Выяўленчае мастацтва Беларусі

Выяўленчае мастацтва Беларусі разнастайнае па стылях, напрамках і жанрах. Самыя цікавыя творы беларускага жывапісу і скульптуры розных эпох можна ўбачыць у мастацкіх музеях краіны.

Буйнейшы збор твораў мастацтва мае Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Ён актыўна прапагандуе нацыянальнае мастацтва. Тут пастаянна праходзяць выставы твораў беларускіх мастакоў.

Цікавыя калекцыі твораў беларускага мастацтва ў Віцебскім абласным мастацкім музеі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі, Полацкай мастацкай галерэі.

У многіх раённых цэнтрах Беларусі ёсць мастацкія галерэі, дзе можна ўбачыць работы мясцовых мастакоў.

Графіка

правіць
 
Францыск Скарына

У Беларусі графіка вядома з XI-XII ст. , калі гравюрамі аздабляліся рэлігійныя рукапісныя кнігі (Аршанскае Евангелле, Полацкае Евангелле, Тураўскае Евангелле і інш.). У сувязі з пачаткам і пашырэннем кнігавыдавецкай справы (дзейнасць Ф. Скарыны і яго паслядоўнікаў) узнікла друкаваная графіка. У XVII-XVIII ст. пашырыўся дыяпазон графікі ў кніжным мастацтве Беларусі.

 
Менск, Траецкая гара, Язэп Драздовіч, 1919

З XIX ст. графіка пачала выкарыстоўвацца ў газетна-часопісных выданнях. У першай трэці XX ст. хутка і плённа развіваліся выдавецкая (яе вядомыя прадстаўнікі — Я. Драздовіч, А. Ахола-Вало, М. Філіповіч, Б. Малкін і інш.) і станковая графіка (А. Астаповіч, Я. Мінін, З. Гарбавец і інш.). У 1927 г. лепшыя ўзоры беларускай кніжнай графікі былі паказаны на міжнароднай выстаўцы ў Лейпцыгу. З 1930-х гг. мастацтва графікі знаходзілася ў заняпадзе.

У 1960-1970-я гг. майстры беларускай графікі (А. Кашкурэвіч, В. Шаранговіч, Г. Паплаўскі, Я. Кулік, М. Купава, У. і М. Басалыгі) зацікавіліся традыцыямі народнага мастацтва, пачалі ўдзяляць больш увагі гісторыка-культурнай спадчыне беларускага народа. У 1980-1990-я г. найбольшых поспехаў беларуская графіка дасягнула ў афармленні кніг для дзяцей і юнацтва (В. Славук, М. Селяшчук, У. Савіч, М. Рыжы, Т. Беразенская і інш.).

У XXI стагоддзі беларускую графіку паспяхова прадстаўляюць такія маладыя мастакі, як Юрый Якавенка, Павел Татарнікаў, Раман Сустаў, Андрэй Ярашэвіч, Тамара Шэлест і іншыя творцы.

Жывапіс

правіць

На Беларусі жывапіс як самастойны від мастацтва пачаў фарміравацца ў XI—XII ст. Развіваўся пад значным уплывам візантыйскага выяўленчага мастацтва (фрэскі Полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царквы і інш.).

Манументальнага жывапісу перыяду феадалізму захавалася вельмі мала, але з архіўных і літаратурных крыніц вядома, што многія палацы і храмы гэтага перыяду былі ўпрыгожаны фрэскавымі роспісамі, напрыклад, княжацкія палацы ў Вільні, Троках, Полацку, Гродне, Віцебску; цэрквы ў Мураванцы, Сынкавічах, Супраслі, касцёл у Ішкалдзі, сцены, скляпенні і слупы якога былі ўпрыгожаны фігурамі розных святых асоб, арнаментам[1].

 
Святы Георгій. Фрэска з Дабравешчанскай царквы ў Супраслі
 
Роспісы люблінскай капліцы Св. Тройцы

У той жа час захаваліся многія створаныя беларускімі майстрамі фрэскі ў збудаваннях, якія ў наш час апынуліся на тэрыторыі Польшчы. У першыя гады кіравання Ягайлы ў Польскае каралеўства былі запрошаны майстры з рускіх земляў. Так, напрыклад, з Вільні Ягайла прывёз 11 рускіх майстроў, а паводле падання яго прыдворным жывапісцам быў Якуб Венджык з Беларусі. Польскі гісторык Ян Длугаш пісаў, што кароль Уладзіслаў перад лацінскай мовай і мастацтвам аддаваў перавагу рускай[1]. Візантыйская традыцыя XV—XVI ст. прадстаўлена цыкламі размалёвак у храмах на тэрыторыі сучаснай усходняй Польшчы: касцёла-калегіяты ў Вісліцы (1430-я г.), капліцы Св. Тройцы ў Люблінскім замку (1418), касцёлаў у Сандаміры (1430-я г.), Дабравешчанскай царквы Супрасля (мастак Нектарый Сербін, 1557[2]). Гэтыя ансамблі адрозніваюцца ад рамана-гатычных помнікаў наяўнасцю поўнага комплексу фрэсак, якія пакрываюць, паводле візантыйскага канона, скляпенні і сцены храмаў[3].

