Македонская літаратура
Прыгожае пісьменства на македонскай мове зарадзілася ў 19 ст. і звязана з дзейнасцю асветнікаў Канстанціна і Дзімітра Міладзінавых, Партэнія Зографскага , Конэ Самарджыева і інш.
Новая македонская літаратура
правіцьУ станаўленні новай македонскай пісьменнасці і літаратуры вялікая роля належыць Крстэ Місіркаву, які даў першы ўзор кадыфікацыі македонскай літаратурнай мовы.
У рэчышчы рэвалюцыйнай і народна-патрыятычнай традыцый развівалася паэзія (Коле Нядзелкаўскі , Венка Маркоўскі ), рэалістычныя тэндэнцыі выявіліся ў драматургіі (Васіл Ілёскі ). Першы паэтычны зборнік на македонскай мове — «Белыя досвіткі» Кочы Раціна быў выдадзены ў 1939 годзе.
Сучасная македонская літаратура
правіцьПасля Другой сусветнай вайны заснаваны Саюз македонскіх пісьменнікаў (1946), Таварыства македонскай мовы і літаратуры (1954), пачалі выходзіць літаратурныя перыядычныя выданні. Найбольшага росквіту дасягнула паэзія (Слаўка Янеўскі , Блажа Конескі, Аца Шопаў , Ганэ Тадароўскі ) і навелістыка (Улада Малескі , Ёван Бошкаўскі , Джорджы Абаджыеў ). Асновы новай драматургіі і заклалі Коле Чашуле і Васіл Ілёскі . У 1950—1960-я гг. вядучым літаратурным жанрам стаў раман («Вёска за сямю ясенямі» і «І боль, і гнеў» Янеўскага, «Тое, што было небам» і «Ткацкі станок» Малескага, «Пабрацімы» і «Глухія досвіткі» Ёрдана Леава , «Зоркі падаюць самі» Сімана Дракула ), зарадзілася аповесць (Дзімітар Солеў ). Асноўныя тэмы твораў — нацыянальна-вызваленчая барацьба, чалавек і рэвалюцыя, антыфашскае супраціўленне, сацыялістычныя пераўтварэнні. У гэтыя гады ў літаратуры адзначыўся т.зв. працэс дэдагматызацыі, адмаўлення ад лініі развіцця, вызначанай савецкімі ўзорамі, сацыялістычным рэалізмам; дэклараваліся ідэйна-эстэтычны плюралізм, разнастайнасць творчай метадалогіі.
У 1970-я гг. ўзмацніліся рэалістычныя тэндэнцыі. Найбольш прыкметныя творчыя здабыткі належалі паэтам Ганэ Тадароўскаму, Радавану Паўлоўскаму , Антэ Попаўскаму , Матэі Матэўскаму, празаікам Жыўку Чынгу , Сіману Дракулу , Ташку Геаргіеўскаму , Джорджы Абаджыеву , драматургам Васілу Ілёскаму , Томэ Арсоўскаму .
Для сучаснай літаратуры Македоніі характэрна суіснаванне разнастайных ідэйна-эстэтычнага і мастацкага кірункаў.
Беларускія пераклады
правіцьНа беларускай мове выдадзены македонскія казкі ў зборніку «Ці страшны страх?» (1970), «Югаславянскія казкі» (1999) і апавяданні ў зборніку «Югаслаўскія апавяданні» (1975). На беларускую мову паасобныя творы македонскіх пісьменнікаў перакладалі Ніл Гілевіч, П. Кавалёў, М. Паслядовіч, А. Разанаў, М. Ракітны, І. Чарота.
Літаратура
правіць- Македонія. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Македонская літаратура