Свята-Міхайлаўская царква (Сынкавічы)

(Пасля перасылкі з Сынковіцкая царква-крэпасць)

Царква Святога Архангела Міхаіла (Міхайлаўская царква) — царква ў вёсцы Сынкавічы, адзін з самых ранніх гатычных праваслаўных храмаў Беларусі.

Славутасць
Царква Святога Міхаіла
Міхайлаўская царква ў Сынкавічах
Міхайлаўская царква ў Сынкавічах
53°07′23,20″ пн. ш. 25°09′25,10″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Сынкавічы
Канфесія Беларуская праваслаўная царква
Епархія Гродзенская і Ваўкавыская епархія
Благачынне Зэльвенскае
Архітэктурны стыль гатычная архітэктура і беларуская готыка
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 410Г000282шыфр 410Г000282
Матэрыял цэгла
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Размяшчэнне

правіць

Царква знаходзіцца на паўночным ускрайку Сынкавіч Зэльвенскага раёна Рэспублікі Беларусь, за 15 км на захад ад Слоніма.

Гісторыя

правіць
 
Свята-Міхайлаўская царква

На фасадзе выяўлены літары, выкладзеныя перапаленай цэглай, якой славяне раней пазначалі лічбы. Гэтыя надпісы можна трактаваць як 320, што некаторыя лічаць за 1320 год[1].

 
Рэканструкцыя фасада Сынкавіцкай царквы-крэпасці паводле Генадзя Лаўрэцкага.

Ёсць таксама паданне, што Сынковіцкую царкву заснаваў вялікі князь Вітаўт у падзяку за ўратаванне ў мясцовых лясах ад пагоні караля Ягайлы. Аднак сучасныя мастацтвазнаўцы і гісторыкі архітэктуры сыходзяцца ў меркаванні, што храм пабудаваны ў пачатку XVI стагоддзя, магчыма на сродкі вялікага гетмана літоўскага Канстанціна Астрожскага, фундатара падобных Траецкай і Прачысценскай цэркваў у Вільні.

Пасля абвяшчэння ў 1596 годзе Берасцейскай царкоўнай уніі больш за два стагоддзі царква была ўніяцкай.

У 1880—1881 гадах па праекце інжынера Івана Трубнікава храм рэканструяваны: заменены дах, пабудаваны прытвор і купал над апсідай, разабраны купал над цэнтральнай часткай храма[2].

У 1891 годзе перад храмам узведзена бутава-цагляная двух’ярусная чатырохгранная званіца, адноўленая ў 2007 годзе.

У 1926 годзе царква зноў стала цэнтрам уніяцкай парафіі, якой пэўны час апекаваліся святары з езуіцкай місіі ў Альбярціне (Слонім). Сярод яе душпастыраў тады быў а. Антон Неманцэвіч, які пазней стаў экзархам Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі, які зрабіў рамонт храму. Зноў адкрыта як праваслаўная ў 1988—1990 гадах.

У 2011 годзе на паўднёвай сцяне храма пад слаямі фарбы і тынкоўкі былі знойдзены старажытныя графіці, якія ўтрымліваюць цытату з Евангелля на старажытнагрэчаскай мове[1].

