Музыка Сярэдневякоўя
Тэрмін музыка Cярэднявечча ахоплівае перыяд у еўрапейскай гісторыі музыкі ад падзення Рымскай Імперыі (V стагоддзя) да пачатку XV стагоддзя, калі на змену прыйшла эпоха Адраджэння. Агульнымі рысамі гэтага перыяду з’яўляецца моцная сувязь з рэлігіяй, перавага аднагалосся, аскетызм, акапэльныя спевы і перавага мадальных ладоў. На эпоху Сярэднявечча прыпадае дзейнасць Гвіда д’Арэца, які першым прапанаваў сістэму сальмізацыі, што зрабіла дакладным запіс нот.
Крыніцы даследавання
правіцьЗвесткі пра сярэднявечную музыку грунтуюцца на яе рукапісах, якія захаваліся да нашага часу. Стварэнне музычных рукапісаў было дарагой справай як з-за дарагавізны пергаменту, так і працаёмкасць працэсу перапісвання, таму толькі багатыя інстытуцыі маглі сабе дазволіць стварэнне такіх манускрыптаў, у асноўным гэта былі цэрквы і манастыры. Гэтымі інстытуцыямі захоўваліся ўзоры як духоўнай, так і свецкай музыкі, аднак захаваныя рукапісы не адлюстроўваюць разнастайнасць папулярнай музыкі таго часу. Запісаная музыка пачатку эпохі выглядае аднагалоснай і рытмічна роўнай, г.зн. тэкст спяваецца ва ўнісон без інструментальнага суправаджэння.
Гісторыя
правіцьЕўропа
правіцьПаступова, хоць і павольна, узбагачаюцца змест музыкі, яе жанры, формы, сродкі выразнасці. У Заходняй Еўропе з VI-VII стагоддзяў. Складваецца строга рэгламентаваная сістэма аднагалоснай (манадычнай) царкоўнай музыкі на аснове дыятанічных ладаў (грыгарыянскі спеў, найбуйнейшымі прадстаўнікамі якога з’яўляюцца Ноткер і Туаціла), якая аб’ядноўвае рэчытацыю (псалмодыя) і спевы (гімны). На мяжы 1-га і 2-га тысячагоддзяў зараджаецца шматгалоссе. Фарміруюцца новыя вакальныя (харавыя) і вакальна-інструментальныя (хор і арган) жанры: арганум, матэт, кандукт, затым меса. У Францыі у XII стагоддзі ўтвараецца першая кампазітарская (творчая) школа пры Саборы Парыжскай Маці Божай (Леанін, Перацін). На мяжы Адраджэння (стыль ars nova у Францыі і Італіі, XIV стагоддзя) у прафесійнай музыцы аднагалоссе выцясняецца шматгалоссем, музыка пачынае патроху вызваляцца ад выключна практычнай функцыі (абслугоўванне царкоўных абрадаў), у ёй узмацняецца значэнне свецкіх жанраў, у тым ліку песенных (Гільём дэ Машо). Сярэднявечнай музыцы Еўропы прысвяцілі свае працы шматлікія музыкаведы (у тым ліку П'ер Абры).
Усходняя Еўропа і Азія
правіцьва Усходняй Еўропе і ў Арменіі развіваюцца свае музычныя культуры з самастойнымі сістэмамі ладаў, жанраў і формаў. У Візантыі, Балгарыі, Кіеўскай Русі, пазней Ноўгарадзе было расквіта культавы знаменны распеў, заснаваны на сістэме дыятанічных гласаў, які абмяжоўваўся толькі чыста вакальнымі жанрамі (трапары, стыхіры, гімны і інш.) і выкарыстоўваў адмысловую сістэму запісу нот (крукі).
У гэты ж час на Усходзе (Арабскі халіфат, краіны Сярэдняй Азіі, Іран, Індыя, Кітай, Японія) фарміруецца феадальная музычная культура новага тыпу. Яе прыкметы — шырокае распаўсюджанне свецкага прафесіяналізму (як прыдворнага, так і народнага), які набывае віртуозны характар, абмежаванне вусновай традыцыяй і манадычнымі (мелодыя без акампанементу) формамі, якія дасягаюць, аднак, высокай дасканаласці ў мелодыцы і рытміцы, стварэнне вельмі ўстойлівых нацыянальных і міжнацыянальных сістэм музычнага мыслення, якія аб’ядноўваюць у сабе строга вызначаныя віды ладаў, жанраў, інтанацыйных і кампазіцыйных структур (мугама, макамы, рагі і інш.).
