Літавец

былая вёска ў Дзяржынскім раёне, спаленая разам з жыхарамі нямецка-фашысцкімі захопнікамі

Літаве́ц (трансліт.: Litaviec) — былая вёска (урочышча) на тэрыторыі Дабрынёўскага сельсавета Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці Беларусі, знішчаная ў студзені 1943 года нямецка-фашысцкімі акупантамі разам з жыхарамі падчас карнай аперацыі «Якаб». Размяшчалася за 53 кіламетры ад Мінска, 34 кіламетры ад Дзяржынска, 7 кіламетраў на захад ад вёскі Радзіма.

Мэмарыяльны комплекс «Літавец»
Заснаваны 1986
Заснавальнік С. Гарбунова, В. Яўсееў, В. Здасюк і інш.
Адкрыты 5 ліпеня 1987 года
Месцазнаходжанне ур. Літавец, Дзяржынскі раён Мінская вобласць Беларусь
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

З 1620 года ўваходзіла ў інвентар земляў князя Радзівіла, потым перайшла ва ўладанне графа Чапскага[1]. Да 1939 года ўваходзіла ў склад Зенькавіцкага сельсавета Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. У вёсцы пражывалі 208 чалавек, быў створаны калгас «Ударнік». Старшынёй калгаса быў Міхась Аляксандравіч Лімантаў. З кастрычніка 1939 года вёска ўваходзіла ў склад Станькаўскага сельсавета Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці.

Да Вялікай Айчыннай вайны гэта была невялікая лясная вёска, размешчаная ў паўднёва — усходняй частцы Дзяржынскага раёна. У перыяд з 1930 па 1941 год насельніцтва Літаўца вырасла амаль на 40 працэнтаў. Да пачатку вайны ў вёсцы стаяла 42 хаты. Ляснымі дарогамі вёска была злучана з вёсками Александрова, Самадураўшчына (з 1964 года — в. Радзіма), Баркі і Данілавічы. На пачатак 1941 года ў Літаўцы пражывала 227 жыхароў.

Напачатку вайны 12 мужчын пайшлі ў Чырвоную Армію. У 1942 годзе яшчэ 10 пайшлі ў партызанскія атрады Нікіціна, 25-годдзя Кастрычніка, ім.Варашылава і ў атрад «Баявы». З лета 1942 года вёска лічылася партызанскай, тут дыслацыраваўся атрад «Баявы» пад камандаваннем старшага лейтэнанта Жаўрыда Б.В.

20 снежня 1942 года непадалёк ад вёскі прайшоў бой, у якім загінула 4 немцы і 2 партызаны: камандзір атрада «Баявы» Б.В.Жаўрыд і камандзір дыверсійнай групы гэтага атрада лейтэнант Міхась Запольскi.

Карная аперацыя правіць

8 студзеня 1943 года на тэрыторыях, прылеглых да Станькаўскага лесу з боку Мінскага, Уздзенскага і Дзяржынскага раёнаў, пачалася карная аперацыя «Якаб». Мэтай аперацыі было знішчэнне партызанскіх атрадаў ў паўднёвым, паўднёва-усходнім і ўсходнім кірунках ад г.Мiнска, расправа з насельніцтвам шматлікіх партызанскіх зон. Для правядзення аперацыі былі зняты баявыя часткі з фронта, таксама ў ёй удзельнічалі сілы батальёнаў СС, жандармерыі і паліцэйскія мясцовыя падраздзяленні.

Шматвекавая гісторыя лясной вёскі Літавец трагічна скончылася 14 студзеня 1943 года. Удалося выратавацца і застацца жывымі толькі некалькім чалавекам.