Архітэктура

правіць
 
Свята-Міхайлаўская царква на паштовай марцы
 
Царква Святога Міхаіла

У плане ўяўляе сабой крыху перакошаны чатырохвугольнік памерам 17,5х13 м з трохнефавым чляненнем. Усе нефы маюць амаль аднолькавую шырыню — 4 м. Таўшчыня сцен дасягае 1,5 м. Высокі двухсхільны дах надае будынку стройнасць і лёгкасць. Чатыры вежы, размешчаныя па вуглах, адрозніваюцца памерамі і архітэктурнымі формамі. Дзве заходнія вежы стаяць на квадратных фундаментах, з трох бакоў іх падтрымліваюць контрфорсы. Верхняя частка веж — васьміграннік з трыма ярусамі байніц. Дзве ўсходнія вежы маюць цыліндрычную форму, тут таксама ёсць байніцы. У вежах знаходзяцца лесвіцы, якія некалі вялі да байніц, размешчаных у франтоне. Верхняя частка сцен, акрамя ўсходняй, ахоплена магутнай аркатурай, якая трымаецца на ступеньчатых убудаваных кранштэйнах. У прамежках паміж аркамі знаходзяцца акруглыя байніцы, над імі зроблены назіральныя адтуліны. Гэта дазваляла абаронцам храма сачыць за дзеяннямі праціўніка і весці агонь на большыя адлегласці. Байніцы былі зроблены ў першую чаргу для абароны. Акрамя таго, яны з’яўляюцца важным элементам і сродкам упрыгожвання храма. Асабліва ўмацавана заходняя сцяна царквы. У шчыце франтона зроблены байніцы. У верхняй частцы выкарыстаны «ліхтарык» — своеасаблівы і рэдкі архітэктурны элемент, які выконваў ролю назіральнага пункта.

У архітэктуры выяўляюцца рысы раманскага і гатычнага стыляў. У шчыце франтона неглыбокія, розныя па форме і памерах атынкаваныя і пабеленыя нішы. Яны здымаюць уражанне цяжкаватасці і масіўнасці, надаюць будынку яркасць і лёгкасць. На ўсходніх вежах і алтарных апсідах прыблізна на вышыні 3 м знаходзіцца дэкаратыўны паясок у выглядзе плоскай рэльефнай аркатуры з паўцыркульных арак раманскага тыпу, якія абапіраюцца на маленькія кранштэйны. Гэта ўпрыгажэнне арганічна спалучаецца з арачным поясам байніц. Высокі конусападобны дах над алтарнымі апсідамі адпавядае форме ўсходняга франтона. Выразнымі элементамі готыкі з’яўляюцца стральчатыя аркі аконных праёмаў з жалезнай агароджай, зорчатыя скляпенні правай апсіды храма і высокі двухсхільны дах.

Невялікая перакошанасць плана будынка, некаторая скрыўленасць восі апсід у адносінах да нефаў даюць падставы меркаваць, што храм узводзілі мясцовыя майстры, якія выкарыстоўвалі для разбіўкі плана простыя, не вельмі дакладныя вымяральныя інструменты.

 
Скляпенні царквы

У дакуменце 1760 года паведамлялася, што царква была закладзена ў перыяд кіравання каралевы Боны, паміж 1518 і 1556 годам. У «Акце візітацыі сынковіцкага храма за 1760 г.» адзначана, што пасярэдзіне даху царквы знаходзіўся вежападобны купал з жалезным крыжам. Купал існаваў да канца XVIII ст. і знік, імаверна, падчас аднаго з рамонтаў. Ёсць звесткі, што ў кожнай вуглавой вежы быў склеп. У 1760 годзе ўжо існаваў мураваны бабінец.

Інтэр’ер

правіць

У інтэр’еры чатыры васьмігранныя слупы падзяляюць прастору храма на нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі з нервюрамі. Цэнтральная і паўночная апсіды перакрыты крыжовымі, паўднёвая — зорчатымі скляпеннямі. Сцены атынкаваны і расчлянёны прамавугольнымі лапаткамі, аб’яднанымі з слупамі падпружнымі аркамі. Унутры веж вітыя ўсходы, што злучаюць залу з паддашкам, на якім размяшчаўся абарончы ярус царквы. Абраз 1-й чвэрці 19 ст. «Святыя Касма і Даміян». Пастаўлены ў 1-ярусны іканастас.

Перад храмам бутава-цагляная двух’ярусная чатырохгранная званіца, завершаная шатровым дахам.

Зноскі

  1. а б Ірына ПРЫМАК, Аляксандр ЧАРНУХА. Як рэстаўрацыя “састарыла” царкву.. — Народная газета. Архівавана 1 жніўня 2012.
  2. Кулагин А. Н. Гродненские зодчие XIX — начала XX веков (новые архивные изыскания). // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 24. — Мінск, «Права і эканоміка». — 2018. — С. 79

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць