Маці з плошчы Мая
«Маці з плошчы Мая» (ісп.: Madres de Plaza de Mayo) — аргенцінская праваабарончая арганізацыя, створаная ў 1977 годзе ў адказ на распачаты ваеннай дыктатурай Хорхэ Відэлы працэс нацыянальнай рэарганізацыі і з мэтай пошуку зніклых дысідэнтаў. Пазней мэтай руху стала таксама раскрыццё злачынстваў супраць чалавецтва рэжыму, асуджэння і пакарання.
Маці з плошчы Мая | |
---|---|
Madres de Plaza de Mayo | |
| |
Краіна | |
Адрас | Буэнас-Айрэс |
Тып арганізацыі | праваабарончая арганізацыя[d] і жаночая асацыяцыя[d] |
Афіцыйныя мовы | іспанская |
Кіраўнікі | |
Кіраўніца | Эбэ дэ Банафіні |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 30 красавіка 1977 (47 гадоў таму) |
Галіна | international activities[d] |
Узнагароды |
прэмія імя Сахарава (1992) |
madres.org | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Назва руху паходзіць ад плошчы Мая перад прэзідэнцкай рэзідэнцыяй у Буэнас-Айрэсе, дзе 30 красавіка 1977 года пачаліся жаночыя пратэсты, якія патрабавалі звестак пра лёс сваіх зніклых дзяцей. Пратэсты заставаліся сядзячымі, але з увядзеннем надзвычайнага стану былі разагнаныя паліцыяй.
Пасля аднаўлення дэмакратыі «Маці з плошчы Мая» працягнулі свае дэманстрацыі з патрабаваннямі пакарання ваенных, якія ўдзельнічалі ў звяржэнні Ісабель Перон, і дабіліся сваёй мэты ў 1985 годзе.
«Маці з плошчы Мая» сталі першай арганізацыяй, узнагароджанай прэміяй Сахарава за свабоду думкі (1992).
Стварэнне
правіцьУ 1976—1983 гадах ваенная хунта ў Аргенціне праводзіла гэтак званую брудную вайну — тэрор, пераслед і выкраданні дысідэнтаў, сацыялістаў, левых пераністаў (партызан-мантанерас). Пасля катаванняў эскадроны смерці хавалі забітых у палях ці безыменных магілах[2].
30 красавіка 1977 года 13 жанчын на чале з Асусенай Вільяфлор дэ Вінсенці[3] сабраліся на плошчы Мая перад прэзідэнцкім палацам Каса Расада ў Буэнас-Айрэсе, нягледзячы на забарону сходаў больш за тры чалавекі[4]. У кожнай з іх ваенныя «забралі» прынамсі аднаго нашчадка.
Такія шэсці сталі паўтарацца шточацвер, паступова колькасць удзельніц расла. Яны насілі белыя шалікі як сімвал падгузкаў сваіх зніклых дзяцей, на якіх пісалі іхнія імёны і даты нараджэння. Шпацыруючы парамі, мацяркі спрабавалі дамагчыся ад урада спынення парушэння правоў чалавека[2].
Дзейнасць
правіць«Маці з плошчы Мая» сталі першым значным арганізаваным рухам, які супрацьстаяў аргенцінскаму рэжыму. Такая нетрадыцыйная для жанчын Лацінскай Амерыкі актыўнасць стала шмат для каго нечаканасцю і дапамагла прыцягнуць увагу да парушэнняў правоў чалавека на міжнароднай арэне і разбурыць прапагандысцкія міфы хунты[5].
Улады рэагавалі рэакцыйнымі метадамі, называючы дзяячак руху «вар’яткамі»[6].
10 снежня 1977 годзе, у Міжнародны дзень правоў чалавека, «Маці з плошчы Мая» распаўсюдзілі газету з імёнамі сваіх зніклых дзяцей. Той жа ночы заснавальніца руху Асусена Вільяфлор была выкрадзеная, катаваная і выкінутая з самалёта[4][7]; падобны лёс спаткаў яшчэ з тузін дзяячак руху. Рэшткі некаторых з іх дагэтуль не знойдзеныя. Знікненне французскіх манашак Леані Дуке і Аліс Дамон выклікала міжнароднае абурэнне і заклікі да ААН расследаваць злачынствы супраць чалавецтва, аднак аргенцінскія ўлады заявілі пра сваю недатычнасць да выкрадання французскіх грамадзянак[8].