9 чэрвеня 1943 года ў 14 выпуску падпольнай малафарматнай газеце «Патриот Родины» быў апублікаваны верш «Адпомсцім»[2]:

Літавец, Літавец, знаёмая вёска.
Ні даўно ты садамі цвіла,
Ні даўно вечарамі гармоніка
Збірала на танцы дзяўчат!
Ты скажы мне, дзе дзеліся хаты,
І куды тваі людзі пайшлі?
Папалілі ўсе сволачы, каты,
І людзей папалілі жывых.
Напіліся крыві чалавечай,
Дзяцей напаілі слязой,
А тыгры ў шкуры авечай,
Па краіне гуляюць з касой.
Дзе іх сэрца, фашысцкія гады,
Дзе душа іх, паганая кроў,
Каб дзіця вырываць з рук у маткі,
І паліць на вачах у бацькоў.
А пасля нападаць і на матку,
Што ад страху губляе чуццё,
Што стаіць на каленях і просіць:
«Падаруйце, панок, мне жыццё».
Гэты «пан» нікому не даруе
Яму плацяць за слёзы і кроў.
Дык дарэмна ж народ лямантуе
І дарэмна цалуе «паноў».
На адплату, браты беларусы,
На адплату за нашых дзяцей,
За жанчын, за сірот на адплату
Падымайцеся брацця жывей!

Мемарыяльны комплекс правіць

 
Барэльефная кампазіцыя

У 1986 годзе на месцы спаленай вескі пабудаваны мемарыяльны комплекс «Літавец» (скульптар С. Гарбунова, архітэктары В. Яўсееў і В. Здасюк, мастацтвазнавец У. Пракапцоў, тэкст-прысвячэнне паэта Рыгора Барадуліна).

Узведзены ён на грамадскіх пачатках, у будаўніцтве ўздзельнічалі камсамольцы Дзяржынскага раена. Вялікі ўклад унеслі камсамольцы і моладзь Дзяржынскага доследна-механічнага завода (сакратар В.Трышкін), Негарэльскага вучэбна-доследнага лясгаса (сакратар А. Юргенсан), саўгаса ім. М.Казея (сакратар М.Маскаль), завода жалезабетонных маставых канструкцый (сакратары Ф.Стрыкаў, А. Змачынскі).

Мемарыял быў адкрыты 5 ліпеня 1987 года.

Скульптар Святлана Гарбунова стварыла цэлую барэльефную кампазіцыю. На лясной паляне пастаўлены ўязны знак, побач — бэлькі, паднятыя над зямлёй. Яны сімвалізуюць рэшткі хаты, спаленай фашыстамі. На адной з бэляк — назва вёскі, на другой - тэкст, які распавядае пра трагедыю. Пракладзеная «вуліца» вядзе да цэнтра былой вёскі — да цэнтральнага барэльефа, дзе паказана мірнае жыццё: стары пляце кошык, маці з сынам, які ўсміхаецца і робіць першыя свае крокі ў жыцці, на іх глядзяць дзеці, што ляжаць на печы.

На барэльефе словы тэкст-прысвячэнне паэта Рыгора Барадуліна:

Нi жудасць не астудзiць, нi мароз зямлю,
Дзе крык жывы травой прарос.
Агонь у напамiне, ва ўспамiне.
Прыйдзi, адчуй, што прысак тут не стыне.

Каля спаленых хат пасаджаны дрэвы – сімвалы жыцця, але на адным з іх буслінае гняздо без птушак – напамінак аб трагічным лёсе вёскі. Многія сваякі пабудавалі абеліскі на месцы спаленых хат. А ля дарогі — лаўкі-пліты.

На ўскраіне вёскі — помнік партызанам атрада «Баявы». Тут пахаваны камандзір асобнага партызанскага атрада «Баявы» старшы лейтэнант Б.В.Жаўрыд і начальнік дыверсійнай групы гэтага атрада лейтэнант М. Запольскі, якія загінулі падчас бою з нямецка-фашысцкімі захопнікамі 20 снежня 1942 года.

Веска ўвекавечана ў мемарыяльным комлексе «Хатынь».

Беларускі паэт Станіслаў Шушкевіч прысвяціў памяці землякоў, спаленых нямецкімі фашыстамі ў в. Літавец верш «Голас слухайце, пакаленні».