Інструментарый
правіцьІнструменты, на якіх выконвалася сярэднявечная музыка захаваліся да нашых дзён, хоць і ў розных формах. Флейты вырабляліся пераважна з дрэва, а не металу (як зараз) і былі як падоўжнымі так і папярочнымі, падобнымі да сучасных блок-флейт. Папулярнымі былі пан-флейты, якія таксама вырабляліся з драўніны.
Распаўсюджаны былі шчыпковыя струнныя інструменты, такія як лютня, псалтэрыён, а таксама цымбалы, на якіх да XIV стагоддзя таксама ігралі зашчыпваннем струны і толькі пасля XIV стагоддзя, калі была вынайдзенай тэхналогія вытворчасці металічных струн, ударамі палачак.
Першым зафіксаваным ў Еўропе смычковым інструментам стала колавая ліра, якая патрапіла з Візантыі. Існавалі таксама струнныя інструменты без рэзаніруючага корпуса, падобныя да сучаснай арфы, існавалі таксама і раннія версіі скрыпак і трамбонаў.
Сістэмы натацыі
правіцьСярэднявечча з’яўляецца эпохай, калі сфарміраваліся сістэма натацыі і асновы музычнай тэорыі, якія ляглі ў аснову далейшага развіцця еўрапейскай музыкі.
З развіццём і ўскладненнем літургіі, а таксама з імкненнем Рыма цэнтралізаваць царкоўныя службы актуалізавалася і патрэбнасць у фіксацыі царкоўных песнапенняў з тым, каб не толькі палегчыць іх запамінанне[1], але і перадаваць на вялікія адлегласці[2]. Першым крокам да вырашэння гэтай праблемы стала ўвядзенне розных знакаў, якія запісваліся над тэкстам, гэтыя знакі называліся неўмамі, а натацыя стала называцца неўменнай.[3] Гэты тып натацыі пачаў выкарыстоўвацца ў 8-9 стагоддзях, а большасць даследчыкаў згаджаюцца, што іх бліжэйшыя папярэднікамі з’яўляюцца грэчаскія і раманскія граматычныя знакі, якія пазначалі важныя моманты дэкламацыі — уздым і спад у інтанацыі.[4] Такімі двума класічнымі знакамі былі actus, /, які адлюстроўваў павышэнне інтанацыі і gravis, \, якія абазначаў паніжэнне. Аднак неўменная натацыя не паказвала абсалютнай гукавышыннасці, а таксама не адлюстроўвала і рытмічныя працягласці.[5]
Важную ролю ў рэфармаванні натацыі адыграў Гвіда д’Арэца (першая палова XI стагоддзя), які ўвёў сістэму сальмізацыі, 4-х лінейны нотны стан з літарным пазначэннем вышыні гуку на кожнай лініі, і ключ. Гэты спосаб атрымаў назву харальнай натацыі, якая выкарыстоўвалася для запісу грыгарыянскіх харалаў. Нарэшце з XIII стагоддзя харальная натацыю выцясняе мензуральная, якая дазваляла фіксаваць не толькі вышыню, але і працягласць гукаў. Сярод першых яе стваральнікаў — Іаан дэ Гарландзія , Франка Кёльнскі , Вальтэр Одзінгтан, Еранім Мараўскі . На Русі ў гэты час атрымаў распаўсюджанне знаменны распеў, які запісваўся з дапамогай безлінейных знакаў — «знамён» (сцягоў) або «крукоў».
Зноскі
- ↑ Albert Seay, Music in the Medieval World (Englewood Cliffs: Prentice-Hall, 1965), 40.
- ↑ Albert Seay, Music in the Medieval World (Englewood Cliffs: Prentice-Hall, 1965), 41.
- ↑ Richard H. Hoppin, Medieval Music (New York: Norton & Company, 1978) 57.
- ↑ Carl Parrish, The Notation of Medieval Music (London: Faber & Faber Limited, 1958) 4.
- ↑ Richard H. Hoppin, Medieval Music (New York: Norton & Company, 1978), 89.