У 2005 годзе судмедэксперты выявілі рэшткі цел, зарытых на беразе пляжу Санта Тэрэсіта каля Буэнас-Айрэса. Па выніках ДНК-тэсту сярод іх былі ідэнтыфікаваныя Асусена Вільяфлор і яшчэ дзве з пачынальніц руху, «зніклых» у 1977[4][9].
У 1983 годзе ваенныя дыктатуры пачалі раскрываць інфармацыю пра злачынствы рэжыму, назваўшы колькасць зніклых падобным чынам — больш за 9000 чалавек. Аднак «Маці з плошчы Мая» сцвярджаюць, што іхняя колькасць магла дасягаць 30 000[2]. Большасць з іх былі старшакласнікамі, студэнтамі, маладымі спецыялістамі, прафсаюзнымі работнікамі ва ўзросце найчасцей да 35 гадоў.
У 1984 годзе ў распазнанні знойдзеных парэштак арганізацыі дапамагала генетык ЗША Мэры-Клэр Кінг. У 1985 годзе была арганізавана дзяржаўная камісія па рассьледаванні знікненняў, аднак пасля пагроз ваенных захапіць уладу парламент Аргенціны ў 1986 годзе прыпыніў следства.
У 2003 годзе Кангрэс скасаваў дзеянне гэтага закона , а ў 2005 годзе ён і ўвогуле быў прызнаны неадпаведным канстытуцыі. За часам кіравання Нестара Кіршнера расследаванне ваенных злачынстваў аднавілася. Большасць удзельнікаў хунты былі асуджаныя за злачынствы супраць чалавечнасці[10].
Пасля зрынання дыктатуры «Маці з плошчы Мая» ўдзельнічаюць у адстойванні чалавечых, палітычных і грамадзянскіх правоў у Лацінскай Амерыцы і па ўсім свеце[11]. З дапамогай «Бабуляў з плошчы Мая» яны здолелі знайсці 256 зніклых дзяцей, адабраных немаўлятамі ў жанчын, якія нарадзілі іх у турмах ці лагерах.
У 1986 годзе «Маці з плошчы Мая» падзяліліся на дзве часткі. Першая, вядомая як «заснавальнікі», сканцэнтравалася на заканадаўчай дзейнасці, пошуку парэштак зніклых дзяцей, давядзенні злачынцаў да суду. Больш радыкальнае крыло — «Асацыяцыя Мацярок з плошчы Мая» — працягнулі палітычную дзейнасць, якой займаліся іхныя зніклыя дзеці. Яны адмовіліся ад дзяржаўнай дапамогі і кампенсацый, паабяцаўшы не прызнаваць сваіх дзяцей мёртвымі, пакуль дзяржава перад імі не павініцца[12]. Гэтую фракцыю падтрымала моладзь, прыхільная да сацыялізму.
26 студзеня 2006 года ўдзельніцы «Асацыяцыі Мацярок з плошчы Мая» правялі свой «Апошні марш супраціву», паколькі лічаць, што «ворага ў Доме ўрада больш няма»[13]. Яны ўхвалілі дзейнасць прэзідэнта Нестара Кіршнера ў прызнанні неканстытуцыйнымі «Закона поўнага спынення» і «закона падпарадкавання загадам »[14], паводле якіх злачынцы заставаліся непакаранымі. «Маці з плошчы Мая — заснавальнікі» працягваюць як шточацвярговыя, так і штогадовыя маршы ў памяць пра змаганне з дыктатурай.
Бабулі
правіцьУ 1977 годзе паўстала яшчэ адна жаночая арганізацыя, «Бабулі з плошчы Мая» (ісп.: Asociación Civil Abuelas de Plaza de Mayo). Гэта аб’яднанне жанчын, якія займаюцца пошукам дзяцей, чые маці былі забітыя ў часы дыктатуры.