Беларускі манументальны жывапіс XIVXVI стст. з’яўляецца натуральным працягам традыцый жывапісу Кіеўскай Русі і захоўвае рысы візантыйскага мастацтва: манументальнасць, вытанчаны каларыт, гарманічныя прапорцыі і дакладны малюнак. Але разам з гэтым напрамкам шырокае развіццё атрымлівае жывапіс, цесна звязаны з дэмакратычнымі мастацкімі ідэаламі, створаны пад непасрэдным уздзеяннем фальклорна-паэтычных уяўленняў аб прыгажосці[1].

Агульным для мастацтва гэтага перыяду з’яўляецца ідэйна-вобразны пачатак, дзе галоўнае месца належыць духоўнамі свету чалавека, што аказвае ўплыў на эвалюцыю і самой мастацкай мовы, якая становіцца больш даходлівай. Узмацняецца экпрэсія, нарастае драматызм. Вобразы святых падзяляюцца рэалістычнымі, нярэдка масцовымі рысамі, высокімі маральна-этычнымі якасцямі[1].

У XVI—XVIII ст. меў месца росквіт партрэтнага жанру (напр., партрэты князёў, мітрапалітаў і інш.). На працягу XVIII—XIX ст. у беларускім жывапісе праявіліся рысы класіцызму, рэалізму, рамантызму (творы І. Аляшкевіча, В. Ваньковіча, Я. Дамеля, Я. Сухадольскага). Патрыятычныя ідэі, сацыяльныя матывы адлюстраваліся ў блізкай да рэалізму творчасці К. Альхімовіча (карціны «На этапе», «Пахаванне Гедзіміна»), Н. Сілівановіча («Салдат з хлопчыкам»), Я. Сухадольскага («Бітва пры Грунвальдзе») і інш. У пачатку XX ст. творчасць М. Шагала і К. Малевіча паклала пачатак мастацтву авангарда ў Віцебску. Традыцыі нацыянальнай гісторыі і культуры знайшлі адлюстраванне ў творчасці Я. Драздовіча, М. Філіповіча, П. Сергіевіча, М. Сеўрука і інш. На працягу 195080-х гадоў галоўную тэматычную лінію беларускага жывапісу складала асэнсаванне сутнасці і наступстваў былой вайны (партызанскі цыкл і серыя «Лічбы на сэрцы» М. Савіцкага, «3 ліпеня 1944 года» В. Волкава, «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» І. Ахрэмчыка, «Партызаны ў разведцы» Я. Ціхановіча і інш.). З 1960-х гадоў у жывапісе пераважалі абагульненасць форм, сімвалічнасць і манументальнасць вобразаў, т.зв. «суровы стыль» (творы М. Савіцкага, У. Стальмашонка, Г. Вашчанкі, В. Ткачова і інш.). Важнае месца ў жывапісе займала тэма духоўнай і гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі («Кастусь Каліноўскі» А. Гугеля і Р. Кудрэвіч, творы Л. Шчамялёва, А. Марачкіна, Г. Вашчанкі і інш.) У 1970—1990-я гады ў жывапісе актывізаваліся творчыя пошукі, эксперыменты мастакоў, пашырыўся абстрактна-асацыятыўны метад, узмацнілася мастацкая экспрэсія (творы А. Ксёндзава, В. Альшэўскага, Фелікса Янушкевіч, Р. Заслонава, А. Задорына і інш.), ускладнілася выяўленчая мова манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Сучасны беларускі жывапіс прадстаўлены такімі персаналіямі, як Ганна Сілівончык, Васіль Пяшкун, Альгерд Малішэўскі, Раіса Сіплевіч, Андрэй Савіч і інш.

Акварэль

правіць
 
Рыначная плошча Віцебска на акварэлі Ю. Пешкі, XIX ст.

Ёсць меркаванне, што на тэрыторыі Беларусі акварэль выкарыстоўвалася з XV ст. у мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу[4], у XVII-XVIII ст. — для расфарбоўкі гравюр (напр., ілюстрацыі да «Брашна духоўнага», 1639, Куцеінская друкарня) і стварэння эскізаў арнаментаваных кампазіцый слуцкіх паясоў[4].

З 18 ст. набылі шырокую вядомасць акварэльныя выявы помнікаў беларускага дойлідства, выкананыя Ф. Смуглевічам, М. Львовым, М. Івановым. У XIX — пач. XX ст. у тэхніцы акварэлі малявалі жанравыя сцэны і пейзажы Л. Альпяровіч, С. Богуш-Сестранцэвіч, Г. Вейсенгоф, Я. Дамель, К. Кастравіцкі (Карусь Каганец), М. Кулеша[5], Н. Орда, Ю. Пешка, Ф. Рушчыц. У 1920-1930-я гады акварэль актыўна выкарыстоўвалі А. Астаповіч. В. Волкаў, У. Кудрэвіч, М. Лебедзева, Л. Леятман, М. Малевіч, М. Сеўрук, М. Філіповіч, Н. Галоўчанка і інш. У гады Вялікай Айчыннай вайны сродкі акварэлі вельмі шырока выкарыстоўвалі мастакі, якія малявалі карыкатуры і плакаты. У 1950-1960-я значна пашырыліся выяўленчыя прыёмы, тэхніка акварэлі, а з гэтым уславіліся творы В. Цвіркі, У. Стальмашонка, Л. Марчанкі, А. Паслядовіч, В. Паўлаўца, Т. Вашчанкі, I. Пратасені і іншых[6].

