Любуцкі дагавор

(Пасля перасылкі з Любуцкі дагавор 1372 года)

Любуцкі дагаво́р 1372 го́да заключаны ў сярэдзіне ліпеня 1372 года ля горада Любуцк на рацэ Ака (побач з сучасным горадам Алексін Тульскай вобласці), паміж вялікімі князем літоўскім Альгердам і Кейстутам, з аднаго боку, і вялікім князем маскоўскім Дзмітрыем Іванавічам (Данскім) і серпухаўска-бароўскім князем  (руск.) Уладзімірам Андрэевічам Храбрым  (руск.) (мужам дачкі Альгерда Алены), з другога. З літоўскага боку ўдзельнічаў таксама вялікі князь цвярскі Міхаіл Аляксандравіч  (руск.) (паводле цвярскога летапісу, «князь великы Михаило Александрович поиде в том же миру»).

Любуцкі дагавор завяршыў маскоўскую кампанію 1372 года Вялікага Княства Літоўскага і саюзнага яму Цвярскога княства, якая мела на мэце абараніць уладанні Цвярскога вялікага княства ад захопу Масквой і прадухіліць ператварэнне Цвяры ў васала Масквы; кампанія пачалася нечаканым з’яўленнем літоўскага войска пад Пераслаўлем 7 красавіка (аблога была няўдалай) і працягвалася паходамі літоўска-цвярскога войска на спрэчныя паміж Цверру і Масквой гарады Кашын і Таржок. 12 ліпеня літоўскае і цвярское войскі злучыліся ля Любуцка на стыку маскоўскіх, разанскіх і літоўскіх уладанняў для трэцяга (пасля паходаў 1368 і 1370 гадоў) сумеснага паходу на Маскву. Туды ж падышлі асноўныя сілы маскоўскага войска, але пасля няўдалай для літоўска-цвярскога войска сутычкі перадавых атрадаў і некалькіх дзён «стаяння» на процілеглых баках глыбокага яра быў заключаны Любуцкі дагавор.

Тэкст дагавора не захаваўся, але згодна з Супрасльскім летапісам па сваім характары гэта быў «вечны мір», які пацвердзіў пратэктарат Вялікага Княства Літоўскага над Цверру і даваенныя межы. Любуцкі дагавор падвёў рысу пад серыяй войнаў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай 1368—1372 гадоў; пасля чаго ваенных дзеянняў паміж імі не вялося да 1406 года, хаця ў дачыненні да Цвяры Любуцкі дагавор быў парушаны Масквой ужо ў 1375 годзе.

Літаратура

правіць
  • Белы А. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.. — Мн. : БелЭн
  • Клюг Э. Княжество Тверское (1247—1485). Тверь, 1994.
  • ПСРЛ. Т. 15, стб. 103, 433; Т. 25, с. 187; Т. 35, с. 49.
  • Черепнин Л. В. Русские феодальные архивы. Ч. 1. М. — Л., 1948. с. 189.
  • Опись архива Посольского приказа 1626 г. Ч. 1. М., 1977. лл. 6, 6 об.

Спасылкі

правіць