Літаратура правіць

  • Валахановіч А.І. Дзержинщина: прошлое и настоящее. — Минск: Наука и техника, 1986. — С. 148, 151-152. — 197 с.
  • Валахановіч А.І. За што іх спалілі // газета «Сцяг Кастрычніка». — 2005. — С. 3.
  • Валахановіч А.І. Памяць: Дзяржынскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск: БЕЛТА, 2004. — С. 293-294. — 701 с. — ISBN 985-6302-64-1.
  • Вашкевич Г. Сестра Хатыни // газета «Сцяг Кастрычніка». — 2008. — 19 студзеня — С. 3.
  • Довнар Л. Цветы – к обелискам // газета «Сцяг Кастрычніка». — 2009. — 7 лютага — С. 3.
  • Ждановіч В. Літавец // Маладосць. — 1987. — В. 10. — С. 149-153.
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Мінская вобласць. Кніга 1. — С. 171. — 284 с.: іл.
  • Іовенка М. ...Прысак тут не стыне // газета «Сцяг Кастрычніка». — 1987. — 9 ліпеня
  • Лысак І. Сляды фашысцкіх зверстваў на Дзяржыншчыне // газета «Сцяг Кастрычніка». — 1991. — 11 красавіка — С. 3,4.
  • Лобанок В. Е. и др. Нацистская политика геноцида и "выжженной земли" в Белоруссии. 1941-1944. — Минск: Беларусь, 1984. — С. 50. — 271 с.
  • Малашэвіч Я. В. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. Дзень за днём: ілюстраваная храналогія. — Мінск: Беларусь, 2004. — С. 81. — 230 с. — ISBN 985-01-0514-3.
  • Новікаў М. Дарогамі памяці // газета «Сцяг Кастрычніка». — 1982. — 6 сакавіка — С. 2.
  • Падаляк Т.У. Нашчадкі вогненных вёсак: дакументальныя нарысы, эсэ, успаміны. — Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2009. — С. 167. — 192 с. — ISBN 985-694-102-4.
  • Пашков Г.П. и др. Иллюстрированная хронология истории Беларуси. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 1998. — С. 380. — 420 с. — ISBN 985-11-0116-8.
  • Памяць. Беларусь. Рэспубліканская кніга / Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — 624 c.: іл. — ISBN 985-11-0011-0.
  • Пяць вёсак Дзяржынскага раёна таксама напаткала Хатынская трагедыя // газета «Узвышша». — 2013. — 30 сакавіка — С. 4.
  • Пашков Г.П. и др. Республика Беларусь: энциклопедия: в 6 т.. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2007. — Т. 5. — С. 343. — 752 с.
  • Савинов Б. Дзержинские сестры Хатыни // газета «Узвышша». — 2018. — 23 сакавіка — С. 7.
  • Трагедыя беларускіх Хатыняў: Памяці спаленых вёсак Дзяржынскага раёна. — Дзяржынск: ДУ "Дзяржынская раённая цэнтралізованная бібліятэчная сітэма", 2018. — С. 25-44.
  • Трыгубовіч В. Акно ў народную памяць // Мастацтва Беларусі. — 1987. — В. 10. — С. 66-67.
  • Халдеева А. Неугасающая память // газета «Узвышша». — 2018. — 23 чэрвеня — С. 3.
  • Черненко О. И пепел стучит в сердца // газета «Сцяг Кастрычніка». — 2000. — 21 чэрвеня — С. 2.
  • Шушкевіч С. Голас слухайце, пакаленні: верш // Выбранае: вершы. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1988. — С. 73. — 414 с.

Зноскі правіць

  1. Сестры Хатыни — Дзержинская районная централизованная библиотечная система. dzerlib.by. Архівавана з першакрыніцы 28 лютага 2024. Праверана 28 лютага 2024.
  2. Патриот Родины #14(1943) - Периодические издания времени Великой Отечественной войны (1941-1945 гг.). Репозиторий ЦНБ НАН Беларуси. Архівавана з першакрыніцы 29 лютага 2024. Праверана 29 лютага 2024.