Іканапіс

правіць
 
Ілья, 1668

Беларуская іканапісная школа — адзін з унікальных складнікаў сусветнай мастацкай культуры. Працэс яе станаўлення і росквіту ў сваёй самабытнасці расцягваецца на некалькі стагоддзяў[7].

Скульптура ў Беларусі

правіць
 
Абразок з выявай Канстанціна і Алены, Полацк

На тэрыторыі Беларусі найбольш раннія помнікі скульптуры, знойдзеныя пры раскопках на стаянцы Асавец і звязаныя з культам продкаў, адносяцца да каменнага веку. У пачатку X ст. былі створаны мініяцюрныя касцяныя фігуркі птушак і жывёл, а таксама шклоўскі ідал. У XII-XIII ст. былі зроблены знойдзеныя ў Полацку, Мінску, Тураве, Пінску каменныя і шыферныя абразкі з рэльефнымі выявамі святых.

У наступныя стагоддзі творы скульптуры вызначаліся манументальнай трактоўкай формы, выцягнутымі прапорцыямі фігур. Шмат майстроў-разбяроў — выхадцаў з Беларусі — у XVII ст. працавала ў Расійскай дзяржаве, дзе яны аздаблялі палацы і храмы высокамастацкай разьбой па дрэве. Захавалася нямала ўзораў культавай скульптуры стылю барока XVII-XVIII ст. у касцёлах і уніяцкіх храмах Беларусі. У XVII-XVIII ст. узнікла свецкая скульптура (бюсты магнатаў, гістарычных дзеячаў). 3 канца XVIII ст. пачаў развівацца класіцызм (рысы якога заўважаюцца ў творчасці К. Ельскага), пазней рэалізм (В. Смакоўскі, Р. Слізень). Рысы мадэрнізму ўласцівы творам Я. Тышынскага, І. Багушэўскага, В. Бубноўскага і інш. У савецкі перыяд скульптары стваралі партрэты, помнікі дзеячам рэвалюцыйнага руху, гісторыі і культуры, партыйным кіраўнікам, партызанам і інш. У манументальнай скульптуры вылучаюцца шматфігурныя гарэльефы для Манументу Перамогі ў Мінску (З. Азгур, А. Бембель, А. Глебаў, С. Селіханаў), рэльефы на Кургане Славы, у комплексах Брэсцкая крэпасць-герой (А. Бембель, А. Кібальнікаў), Хатынь (С. Селіханаў). У Мінску створаны помнікі Я. Купалу (А. Анікейчык, Л. Гумілеўскі, А. 3аспіцкі), Я. Коласу (З. Азгур), а ў Полацку — Ф. Скарыне (А. Глебаў) і інш.

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва

правіць

Фатаграфія

правіць

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. а б в г Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI ст. ; [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) [і інш.] ; рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1987. — 303 с. : іл.
  2. Сербін Нектарый // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 345. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
  3. Манументальны жывапіс у ВКЛ // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
  4. а б Лазука, Барыс Андрэевіч. Слуцкія паясы і еўрапейскі тэкстыль XVIII стагоддзя. Малы лексікон / Б. А. Лазука; [фота: Б. А. Лазука, М. П. Мельнікаў]. ― Мінск : Беларусь, 2015. — 170, [2] с. : каляр. іл., партр. ; 30 см. Фактычная дата выхаду ў свет ― 2014. ― Бібліяграфія: с. 170―171.
  5. Лідскі замак у мастацтве: Міхал Кулеша
  6. Герасіменя В. Акварэль // Малая краязнаўчая энцыклапедыя / Ганцавіцкі раённы краязнаўча-інфармацыйны партал — Эл.рэсурс gants-region.info
  7. ПРОДОЛЖЕНИЕ НАРОДНЫХ ТРАДИЦИЙ БЕЛОРУССКОЙ ИКОНОПИСИ В ЖИВОПИСИ XX ВЕКА. (На примере произведений М. З. Шагала) (руск.)

Літаратура

правіць
  • Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. — Мінск: Навука і тэхніка, 1987—1990.
  • Дробаў, Л. М. Беларускія мастакі XIX стагоддзя / Л. М. Дробаў. — Мінск: Беларусь, 1971. — 112 с.
  • Харэўскі, С. В. Гісторыя мастацтва і дойлідства Беларусі / С. В. Харэўскі. — Вільня: ЕГУ, 2007. — 240 с.

Спасылкі

правіць