Ма́некенк (саманазва Manek'enk), або хаўшы (ісп.: Haush, з мовы ямана «тлустая рыбіна») індзейскі народ, які ў мінулым насяляў паўднёвы ўсход Вогненнай Зямлі. Вымерлі да 1926 года.

Манекенк
(Manek'enk)
1923 г.
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Вогненная Зямля
Мова манекенк
Рэлігія анімізм, шаманізм
Блізкія этнічныя групы Селькнамы, тэўэльчэ

Гісторыя

правіць

Археолагі і палеагенетыкі лічаць манекенк прамымі нашчадкамі першых перасяленцаў з Патагоніі, якія з'явіліся ў 10 - 9 тысячагоддзях да н. э. Пазней яны былі выціснуты селькнамамі на паўднёвы ўсход Вогненнай Зямлі. Крыніцы XIX ст. сведчаць, што гэтыя народы захоўвалі варожыя адносіны.

Кантакты з іспанцамі былі ўсталяваны ў 1619 г., аднак доўгі час мелі выпадковы характар. Мяркуюць, што ў сярэдзіне XIX ст. колькасць манекенк складала каля 300 чалавек. Аднак з 1884 г. на землі манекенк у пошуках золата сталі прыбываць еўрапейскія перасяленцы. Яны прынеслі сюды хваробы, якія выклікалі сярод карэннага насельніцтва эпідэмію. У 1899 г. брытанскія місіянеры паведамлялі, што тэрыторыі, раней населеныя індзейцамі, сталі бязлюднымі, а колькасць манекенк вызначалі як 60. У 1923 г. падчас эпідэміі адзёру быў арганізаваны апошні шаманскі рытуал хаін. Але ён не меў плёну. У 1926 г. памерла апошняя карэнная прадстаўніца гэтага народа Танэлі. У 1980 г. на Вогненнай Зямлі было зафіксавана 2 чалавекі, якія сцвярджалі, што паходзяць ад манекенк.

Культура

правіць

Продкі манекенк, што прыйшлі на Вогненную Зямлю з Патагоніі, першапачаткова былі вандроўнымі паляўнічымі на сухапутных жывёл, але з 8 - 6 тысячагоддзяў да н. э. паступова развівалі прыбярэжны лад жыцця, займаліся мараплаўствам і рыбалоўствам. У XIX ст. паляванне на гуанака заставалася важным заняткам. Разам з гэтым, манекенк здабывалі марскіх птушак і ластаногіх, плавалі для палявання на востраў Эстадас.

Каркасныя часовыя жыты, падобныя на буданы, будавалі на месцах сталых стаянак каля мора. Накрыўкі для буданоў і вопратку рабілі са скур жывёл. Прылады працы майстравалі з дрэва, косці, камянёў, ракавін і г. д. Адзіная вядомая свойская жывёла — сабака.

Сацыяльная арганізацыя манекенк вывучана недастаткова. У другой палове XIX ст. яны жылі малымі сем'ямі. Вядомы выпадкі палігініі. Значны ўплыў на суайчыннікаў мелі шаманы. У канцы XIX - пачатку XX ст. манекенк вывучаліся брытанскімі місіянерамі, якія зафіксавалі багаты фальклор гэтага народа — міфы, казкі, рэлігійныя рытуалы.

Запісы мовы манекенк, зробленыя ў канцы XIX - пачатку XX ст. місіянерамі, дазваляюць казаць аб яе адзіным паходжанні з мовай селькнамаў. Разам з гэтым, абедзве мовы былі дастаткова розныя, каб веданне адной дазваляла свабодна разумець другую.

Рэлігія

правіць

Запісы хрысціянскіх місіянераў канца XIX - пачатку XX ст. паказваюць, што манекенк мелі ўяўленне пра бога як першасную істоту, што стварыла сусвет. Яны шанавалі душы продкаў і духаў прыроды, верылі ў чарадзейства, мелі багатую міфалогію. Супольныя рэлігійныя абрады арганізоўваліся шаманамі.

Спасылкі

правіць