Прэміі і ўзнагароды
правіць- Прэмія Сахарава за свабоду думкі (Еўрасаюз, 1992);
- Медаль гёзаў (Нідэрланды, 1997);
- Прэмія ЮНЕСКА за мірную адукацыю (1999).
Гл. таксама
правіцьКрыніцы
правіць- ↑ Lanata J. 10 K: Datos y hechos en los años de la grieta — Buenos Aires: 2014. — P. 470. — 584 с. — ISBN 978-950-49-3903-0
- ↑ а б в Meade 2016.
- ↑ Testimonio de Mirta Acuña de Baravalle / 09 de mayo 2012 (ісп.). Biblioteca Nacional Mariano Moreno (9 мая 2012). Праверана 12 сакавіка 2021.
- ↑ а б в Clare Hunter. Threads of Life: A History of the World Through the Eye of a Needle. — London: Sceptre (Hodder & Stoughton), 2019. — С. 157—159. — ISBN 9781473687912.
- ↑ [1]. «Purdue University Press», article, «Textual Strategies to Resist Disappearance and the Mothers of Plaza de Mayo», 2007. Accessed: May 4, 2015.
- ↑ Lester Kurtz. «Movements and Campaigns», Nonviolent Conflict website, N.p., n.d. Web. 16 December 2012
- ↑ [2]. «Gariwo», article, «Azucena Villaflor: A Mother of the Plaza de Mayo». Accessed: May 4, 2015.
- ↑ Durham, Robert B. (2014). False Flags, Covert Operations, & Propaganda. lulu.com. p. 96. ISBN 978-1312462885.
- ↑ [3]. Los Angeles Times, article, "Argentines Remember a Mother Who Joined the 'Disappeared' ", 24 March 2006. Accessed: May 4, 2015.
- ↑ [4]. «comisionjuiciocampodemayo.wordpress.com», article, «Listado de condenados por delitos de lesa humanidad», March 19, 2012. Accessed: February 7, 2018.
- ↑ [5]. University of Denver, Case Specific Briefing Paper, «Mothers of the Plaza de Mayo: First Responders for Human Rights», 2011. Accessed: May 4, 2015.
- ↑ [6]. «The Oxford International Encyclopedia of Peace», Volume 2, «Early Christianity and Antimilitarism — Mass Violence and Trends», 2010. Accessed: May 4, 2015.
- ↑ DyN, EFE (news agencies). Las Madres de Plaza de Mayo realizaron la última Marcha de la Resistencia(недаступная спасылка). Clarin (26 студзеня 2006). Архівавана з першакрыніцы 3 сакавіка 2016. Праверана March 28, 2011.
- ↑ Bonafini anunció que las Madres harán la última Marcha de la Resistencia(недаступная спасылка). El Pais. Edant (14 студзеня 2006). Архівавана з першакрыніцы 3 сакавіка 2016. Праверана 1 сакавіка 2012.
Літаратура
правіць- Rita Arditti. Searching for Life: The Grandmothers of the Plaza De Mayo and the Disappeared Children of Argentina. — University of California Press, 1999. — 251 с. — ISBN 9780520215702.
- Marguerite Guzman Bouvard. Revolutionizing Motherhood: The Mothers of the Plaza de Mayo. — Rowman & Littlefield, 1994. — 278 с. — ISBN 9780842024877.
- Marguerite Feitlowitz. A Lexicon of Terror: Argentina and the Legacies of Torture. — Oxford University Press, 1998. — 302 с. — ISBN 9780195134162.
- Josephine Fisher. Mothers of the Disappeared. — South End Press, 1989. — 168 с. — ISBN 9780896083707.
- Teresa A. Meade. History of Modern Latin America: 1800 to the Present. — 2. — Chichester, West Sussex: Wiley-Blackwell, 2016. — 408 с. — ISBN 9781118772485.
- Matilde Mellibovsky. Circle of Love Over Death: Testimonies of the Mothers of the Plaza de Mayo / trans. by Matthew Proser, Maria A. Proser. — Curbstone Press, 1997. — 249 с. — ISBN 9781880684382.