Леан Уладзіслаў Радзівіл
Ле́ан Уладзісла́ў Мікала́й Радзіві́л (22 снежня 1888, Берлін, Германская імперыя — 8 красавіка 1959, Парыж, Францыя) — ваенны, грамадскі і палітычны дзеяч Польскай Рэспублікі, апошні ўладальнік нясвіжскага замка з роду Радзівілаў, 17-ы нясвіжскі і 14-ы клецкі ардынат, ахвяра рэпрэсій.
Леан Уладзіслаў Радзівіл | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Антоні Альбрэхт Радзівіл | ||||||
Нараджэнне |
22 снежня 1888[1] |
||||||
Смерць |
8 красавіка 1959 (70 гадоў) ці 7 красавіка 1959 (70 гадоў)
|
||||||
Род | Радзівілы | ||||||
Бацька | Ежы Фрыдэрык Радзівіл[d][2] | ||||||
Маці | Марыя Разалія з Браніцкіх[d] | ||||||
Жонка | Вольга дэ Сімолін-Ветберг | ||||||
Дзеці | Антоній Ежы Мікалай Радзівіл, Ежы Мікалай Радзівіл | ||||||
Веравызнанне | каталіцызм | ||||||
Узнагароды |
|
||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся 22 снежня 1888 года ў Берліне (па іншых звестках — Патсдаме) ў сям’і Юрыя Фрыдэрыка Радзівіла (1860—1914), ардыната нясвіжскага і клецкага і Марыі Разаліі Радзівіл з Браніцкіх[3]. Быў унукам Антонія Вільгельма Радзівіла, даводзіўся пляменнікам Станіславу Вільгельму Радзівілу. Меў старэйшых братоў Караля Мікалая, ардыната Давыд-Гарадоцкага, і Антонія Альбрэхта, шаснаццатага нясвіжскага ардыната.
У 1909 годзе скончыў з адзнакай Імператарскі Пажаскі корпус у Пецярбургу і паступіў на службу ў Праабражэнскі лейб-гвардыі полк. Падчас Першай сусветнай вайны служыў у аддзеле замежных спраў генеральнага штаба Расійскай імператарскай арміі і звольніўся адтуль пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1917 годзе.
У маі 1919 года Леан Радзівіл уступіў у Войска Польскае, дзе працаваў у палітычным аддзеле Галоўнага камандавання, а праз некалькі месяцаў перайшоў у выведвальны аддзел Генеральнага штаба. Удзельнічаў у польска-савецкай вайне, падчас службы вёў дзённік. Па заканчэнні вайны сышоў у адстаўку[4].
Згодна з завяшчаннем, складзеным ў 1928 годзе Антоніем Альбрэхтам, Леан Уладзіслаў з’яўляўся спадчыннікам радзівілаўскіх уладанняў. Пасля смерці старэйшага брата ў 1935 годзе Леан Радзівіл атрымаў вялікую спадчыну, з пачатку наступнага года стаў апошнім 17-ым нясвіжскім і 14-ым клецкім ардынатам. Тады ж стала пасяліўся ў Нясвіжы, займаўся пераважна гаспадарчымі справамі, паляваннем, жывапісам і мецэнацтвам, пры гэтым пазбягаючы ўдзелу ў палітыцы[5]. Заснаваў агурочны завод у Радзівілімонтах.
З пачаткам 1 верасня 1939 года Другой сусветнай вайны Нясвіжскі замак стаў прытулкам для многіх уцекачоў з Варшавы. Пасля ўваходу ў Нясвіж Чырвонай Арміі 17 верасня 1939 года палац быў захоплены. За некалькі дзён да гэтага князь вынес і схаваў асабістыя каштоўнасці. Арышт Леана Уладзіслава Радзівіла праводзіў генерал-маёр Вячаслаў Грыднеў, які за гэта быў узнагароджаны Ордэнам Чырвонага Сцяга. Па ўспамінах відавочцаў, падчас арышту абураны князь павярнуўся да слуг і сказаў: «Усё, што зараз адбываецца — гэта велізарная памылка»[4].
Разам з сям’ёй арыстакрат быў вывезены спачатку ў Менскую турму, пасля — у Маскву. Дзякуючы сувязям маці Леана Радзівіла Марыі Разаліі з італьянскімі арыстакратамі апошняга нясвіжскага ардыната ўдалося абмяняць на вязняў рэжыму Мусаліні. Князь выехаў у Італію, а праз некаторы час пасяліўся ў Англіі, дзе цалкам адышоў ад актыўнага грамадскага жыцця. Пасля вайны Радзівіл пераехаў у Парыж, дзе і памёр увесну 1959 года.
Сям’я
правіць29 снежня 1911 года ў Санкт-Пецярбургу ажаніўся з баранэсай Вольгай дэ Сімолін-Ветберг (6 ліпеня 1886—22 жніўня 1948), дачкой барона Аляксандра Сімоліна-Ветберга і Адэлі Лабінскай. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся:
- Антоній Ежы Мікалай Радзівіл (8 кастрычніка 1912, Санкт-Пецярбург — 7 сакавіка 1967, Лондан).
- Ежы Мікалай Радзівіл (20 чэрвеня 1921, Парыж — 10 чэрвеня 1952, Рым) — ажаніўся ў 1952 годзе з Элеанорай Шаландан (нар. 1919).
Дачка Ежы Мікалая Дзіяна Марыя Роза Караба-Тэтаманці наведвала Нясвіжскі палац у 2014 і 2017 гадах. Па яе словах, разглядаецца пытанне аб перапахаванні Леана Уладзіслава Радзівіла ў радавой спачывальні[6].
Узнагароды
правіць- 5 ліпеня 1917 года за службу быў узнагароджаны Ордэнам Святога Станіслава трэцяй ступені[4].
Зноскі
правіць- ↑ Lundy D. R. Prince Leon Radziwill // The Peerage Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Radziwiłłowie herbu Trąby — Warszawa: Archiwum Główne Akt Dawnych, Wydawnictwo DiG, 1996. — 67 с. — ISBN 83-85490-62-0
- ↑ Радзівіл Леан Уладзіслаў // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
- ↑ а б в Ігар Мельнікаў.. НКУС супраць Радзівілаў (руск.). Будзьма беларусамі! (5 студзеня 2017). Праверана 19.09.2019.
- ↑ Нясвіжскія ардынаты . Нясвіж — нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік. Праверана 19.09.2019.
- ↑ Вераніка Молакава.. Як да сябе дадому (недаступная спасылка). Культура (1 ліпеня 2017). Архівавана з першакрыніцы 31 сакавіка 2022. Праверана 19.09.2019.
Літаратура
правіць- Шышыгіна-Патоцкая К. Я. Нясвіж і Радзівілы. — Мн.: «Полымя», 2002. ISBN 985-01-0250-0