Луітпольдзінгі

дынастыя герцагаў Баварыі

Луітпольдзінгі (ням.: Luitpoldinger) — нямецкая дынастыя эпохі ранняга Сярэднявечча, прадстаўнікі якой кіравалі ў Баварыі ў 895947 і 983985 гадах і стаялі ля вытокаў фарміравання аўтаномнага Баварскага герцагства ў складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі.

Паходжанне і маркграф Луітпольд

правіць

Паводле традыцыі, Луітпольдзінгі выводзілі свой радавод ад Каралінгаў і аднаго з найстаражытных баварскіх родаў Гуасі. Сцвярджалася, што іх прамаці была жонка караля Германіі Карламана нейкая Ліўтсвінда. Тым не менш, дакументальных пацверджанняў сваяцтва Луітпольдзінгаў з германскімі Каралінгамі не існуе. Вядома толькі, што ў 893 годзе імператар Арнульф Карынтыйскі, сын Ліўтсвінды, перадаў землі Карынтыі і Верхняй Паноніі (сучасная Аўстрыя і заходняя Венгрыя) графу Луітпольду. У 895 годзе Луітпольд атрымаў таксама тэрыторыі ў даліне Дуная і Нордгау (сучасны Верхні Пфальц) з Рэгенсбургом. Так была сфарміравана тэрытарыяльная аснова новага дзяржаўнага ўтварэння ў складзе Германіі — маркграфства Баварыі. Як і кіраўнікі іншых памежных марак імперыі, Луітпольд увесь час ваяваў з суседнімі плямёнамі славян і венграў і загінуў у бітве пры Прэсбургу ў 907 годзе.

Пераемнікі Луітпольда

правіць

Пры пераемніках Луітпольда — Арнульфе, Эберхардзе і Бертольдзе — Баварыя была ператворана ў герцагства і стала адным з пяці найбуйнейшых княстваў імперыі, так званых «племянных герцагстваў», якія сфарміраваліся на аснове таго ці іншага племя германцаў. Арнульф, які атрымаў мянушку Злы, стаў фактычна незалежным ад караля Германіі кіраўніком, які самастойна прызначаў графаў і біскупаў на падуладных яму землях і вёў уласную знешнюю палітыку: у адрозненне ад германскіх каралёў, якія ўвесь час змагаліся з венгерскімі набегамі, Арнульф заключыў мір з венграмі, засцярогшы ад небяспекі свае ўладанні на шкоду інтарэсам імперыі. Аднак прыход да ўлады ў Германіі Саксонскай дынастыі на чале з моцнымі каралямі Генрыхам Птушкаловам і Атонам Вялікім прывёў да паслаблення самастойнасці Баварыі і паступовага яе падпарадкавання цэнтральнай уладзе. У 947 годзе сын і спадчыннік герцага Бертольда Генрых Малодшы быў пазбаўлены прастола, які быў перададзены брату Атона I Генрыху I.

Барацьба Луітпольдзінгаў і Людальфінгаў

правіць

Перадача Баварыі прадстаўнікам Саксонскай дынастыі пацягнула за сабой працяглы канфлікт паміж Луітпольдзінгамі і Людальфінгамі (другая назва Саксонскай дынастыі). Верагодна, што страціўшы Баварыю, Генрых Малодшы ўсё ж утрымаў частку сваіх уладанняў у Карынтыі, што дазволіла яму захаваць свае пазіцыі ў імперыі. Канфлікт баварскай лініі Людальфінгаў з імператарамі Свяшчэннай Рымскай імперыі прывёў у 976 годзе да падзелу Баварыі: ад герцагства былі аддзелены ўсе ўсходнія і паўднёвыя маркі ад Вероны да Чэхіі, з якіх былі сфарміраваны два новыя дзяржаўныя ўтварэнні: Усходняя марка (будучая Аўстрыя) на поўначы, і герцагства Вялікая Карантанія на астатніх прыгранічных землях. Кіраўніком Вялікай Карантаніі стаў Генрых Малодшы.

Неўзабаве, аднак, Генрых Малодшы ўмяшаўся ў барацьбу былога баварскага герцага Генрыха Сварлівага супраць імператара Атона II (так званая Вайна трох Генрыхаў 977—978 гадоў), пацярпеў паражэнне і страціў Карынтыю. Але ўжо ў 983 годзе яму ўдалося вярнуцца на прастол Баварыі. Вяртанне ў 985 годзе ў Баварыю Генрыха Сварлівага зноў прывяло да падзелу Баварскага і Карынтыйскага герцагстваў, гэтым разам канчатковага. Генрых Малодшы заставаўся герцагам Карынтыі да сваёй смерці ў 989 годзе, заклаўшы такім чынам асновы карынтыйскай дзяржаўнасці.

Спадчыннікі Луітпольдзінгаў

правіць

Са смерцю Генрыха Малодшага Луітпольдзінгі страцілі свае пазіцыі ў імперыі. Баварыя перайшла пад кантроль Саксонскай дынастыі, у Карынтыі ўсталявалася кіраванне Салічнай дынастыі, а пазней — Эпенштайнаў. Нейкі час прадстаўнікі бакавых галін Луітпольдзінгаў валодалі землям у Баварыі. Аўтарытэт нашчадкаў Луітпольда, заснавальніка Баварскага герцагства, досыць доўга захоўваўся ў Германіі на даволі высокім узроўні. Пра гэта сведчыць той факт, што некалькі найважнейшых дынастый паўднёва-ўсходняй Германіі выводзілі свае радаводы ад Луітпольдзінгаў. Гэта, перш за ўсё, Андэкскі дом, які дамінаваў у Баварыі, Франконіі і ўсходніх марках у XII—першай палове XIII стагоддзя, графы Дысен, Боген і Швайнфурт, а таксама Вітэльсбахі, якія кіравалі ў Баварыі да 1918 года. Хоць не існуе доказаў таго, што родапачынальнік Вітэльсбахаў Ота, граф Шаерн (пам. 1072), паходзіў з дому Луітпольдзінгаў, няма і дакументаў, якія б аспрэчвалі гэта сцвярджэнне. Больш сумніўным уяўляецца паходжанне аўстрыйскіх Бабенбергаў ад Арнульфа Злога.

Спасылкі

правіць