла навучанне на кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэмія мастацтваў. Дыпломнай працай стала жывапіснае палатно «Жыццё, ды быццё», на стварэнне якога мастачку натхніла яе захапленнне беларускім фальклёрам. Карціна атрымала найвышэйшы бал адзнакі дзяржаўнай атэстацыйнай камісіі. На чацвёртым курсе навучання мастачка выставіла на адным з прэстыжных вернісажаў знакавую для яе творчасці карціну «Каралева бурштыну». Таксама падчас навучання ў акадэміі Ксенія Дзягіліва ў якасці скрыпачкі з'яўлялася ўдзельніцай фальклорнага гурта «Ліцьвіны» пад кіраўніцтвам Уладзіслава Берберава.

З 1986 года ладзіць перасанальныя выставы, прымае ўдзел у мастацкіх айчынных і замежных выставах і пленэрах. Першая персанальная выстава адбылася ў 1986 годзе ў родным Віцебску, дзе былі прадстаўленыя яе жывапісныя працы з улюбёнымі краявідамі і партрэты. У 1990 годзе адбылася выстава ў польскім Беластоку, дзе мастачка ўпершыню побач з краявідамі і нацюрмортамі аддала перавагу кампазіцыйным жывапісным палотнам.

Першай з напісаных ікон Ксеніяй Дзягілевай-Бяляевай з'яўляецца вобраз беларускага святога Іаана Кармянскага, захоўваецца ў мінскім Петрапалаўскім саборы[1]. Далей былі цэлыя серыі абразоў для царкоўных іканастасаў, дзе ў кожным па трыдцаць ікон. Як, напрыклад, у мінскім храме Уваскрашэння Гасподня. Ксенія Дзягілева-Бяляева з'яўляецца аўтарам роспісаў такіх храмаў, як Ксеніі Пецярбурскай у Мінску[2], Троіцкага храма ў Мядзеле.

З 1996 па 2010 год працавала выкладчыцай у Мінскім мастацкім вучылішчы імя А.К. Глебава. З 1997 года — сябра Беларускага саюза мастакоў.

З 1999 года ўдзельнічае ў пленэрах у Германіі і Польшчы. У персанальнай выставачнай дзейнасці Ксеніі Дзягілевай вылучаецца так званы «нямецкі» перыяд (персанальныя выставы ў Германіі), калі мастачка аддавала перавагу выключна кампазіцыйным творам. Нямецкі праект пачаўся з партрэта нямецкага музыкі Міхаэля Бэля (Mihal Bleuel) з Франкфурта, які і прапанаваў Ксеніі правесці ў прыватнай галерэі яго знаёмай мецэнаткі пленэр майстар-клас па напісанню іконаў у колах нямецкіх аматараў мастацтва. Праект здзейсніўся ў 1999—2000 гадах на працягу паўтара месяца. Па выніках адбылася персанальная выстава самой мастачкі і выстава твораў яе вучняў, абедзве выставы праходзілі ў адзінай прасторы на адной з цэнтральных плошчаў горада. Некаторыя з прац былі адзначаныя ў нямецкай прэсе. А цыкл карцін «Саборы Германіі» быў набыты ў ратушы Оппенхайма для мэрыі горада. У 2004 годзе адміністрацыя нямецкага горада Майнц прапанавала мастачцы прыняць удзел у масштабным міжнародным пленэры з удзелам прафесійных мастакоў з Амерыкі, Францыі, Іспаніі і іншых краін свету. Тэмай пленэра стала ідэя мастоў на Рэйне ў прасторы вялікага горада. Па выніках пленэра Ксенія Дзягілева-Бяляева атрымала дыплом у катэгорыі «Прыз глядацкіх сімпатый».

У 2004 годзе пісала іконы для алтара царквы Уваскрашэння Хрыстова ў Мінску.

З 2010 па 2013 год — выкладчык у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. З 2013 года выкладчык у Інстытуце сучасных ведаў імя А.М. Шырокава.

Ксенія Дзягілева-Бяляева працуе ў тэхніцы алейнага і ляўкаснага жывапісу. Акрамя станковай карціны, спрабуе сябе ў манументальным жывапісе, піша іконы. З'яўляецца шматдзетнай маці — мае 6 дзяцей[3].

