Майшагала
Майшагола[1] або Мейшагола[2], таксама Мейшагала[3] і Майшагала (літ.: Maišiagala) — мястэчка ў Віленскім раёне Віленскага павета Літвы, на рацэ Муса (Муша). Адміністрацыйны цэнтр Майшагольскай сянюніі. Месціцца за 25 км на поўнач ад Вільні, каля аўтамабільнай дарогі Вільня — Панявеж.
Мястэчка
| ||||||||||||||||||||
Назва
правіцьНазва Майшагола — складанаўтвораная, другі складнік ад літоўскага galas «канец, край». Такога ж утварэння гістарычныя назвы Латгалія («край латаў»), Зямгалія («паўночны край»).
З утвораных такім шляхам літоўскіх тапонімаў Майшагола найбольш усходняя. Усе іншыя (Арогала і іншыя кшталту Betygala, Vandžiogala) утвораныя ад аднаасноўных імёнаў, як Arys, Betys, Vandys. У назве Майшагола першы складнік таксама ад імені, тыпу Maišys. У гэтым імені аснова Mai-, вядомая і з двухасноўных балцка-літоўскіх імёнаў (як Mai-dar’as, Mai-taut’as), і антрапанімічны суфікс -š- (як у адыменных назвах Рукшы, Вейшычы, ад Rukšis, Vaišis).
У гістарычных крыніцах старабеларускай мовай сустракаюцца напісанні: Моишокгола[4], Моишокгоила, Мойшагола, Мойшаголы[1].
Гісторыя
правіцьВялікае Княства Літоўскае
правіцьПершы меркаваны пісьмовы ўспамін пра Майшаголу, яшчэ ў часы да хросту Літвы, датуецца 1254 годам, тут быў драўляны княжацкі замак і «вясковы двор» (паводле падання).
Да 1365 года адносіцца першы дакладны ўспамін пра Майшаголу[2], калі крыжакі спалілі аднайменныя двор і замак. У 1377 годзе пасля адмовы ад стальцу на карысць свайго сына Ягайлы ў Майшаголе жыў і памёр у глыбокай старасці вялікі князь Альгерд; як сведчаць летапісныя крыніцы, тут ён быў пахаваны паводле паганскіх звычаяў.
У канцы XV стагоддзя вялікі князь Аляксандр фундаваў будаўніцтва касцёла Найсвяцейшай Тройцы, а Станіслаў і Шымон Багдановічы ў 1495 ахвяравалі сродкі на стварэнне ў ім алтара; алтар рабіў майстар «Пётр Алтарыста». У 1503 годзе вялікі князь Аляксандр надаў гораду прывілей на пэўныя вольнасці, пацверджаны 27 снежня 1571 года Жыгімонтам Аўгустам. У XVI стагоддзі дзяржаўцам майшагольскім быў староста гарадзенскі Юрай Мікалаевіч, князь Радзівіл; ён лічыўся таксама і «гараднічым майшагольскага двара яго каралеўскай міласці»[5].
У 1773—1775 гадах вальны сойм прыняў рашэнне пра перадачу Майшаголы і шэрагу іншых старостваў віленскаму біскупу Масальскаму ў абмен на Ляхавіцкае староства, якое мела на той час добра ўмацаваны замак. У 1789 годзе ў Майшаголе было 35 дымоў (каля 245 жыхароў[2]).
23 лютага 1792 года кароль Станіслаў Аўгуст надаў гораду прывілей на Магдэбургскае права і герб «у чорным полі выява святога Антонія»; гэтым прывілеем усе юрыдыкі ў Майшаголе скасоўваліся і падпарадкоўваліся магістрату, мяшчанам прадпісвалася збудаваць у месце ратуш, цагельню для паспалітых патрэбаў і гасціны двор для заезных купцоў[5].
У складзе Расійскай імперыі
правіцьУ 1795 годзе ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай была далучаная да складу Расійскай імперыі.
У канцы ХІХ стагоддзя ў мястэчку было 59 дамоў і 715 жыхароў.
Ужо ў пачатку XX стагоддзя, калі меркаваць паводле этнаграфічнай карты Яўхіма Карскага, на захадзе ад Майшаголы магла фіксавацца астраўная прысутнасць беларускай мовы, што сведчыла пра павольнае прасоўванне моўнай славянізацыі літоўскамоўнага насельніцтва і далей за Вільню.
У лістападзе—снежні 1905 года мясцовыя жыхары на час адсунулі ад кіравання прызначаную расійскую адміністрацыю, была абвешчана «Мейшагольская Рэспубліка», у гэтых падзеях удзельнічаў 20-гадовы беларускі рэвалюцыянер і палітык Алесь Бурбіс.
За часамі Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі.
Найноўшы час
правіць25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі[6]. Таксама на тэрыторыю прэтэндавала Літва. У студзені 1919 года тэрыторыя занята Чырвонай Арміяй, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У 1919—1920 гадах каля Майшаголы адбыліся баі паміж войскамі Літвы і Польшчы.
У 1920 годзе Майшагола была далучана да Сярэдняй Літвы праз паход Люцыяна Жалігоўскага, у 1922—1939 гадах у складзе Польскай Рэспублікі, сядзіба аднайменнай гміны. У беларускай гістарыяграфіі землі вядомы як Заходняя Беларусь.
У другой палове верасня 1939 года Майшагола занята Чырвонай Арміяй, 10 кастрычніка 1939 года паводле дагавора з СССР тэрыторыя Віленскай вобласці перададзена Літве. З 1940 года ў Літоўскай ССР.
З 1990 года ў складзе адноўленай незалежнай Літвы.
- Мястэчка на старых здымках
-
Вуліца каля касцёла, 1915—17 гг.
-
Касцёл, 1916 г.
-
Касцёл, 1917 г.
-
Інтэр’ер касцёла, 1915—18 гг.
Славутасці
правіць- Гарадзішча.
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1865).
- Могілкі: ваенныя германскія часоў Першай сусветнай вайны, яўрэйскія, каталіцкія, старыя каталіцкія.
- Сядзіба Гоўвальтаў.
Зноскі
- ↑ а б Спрогіс І. Географический словарь древней Жомойтской земли XVI столѣтия: составленный по 40 актовым книгам Россиенскаго земскаго суда Архивариусом Виленскаго Центральнаго Архива древних актовых книг - губерний Виленской, Ковенской, Гродненской и Минской. — 1888. — С. 25. — 390 с.
- ↑ а б в ЭнцВКЛ 2010.
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: Белкартаграфія. — Т. 3 / [рэд. В.Л. Насевіч]. — 352 с., іл. с. — ISBN 978-985-508-298-0. С. 80.
- ↑ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 166.
- ↑ а б Мейшагола // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: Белкартаграфія. — Т. 4 / [рэд. В.Л. Насевіч]. — 270 с., іл. с. — ISBN 978-985-508-476-2. С. 19.
Літаратура
правіць- Мейшагола // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — С. 347. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.
- Мейшагола // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- Mejszagoła // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba (польск.). — Warszawa, 1885. — S. 243—244.
- Мейшагола // Майшагала // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Майшагала
- м. Майшагала на Radzima.org
- Майшагала на сайце Электронная энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае»