Мікалай Мікітавіч Пушкар

беларускі мастак
(Пасля перасылкі з М. М. Пушкар)

Мікалай Мікітавіч Пушкар (8 мая 1919, г.п. Барысаўка, Белгародская вобласць — 29 снежня 1993) — беларускі мастак, скульптар-кераміст. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1990), член Беларускага саюза мастакоў (1969).

Мікалай Мікітавіч Пушкар
Дата нараджэння 8 мая 1919(1919-05-08)
Месца нараджэння
Дата смерці 29 снежня 1993(1993-12-29) (74 гады)
Грамадзянства  Беларусь
Род дзейнасці мастак, скульптар, кераміст
Жанр скульптура і кераміка
Вучоба
Уплыў Антон Сямёнавіч Макаранка і Максім Горкі
Член у
Узнагароды
ордэн Айчыннай вайны II ступені
Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР

Біяграфічныя звесткі правіць

Нарадзіўся ў 1919 годзе ў сям’і іканапісцаў у Расіі, на Белгарадчыне, у пасёлку Барысаўка. З маленства, застаўшыся без бацькоў, рос у дзіцячай калоніі імя М. Горкага — ёй кіраваў вядомы педагог, пісьменнік Антон Макаранка. Там і выявіліся здольнасці да малявання, у 1932 годзе таленавіты юнак па хадайніцтве Максіма Горкага быў залічаны на вучобу ў Харкаўскае мастацкае вучылішча. Паспяхова скончыў яго ў 1937 годзе.

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны сустрэў у Чырвонай арміі, танкістам. У жніўні 1941 года яго танкавы полк быў разгромлены, цяжка паранены воін апынуўся ў нямецкім палоне. Амаль чатыры гады знаходзіўся ў нямецкім канцлагеры Гамерштэйн. Пасля вызвалення савецкімі войскамі ў 1945 годзе трапіў у зняволенне ўжо ў савецкіх лагерах. Толькі ў 1954 годзе Мікалай Пушкар выйшаў на волю і быў цалкам рэабілітаваны.

Працаваў скульптарам у Карагандзе, затым у Калінінградзе — там і спаткаў сваю жонку Ганну Міхайлаўну, ураджэнку Мазыра, куды яны і пераехалі разам на сталае жыццё.

Творчасць правіць

Працаваў галоўным мастаком на Мазырскім заводзе меліярацыйных машын і адначасова ствараў мастацкія творы. Наведваў аддаленыя палескія вёскі, знаёміўся з іх жыхарамі, простымі сялянамі, іхнім побытам, фальклорам. Мікалай Пушкар стварыў з гліны цэлую галерэю вобразаў мясцовых жыхароў-палешукоў. Моцных людзей, якія не пасуюць перад цяжкасцямі, аптымістаў, шчырых сэрцам, з працавітымі рукамі ды мяккім беларускім гумарам[1].

Яго работы выкананы ў мяккіх акруглых формах, з натуральных матэрыялаў (пераважна шамот, тэракота), вызначаюцца лірычнасцю, выразным псіхалагізмам, добрым веданнем народных традыцый, часта гумарыстычнай трактоўкай сюжэтаў і персанажаў. Сярод твораў: «Беларуская бульба», «Браткі-беларусы» (абодва 1966), «Мы з табою, як рыбка з вадою», «Дамашняя баталія» (абодва 1975), «Паляшук-пясняр» (1976), «Дударыкі-дудары» (1978), «Кум і кума» (1979), «Палескія напевы» (1980), «Мой родны кут» (1981), «Сон палешука» (1982), «Гарманіст», «Музыка» (абодва 1983), «Несцерка» (1984), «Сямейны хор» (1985) і інш[2].

Мікалай Пушкар як скульптар прымаў удзел і ў стварэнні ў Мазыры мемарыяльнага комплексу «Курган Славы» — ён прысвечаны воінам і партызанам, што загінулі ў баях за вызваленне горада ад фашыстаў. На грамадскіх пачатках Пушкар стварыў на мясцовай фабрыцы мастацкіх вырабаў цэх керамікі, дзе навучаў усіх жадаючых, як ляпіць з гліны, як яе абпальваць.

Мікалай Пушкар быў прыняты ў Саюз мастакоў Беларусі, Саюз мастакоў СССР, атрымаў званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР». Яго работы пабывалі на шматлікіх выстаўках у гарадах Беларусі і былога СССР, а таксама ў Канадзе, Японіі, Польшчы, Венгрыі, Румыніі. Частка работ цяпер зберагаецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.

Зноскі

  1. Мазырскі бераг майстра
  2. Я. М. Сахута. Пушкар Мікалай Мікітавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).

Літаратура правіць

Спасылкі правіць