Па словах кандыдата мастацтвазнаўства Таццяны Гаранскай, «вызначальная рыса творчасці Ксеніі — пошук і ўвасабленне нутраных адметнасцяў сваіх герояў, выяўленне гістарычнага і этнічнага характара ў краявідзе, намацаванне баланса паміж рэаліямі вобраза і яго выяўленчай інтэрпрэтацыяй. Пры гэтым паэтыка і музычнасць увасабленняў дамінуюць, фарміруючы адметнасць яе выяўленчага почарка»[4].

Выставы правіць

Персанальныя выставы правіць

  • 1986 год — выстава жывапісу ў выставачнай зале кінатэатра «Кастрычнік»
  • 2000 год — удзельніца мастацкага пленэра ў горадзе Оппенхайм, Германія
  • 2000 год — выстава жывапісу і графікі ў горадзе ппенхайм, Германія
  • 2004 год — выстава жывапісу ў горадзе Майнц, Германія
  • 2006 год — выстава жывапісу ў Інстытуце Кірыла і Міфодзія пры БДУ, Мінск
  • 2006 год — выстава жывапісу ў Рэспубліканскім каледжы мастацтваў імя І. Ахрэмчыка, Мінск
  • 2007 год — выстава жывапісу ў галерэі «Свет вачыма праваслаўнага мастака», Мінск
  • 2009 год — выстава жывапісу ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, Мінск
  • 2009 год — выстава жывапісу ў ратушы горада Майнц, Германія
  • 2011—2012 год — выстава жывапісу ў галерэі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры[3]
  • 2015 год — куратар выставы дзіцячага мастацтва ў Інстытуце Кірыла і Міфодзія пры БДУ

Групавыя выставы правіць

  • 1990 год — «Катарсіс» выстава жывапісу беларускіх мастакоў у Беластоку, Польшча
  • 1991 год — «Жыве Беларусь» Рэспубліканская выстава жывапісу, Палац мастацтваў, Мінск
  • 1995 год — «Жыве Беларусь» Рэспубліканская выстава жывапісу, Палац мастацтваў, Мінск
  • 1996 год — «Жыве Беларусь» Рэспубліканская выстава жывапісу, Палац мастацтваў, Мінск
  • 1996 год — Рэспубліканская выстава да 50-годдзя БелАМ, Палац мастацтваў, Мінск
  • 1996 год — групавая выстава 5 мастачак пад эгідай «Тэатральнай лігі», Мінск

Царкоўныя выставы правіць

  • 2004 год — комплекс іканапісных твораў і іканастас для алтара царквы Уваскрашэня Хрыстова, Мінск
  • 2004—2014 год — серыя ікон для царквы Раства Прасвятой Багародзіцы, вёска Тарасава пад Мінскам
  • 2011 год — роспісы ў царкве Ксеніі Пецярбуржскай, Мінск
  • 2013 год — роспіс алтара і шэрагу ікон Троіцкай царквы, Мядзель

Узнагароды і адзнакі правіць

  • 2004 год — Ордэн маці
  • 2008 год — медаль Святой праведнай Еўфрасініі Полацкай[1] («у бласлаўленне за працу ўва славу святой Праваслаўнай царквы»)
  • 2013 год — Ганаровая грамата Мінскага гарадскога савета дэпутатаў (за актыўную творчую і грамадскую дзейнасць, вялікі асабісты ўклад у педагагічную і выхаваўчую працу з дзецьмі і студэнтамі)
  • 2013 год — грамата Патрыяршага Экзархата («у бласлаўленне за працу ўва славу святой Праваслаўнай царквы»)

Спасылкі правіць

  1. а б в Крылья в подарок(недаступная спасылка). Мінскі кур'ер (3 лютага 2012). Архівавана з першакрыніцы 31 сакавіка 2023. Праверана 31 сакавіка 2023.
  2. Выставка «Три больше, чем один» открылась в Минске(недаступная спасылка). СТБ (26 снежня 2011). Архівавана з першакрыніцы 28 красавіка 2017. Праверана 4 сакавіка 2023.
  3. а б Ксенія Дзягілева-Бяляева. RELAX.BY (студзень, 2012). Праверана 31 сакавіка 2023.
  4. Таццяна Гаранская. Дзягілева-Бяляева Ксенія / укладальнік Анастасія Гаранская. — Мн., 2018. — С. 3.